Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЗЬДЗІЎЛЕНЫ, ШТО АПАЗЫЦЫЙНАЯ ПРЭСА ЛІЧЫЦЬ ЗАВАДЗКАГА МЁРТВЫМ


Юры Сьвірко, Менск

У рэзыдэнцыю Аляксандра Лукашэнкі былі запрошаныя супрацоўнікі такіх сродкаў масавай інфармацыі як Беларускае тэлебачаньне, газэта "Советская Белоруссия" ды агенцтваў "Интерфакс-Запад" і БелТА.

Менавіта ім спадар Лукашэнка выказаў сваё зьдзіўленьне тым, што апазыцыйная прэса лічыць, што няма жывога зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага. "Я не магу гэтага пацьвердзіць", — падае Лукашэнкаву цытату агенцтва БелТА. Чаму пацьверджаньня ці абвяржэньня трэба чакаць менавіта ад яго, ні спадар Лукашэнка, ні ягоныя журналісты не патлумачылі, хаця афіцыйна расьсьледаваньнем займаецца пракуратура.

Яшчэ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гатовы праверыць выказваньні былых сьледчых Алега Случака й Зьмітра Петрушкевіча наконт таго, што зьніклыя пахаваныя на Паўночных могілках Менску.

Лукашэнка дадаў, што дае дазвол на эксгумацыю пахаваньняў, і сказаў: "Мы можам правесьці гэтую працу ў прысутнасьці любых экспэртаў, прадстаўнікоў амбасадаў, грамадзкасьці. А ўвогуле, тэма зьніклых у выкананьні апазыцыі — вельмі заежджаны конь. Цікава, як апазыцыя будзе выглядаць, калі напярэдадні выбараў нехта зь іх зноў зьявіцца?" — рытарычна запытаўся Аляксандар Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што былы генэральны пракурор Беларусі Алег Бажэлка нікуды ня зьнік і знаходзіцца на лецішчы ў Падмаскоўі. "Ён сядзіць на дачы свайго памагатага Лагвінца ўжо некалькі тыдняў", — паведаміў спадар Лукашэнка й сказаў, што Бажэлка зьехаў зь Беларусі пасьля таго, як даведаўся пра цікаўнасьць да сябе з боку праваахоўчых органаў. Паводле Лукашэнкі, сьледчыя мяркуюць, што спадар Бажэлка меў дачыненьне да незаконнай зьдзелкі, якая нанесла шкоду на 42 мільёны даляраў.

Тэму даляраў Аляксандар Лукашэнка працягваў і што да выбараў. Ён заявіў, што мае інфармацыю пра фінансаваньне апазыцыйных сілаў праз шэраг замежных амбасадаў у Менску ды Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ. Паводле Лукашэнкі, праз гэтыя каналы на раскрутку апазыцыйных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта "ідуць велічэзныя грошы". "Пасьля выбараў я ўсё скажу: хто, каму і колькі плаціць", — цытуе Аляксандра Лукашэнку "Інтэрфакс".

Сёньня я патэлефанаваў кіраўніку КНГ АБСЭ ў Менску Гансу-Георгу Віку й папрасіў яго пракамэнтаваць Лукашэнкавы абвінавачаньні.

(Вік: ) "Мы не фінансуем апазыцыйных лідэраў — беларускіх апазыцыйных лідэраў.

Я не магу выступаць ад імя замежных амбасадаў. Я толькі кажу, што палітычныя партыі не фінансуюцца праз КНГ", — заявіў кіраўнік групы АБСЭ ў Менску амбасадар Вік.

На маё пытаньне, ці будзе АБСЭ або яе менская група неяк рэагаваць на абвінавачаньні Аляксандра Лукашэнкі, спадар Вік адказаў:

(Вік: ) "Я ня ведаю яшчэ. Гэта проста адна з гэтых шматлікіх атак падчас доўгага пэрыяду сёлета, і раз-пораз дзейны старшыня й дзяржавы-сябры АБСЭ адхілялі крытыку ў бок КНГ, і гэтага дастаткова".

Аляксандар Лукашэнка ўчора заявіў: "Надта мякка наша тэлебачаньне крытыкуе Віка й амбасады".

Спадар Вік адмовіўся камэнтаваць і гэтую цытату з Лукашэнкі, і паводзіны дзяржаўнага тэлебачаньня, аднак на пытаньне, ці не чакае ён новых, узмоцненых тэлеатак, адказаў:

(Вік: ) "Мы ўбачым. Пачакаем і ўбачым".

Тым часам Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ніколі не прасіў ні прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна, ні расейскага прэм'ера Касьянава падтрымаць яго на выбарах. Спадар Лукашэнка нават падаў пяць прычынаў, чаму ён ніколі ня зьвернецца ў Маскву па падтрымку.

(Лукашэнка: ) "Першае — мне гэта ня трэба. Па-другое, вы што, сумняваецеся ў пазыцыі Ўладзімера Ўладзімеравіча Пуціна ды іншых кіраўнікоў Расеі? Па-мойму, не".

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што гэта апазыцыянэрам патрэбная цяпер заява Ўладзімера Пуціна пра падтрымку Лукашэнкі, каб і беларускія сродкі масавай інфармацыі, і расейскія абрынуліся з крытыкай на Пуціна за тое, што ён адкрыта ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі.

(Лукашэнка: ) "А па-трэцяе, як вы думаеце, гэта спрацуе пазытыўна для мяне або нэгатыўна? Чаго тут будзе больш — плюсаў ці мінусаў? Я лічу, што мінусаў".

Аляксандар Лукашэнка ўпэўнена заявіў, што яго падтрымлівае палова грамадзян Беларусі, а вось рэйтынг апазыцыі зьменшыўся ў два разы.

(Лукашэнка: ) "Рэйтынг прэзыдэнта сёньня каля 50%, і ён, нягледзячы на вось гэтыя правакацыі, толькі падвышаецца. Чым больш яны пракацыяў будуць ладзіць супраць улады й народу — ну, скажам, супраць прэзыдэнта, абранага гэтым народам, — тым больш яны будуць падвышаць мой рэйтынг. Я ўжо адкрыта ім гэта кажу. І ў той жа час будуць апускаць сябе. Іх рэйтынг упаў у 2 разы — мы ж аналізуем сытуацыю".

Чацьвертая прычына ягонага нежаданьня мець падтрымку з Масквы, паводле Лукашэнкі, палягае ў наступным:

(Лукашэнка: ) "Навошта мне прасіць каго б там ні было, і гэткім чынам, прабачце мне гэта, быць абавязаным за гэтую падтрымку? Ну й, мабыць, пятае. Няўжо вы майго характару ня ведаеце?"

Аляксандар Лукашэнка сапраўды прадэманстраваў свой характэр у часе інтэрвію прыдворным журналістам, абрынуўшыся напярэдадні выбараў на сваіх канкурэнтаў.

"Многія кандыдаты — гэта тыя людзі, якіх я зрабіў палітыкамі, выцягнушы іх зь небыцьця. І яны мне здрадзілі. Грошы — вось галоўнае для іх", — заявіў спадар Лукашэнка, назваўшы здраднікамі Натальлю Машэраву, дэпутатку "палаты прадстаўнікоў", і Міхаіла Марыніча, пакуль яшчэ амбасадара Беларусі ў Латвіі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG