Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСПАЧАЎСЯ ВІЗЫТ НА БЕЛАРУСЬ РАСЕЙСКАГА ПАТРЫЯРХА


Алег Супрунюк, Берасьце

Паводле афiцыйнай вэрсii, сёлетнi вiзыт Алексiя II на Беларусь прымеркаваны да 60-х угодкаў нападу фашыстоўскай Нямеччыны на Савецкi Саюз i да 15-х угодкаў аварыi на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыi. Таму маршрут вiзыту маскоўскага патрыярха быў распрацаваны такiм чынам, каб кiраўнiк праваслаўнай царквы наведаў прыходы ў Берасьцейскай ды Гомельскай вабласьцях.

Варта нагадаць, што гэтыя беларускiя рэгiёны непасрэдна мяжуюць з тэрыторыяй Украiны, куды таксама сёньня прыбыў Папа Рымскi Ян Павал II. У Берасьцейскай праваслаўнай эпархii лiчаць падобнае супадзеньне выпадковым, а не наўмысным. Там сьцьвярджаюць, што аб сваiм жаданьнi зноў прыехаць у Берасьце i асьвяцiць Сьвята-Уваскрасенскi храм у гонар палеглых вайскоўцаў Алексiй II заявiў яшчэ ў 1995-м годзе, калi ўпершыню наведаў гэты горад. I не ягоная, маўляў, вiна, што Сьвята-Уваскрасенскi храм з-за фiнансавых прычынаў ня быў пабудаваны своечасова, i вiзыт адбываецца толькi зараз.

Тым ня менш, журналiстаў, што сустракалi патрыярха ў берасьцейскiм аэрапорце, цiкавiла менавiта ягонае стаўленьне да вiзыту кiраўнiка рымска-каталiцкай царквы на Ўкраiну. Вось што адказаў Алексiй II:

(Алексiй II:) «Мы спадзяемся, што ён не прынясе злоснасьці, узмацненьня непрыязнасьці, канфрантацыі. Але ж папярэджвалі нашыя герархі ў асобе мітрапаліта Ўладзіміра, які зьвярнуўся да Папы зь лістом ад імя ўсяго эпіскапату кананічнай Украінскай праваслаўнай царквы адкласьці візыт. Мы будзем сачыць, як будзе праходзіць гэты візыт. Не хацелася б, каб ён канчаткова зачыніў шлях для паляпшэньня нашых адносінаў. Але гэта можа здарыцца».

Што да непасрэдна вiзыту Алексія II на Беларусь, дык у першы дзень у берасьцейскiм Сьвята-Сiмяёнаўcкiм катэдральным саборы ён асьвяцiў стаўратэку для адноўленага Крыжа Эўфрасiньнi Полацкай i правёў багаслужбу ў Сьвята-Мiкалаеўскай царкве. На заўтра заплянаванае асьвячэньне патрыярхам Сьвята-Уваскрасенскага храма i сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам.
XS
SM
MD
LG