Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧОРНЫ КАЛЯНДАР


Алег Грузьдзіловіч, Менск


(эфір 23 чэрвеня)
Дачка Анатоля Красоўскага дагэтуль не атрымала адказу на свой ліст да Аляксандра Лукашэнкі. Васіль Старавойтаў камэнтуе судовае рашэньне, паводле якога пакаралі адвакатку Старавойтава Веру Страмкоўскую. З дэпутатам Андрэем Клімавым у турме сустрэўся дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Уладзімер Навасяд.

Напачатку чэрвеня студэнтка журфаку Валерыя Красоўская, дачка зьніклага бізнэсоўца Анатоля Красоўскага, зьвярнулася з адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі. Дзяўчына прасіла вярнуць ёй бацьку ці хаця б адказаць, дзе ён і што зь ім.

Прайшло больш за паўмесяца, але замест адказу — маўчаньне найвышэйшай дзяржаўнай асобы. Што праўда, іншага Лера Красоўская й не чакала. А вось што да абсалютнай абыякавасьці да лёсу ейнага бацькі на факультэце журналістыкі, дзе яна вучыцца, тлумачэньняў гэтага дзяўчына ня мае. Яна толькі са шкадаваньнем адзначае, што многія людзі ў нашым грамадзтве капіююць паводзіны аднаго чалавека.

(Красоўская: ) "Спадар Лукашэнка абыходзіць справы зьніклых сваёй увагай. Канкрэтна па гэтым лісьце ён не зрабіў ніякай заўвагі, ні слова не вымавіў. Ён пэўна лічыць, што калі ён увогуле нічога казаць ня будзе, дык ніхто яму й пытаньняў ня будзе задаваць. І грамадзтва сапраўды нічога ў яго не пытаецца, яно не адрэагавала на гэты ліст. Мае знаёмыя сапраўды мне тэлефанавалі, выказвалі словы спачуваньню і гонару".

(Карэспандэнт: ) "А вось цікава, ці быў на журфаку нейкі розгалас пасьля твайго ліста?"

(Красоўская: ) "Ня ведаю, ня ведаю. Мне ні студэнты, ні настаўнікі нічога не казалі", — гэтак казала Валерыя Красоўская, дачка зьніклага амаль два гады таму разам зь вядомым апазыцыянэрам Віктарам Ганчаром бізнэсоўца Анатоля Красоўскага.


Дарэчы, на гэтым тыдні прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчар у адмысловай заяве выказаў надзею на тое, што беларускія ўлады давядуць да канца расьсьледаваньні справаў зьніклых і правядуць адкрытыя працэсы па гэтых справах.

Прадстаўнік беларускага МЗС Андрэй Савіных у чацьвер адказаў на гэтую заяву наступным чынам.

(Савіных: ) "Пазыцыя РэспублікіБеларусь застаецца нязьменнай. Мы зацікаўленыя ня менш за ЗША ў расьсьледаваньні гэтых так званых гучных справаў, і расьсьледаваньне па іх вядзецца і ў дадзены момант", — казаў на брыфінгу ў МЗС ягоны прадстаўнік Андрэй Савіных.

Між тым, застаецца фактам тое, што ва ўсіх справах аб зьніклых апазыцыянэрах — справе Юр'я Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — прагрэсу няма. А вынікам справы Зьмітра Завадзкага ёсьць пакуль толькі сур’ёзныя абвінавачаньні былых сьледчых Петрушкевіча й Случака на адрас найвышэйшага кіраўніцтва краіны ў стварэньні спэцыяльнай групы па зьнішчэньні апанэнтаў. І пакуль гэтыя абвінавачаньні фактамі не абвергнутыя.


На бягучым тыдні беларускія мэдыі мелі нагоду вярнуцца да справы Васіля Старавойтава. Нагодай было рашэньне судзьдзі Маскоўскага суду Менску часткова задаволіць пазоў сьледчага па справе Аляксандра Смаленцава да адвакаткі Веры Страмкоўскай, якая абараняючы Старавойтава, хадайнічала пра тое, каб праверылі наяўнасьць канфіскаванага ў Старавойтава каньяку.

Сьледчы палічыў абразай меркаваньне Страмкоўскай пра тое, што каньяк маглі расьпіць на ягоным дні нараджэньня. Ён двойчы ініцыяваў пачатак крымінальнай справы на Страмкоўскую, але безвынікова. І вось праз два гады дамогся грашовай кампэнсацыі. Суд вырашыў, што адвакатка распаўсюдзіла пра сьледчага недакладныя зьвесткі і наклаў на яе спагнаньне — 600 тысяч рублёў.

Між тым Васіль Старавойтаў, згадваючы гісторыю з каньяком, мяркуе, што мела рацыю ўсё ж адвакатка.

(Старавойтаў: ) "Магчыма, яны гэта зрабілі, бо што яны пілі, усе бачылі. Але ўсіх запалохалі, і яны спужаліся. Я ня ведаю, як Смаленцаў на гэта пайшоў, гэта нізка", — сказаў Васіль Старавойтаў і дадаў, што 6 бутэлек каньяку яму дагэтуль не вярнулі.


Днямі Андрэя Клімава ў турме наведаў былы дэпутат Вярхоўнага Савету Ўладзімер Навасяд. Уладзімер падзяліўся з Радыё Свабода наступнымі ўражаньнямі ад сустрэчы зь сябрам:

(Навасяд: ) "Ня думаў, што праз тры з паловай гады турмы можна захаваць такі аптымізм, бадзёрасьць і цікаўнасьць да палітычнага жыцьця, якія прадэманстраваў Андрэй. Мы размаўлялі больш за дзьве гадзіны. Ён перадае прывітаньні ўсім сябрам".

Уладзімер Навасяд спадзяецца, што да прэзыдэнцкіх выбараў ён і ягоныя калегі яшчэ ня раз сустрэнуцца з Андрэем Клімавым. Гаварыць на тэму датэрміновага вызваленьня Клімава дэпутат "палаты" ўстрымаўся.
XS
SM
MD
LG