Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УІК-ЭНД У КАЎНАСЕ


Уладзімер Арлоў

З таго дня, як воляю Сталiна Вiльня апынулася па-за межамi Беларусi, рака Вiлiя, цi лепей па-наску — Вяльля, магла б ужо наталiць смагу ўсiх марсiянскiх пустыняў. Але, не ўважаючы на ўсе намаганьнi новых гаспадароў Вiльнi, колiшняя сталiца Вялiкага Княства нi ў савецкай Лiтве, нi пасьля аднаўленьня незалежнасьцi так i ня стала лiтоўскай.

Гэта проста немагчыма для гораду, заснаванага крывiчамi. Для гораду, дзе працаваў друкарскi варштат Скарыны i выходзiла "Наша Нiва". Дзе быў Беларускi музэй, i пiсаў свае змрочныя камэдыi й аптымiстычныя драмы Францiшак Аляхновiч...

Вiльня нiколi ня будзе лiтоўскiм горадам. А таму, калi вы вырашылi прысьвяцiць свой уiк-энд падарожжу ў Лiтву, Вiльню трэба праехаць транзытам, мiмаходзь адзначыўшы, што яна, Вiльня, блiжэйшая да Менску за любы абласны цэнтар Беларусi.

Вам, напэўна, таксама даводзiлася чуць, што, маўляў, Кiеў, — сталiца Ўкраiны, а Львоў — сталiца ўкраiнцаў. Пры ўсёй адрознасьцi гiстарычнага й палiтычнага кантэкстаў штосьцi падобнае можна сказаць i пра Вiльню з Каўнасам. Пагатоў больш за два дзесяцiгодзьдзi, да той самай сталiнскай рэзалюцыi, Каўнасу пашчасьцiла быць сталiцаю ня толькi лiтоўцаў, але й Лiтоўскай Рэспублiкi.

На аўтобусе цi аўтамабiлi дарога ад Вiльнi да Каўнаса займае нейкую гадзiну. Але за гэты час вы заўважыце, што разам зь ляндшафтам неўпрыкмет зьмянiлася й сама аўра навакольля. Вы адчуеце халаднаватае, але моцнае й упэўненае дыханьне iншага мэнталiтэту, iншае, ужо не славянскае краiны.

Адрозна ад Вiльнi, у Каўнасе вашую беларускую мову анiхто не зразумее, аднак, калi пасьля кароткага экспэрымэнту вы пяройдзеце на расейскую, то не пачуеце анiякае насьцярожанасьцi, як, зрэшты, i анiякае прыязнасьцi.

Усьлед за дзяжурнай ветлiвай усьмешкаю вы атрымаеце падрабязнае тлумачэньне, як знайсьцi рэкамэндаваны вам гатэль "Lietuva". Высьветлiцца, што гатэль зусiм блiзка ад Лайсвэс алеi або, у перакладзе, алеi Свабоды, на якой вы ў гэты момант стаiце, з прыемнасьцю адзначаючы, што за дзесяць гадоў, як вы былi тут апошнi раз, цэнтральная каўнаская вулiца зьмянiлася толькi да лепшага.

Вашае вока вандроўнiка адзначыць новыя дагледжаныя лiхтарнi, дзясяткi новых кавярняў, пiўных бараў, крамак i крамаў з цалкам эўрапейскiмi вiтрынамi.

А вось чаго не зьявiлася, то гэта нейкага прыкметнага мэмарыяльнага знаку на тым месцы, дзе на пачатку 1970-х гадоў на знак пратэсту супраць савецкай акупацыi вырашыў скончыць самагубствам сваё маладое жыцьцё каўнаскi юнак Ромас Калантá. Калi вы бывалi ў Празе, то адразу ўспомнiце кветкi й сьвечкi паблiзу помнiка сьвятому Вацлаву, дзе таксама самахоць i з тае ж прычыны разьвiталiся з жыцьцём чэхi Ян Палах i Ян Заiц. Гэтая згадка, магчыма, прымусiць вас задумацца пра таямнiцы славянскае й балцкае душы.

Ваш гатэль знойдзецца на бакавой вулачцы за сотню крокаў ад Лайсвэс алеi, i на ягоным фасадзе вы ўбачыце, вiдаць, адзiнае ацалелае на каўнаскiх шыльдах расейскае слова "Гостиница". Ад яго, як i ад велiзарнага прыцемнага фае, высознае столi i лесьвiцы з бардовай дарожкаю густа павее шасьцiдзясятымi гадамi мiнулага стагодзьдзя, але ваш нумар будзе ўтульным i цёплым, а тэлевiзар прапануе дзясяткi два праграмаў з поўнай гарантыяй адпачынку ад сэлектарных тэлебiтваў за ўраджай.

Аднак сядзець у нумары няма анiякае рахубы, бо амаль побач Музэй Чурлёнiса й Мастацкая галерэя, падараваная гораду адным з суайчыньнiкаў-эмiгрантаў. Дзесяць гадоў таму вы бачылi ў галерэi вялiкае палатно Марка Шагала. Карцiну ня ўкралi i не адправiлi на выставу. Проста выявiлася, што эмiгранту-мiльянэру нейкi спрытнюга збыў за пару сотняў тысяч "зялёных" не арыгiнал, а майстравiтую перамалёўку.

Вашае расчараваньне кампэнсуе выстава твораў амэрыканскiх фотамайстроў, дзе цэнтральнае месца будзе займаць сэрыя мiнэтаў, увекавечаных у вялiкiм памеры й шыкоўным колеры. Вы знойдзеце тут кампазыцыi на любы густ: юнак са старой, стары з амаль дзяўчынкаю, аднаполыя пары й разнаполыя трыо. Дамiнантаю гэтага хваласьпеву мiнэтам будзе акрабатычны аўтамiнэт у выкананьнi смуглявага апалёну з Тэхасу або Калiфорнii.

Зноў апынуўшыся на Лайсвэс алеi, па дарозе да Ратушнага пляцу вы захочаце запiць свае мастацкiя ўражаньнi глытком чырвонага вiна. У гаспадара кавярнi, падобнага да сiвога барадатага Хемiнгуэя з папулярнага здымку, чамусьцi ўзьнiкне да вас нечаканая, зрэшты, цалкам бяскрыўдная сымпатыя. Ён падсядзе да вашага столiка за кiлiшкам 50-градуснага "Сукцiнасу" i пасьпее расказаць пра высокую кватэрную плату ды пра тутэйшых бандытаў, што сёньня апоўднi проста на вулiцы эксклюзіўна прыватызавалi ягоны мабiльны тэлефон.

Вашая сустрэча з бандытамi адбудзецца не каля заснаванага ў ХIV ст. сабору сьв. Вiтаўта i не каля чысьцюткай готыкi дому Пяркунаса. Яна адбудзецца ў самай дэмакратычнай каўнаскай рэстарацыi "Эльф". Там штовечар гарыць вялiкi камiн i йграе джаз. Там на велiзарных талерках прыносяць гэткiя ж велiзарныя карбанаты. Там зьбiраюцца студэнты й палахлiва азiраючыся, смокчуць пiва старшаклясьнiцы. Там зусiм бясьпечна, бо байцы вядомай на крымiнальным фронце "Каўнаскае брыгады" там проста адпачываюць пасьля сваiх сухiх i "мокрых" справаў.

Побач з брыгаднымi шарагоўцамi й камандзiрамi мужчынскае вока зьмецiць зь дзясятак тых, каго Аляксандар Купрын калiсьцi назваў "ахвярамi грамадзкага тэмпэрамэнту". Праўда, гэтых упэўненых, бадзёрых і гаваркiх наведнiц "Эльфу" ахвярамi можна будзе назваць хiба што мэтафiзычна. Вы адчуеце, што значна большыя шанцы стаць ахвяраю маюць iхныя клiенты, а таму, падсеўшы да камiну, будзеце мэлянхалiчна ўгамоўваць свой грамадзкi тэмпэрамэнт фiрмовай лiтоўскай настойкай "Паланга".

Пасьля чацьвертага цi пятага кiлiшку вы зь невыказна цёплым пачуцьцём падумаеце пра жанчын сваёй сiнявокай Беларусi i якраз у сувязi зь iмi згадаеце словы Фрыт’ёфа Нансэна пра тое, што вяртаньне — прыз любога падарожжа.

Вось толькi вяртацца ў Менск — дзеля спакою душы й чысьцiнi ўражаньняў — вам захочацца ў аб’езд Вiльнi.
XS
SM
MD
LG