Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАРАДЗЕНЦЫ АХВОТНА СТАВЯЦЬ ПОДПІСЫ Ў ПАДТРЫМКУ АПАЗЫЦЫЙНЫХ ПРЭТЭНДЭНТАЎ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

Ужо сёньня можна гаварыць аб пэўных тэндэнцыях. Напрыклад, міліцыянты адмаўляюцца падпісвацца за ўсіх прэтэндэнтаў, апроч Аляксандра Лукашэнкі. Бо ім, па-сутнасьці, так загадалі. Кіраўнік абласной міліцыі гэнерал Белашэўскі выступіў перад афіцэрамі, якіх сабралі з усяе вобласьці. Ён паведаміў. што будзе галасаваць толькі за Лукашэнку і заклікаў іх зрабіць гэтак жа.

Ёсьць зьвесткі, што на некаторых прадпрыемствах рабочых папярэджваюць, каб ставілі подпісы толькі за Лукашэнку. Першыя вынікі збору сьведчаць, што Лукашэнка па-ранейшаму папулярны сярод людзей сталага веку.

Але аптымістычна настроеныя й прыхільнікі Паўла Казлоўскага. Вось што сказаў мне прадстаўнік ягонай ініцыятыўнай групы Франц Аўдзей:

(Аўдзей: ) "У Горадні існуе ініцыятыўная група падтрымкі прэтэндэнта ў кандыдаты на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Паўла Казлоўскага. Група налічвае 138 чалавек. Учора пачалі сваю працу. Першае ўражаньне такое, што людзі прыхільна ставяцца да Казлоўскага і Лукашэнка ў асобе Казлоўскага мае вялікага суперніка. Невялікія групы існуюць і ў раённых цэнтрах нашай вобласьці. Спадзяемся, што свае подпісы людзі аддадуць за Казлоўскага і неабходную колькасьць, безумоўна, ён набярэ".

Але пакуль сябрам групы Паўла Казлоўскага ўдалося сабраць па 10-20 подпісаў.

Лепшыя вынікі ў групы падтрымкі Сямёна Домаша. Гаворыць адзін зь яе прадстаўнікоў Зьміцер Іваноўскі:

(Іваноўскі: ) "Збор подпісаў за Домаша пакуль ідзе нядрэнна. Большасьць гарадзенцаў з ахвотай падпісваюцца. Для прыкладу — Матусевіч за адзін вечар сабраў 90 подпісаў. Гэта толькі за ўчорашні дзень. Ініцыятыўная група вялікая. Разьлічваем спакойна набраць патрэбную колькасьць".

Зьвесткі пра ўдалы старт ініцыятыўнікаў Сямёна Домаша паступілі і зь некаторых райцэнтраў вобласьці.

Што датычыць збору подпісаў за Зянона Пазьняка, дык сытуацыя бадай адрозьніваецца ад той, якая была ў 1994-м годзе. Тады гарадзенцы ахвотна падпісваліся за Пазьняка. Сёньня — хутчэй наадварот.

XS
SM
MD
LG