Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСЕЙСКІЯ ТЭЛЕКАНАЛЫ ПАДАЮЦЬ ЛУКАШЭНКУ ЯК БЛАЗНА Й "ПРЭЗЫДЭНТА ЛУКУ"


Юры Сьвірко, Менск

ОРТ, першы тэлеканал Расеі ў сваёй галоўнай інфармацыйнай праграме "Время" прысьвяціў візыту Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву шмат увагі.

Праўда, гэтая ўвага сканцэнтравалася ў аўтарскім разьдзеле "Однако" вядучага Максіма Сакалова. Ён паказаў фрагмэнт інтэрвію спадара Лукашэнкі — журналістка спыталася пра ягоную заяву, што пасьля выбараў ён разьбярэцца з расейскімі сродкамі масавай інфармацыі, і гэта, паводле журналісткі, выклікала вялікую насьцярожанасьць у Расеі.

"Что вы имели в виду?" — спыталася карэспандэнтка й атрымала наступны адказ Аляксандра Лукашэнкі, які пачынаўся гэтак: "Что имею, то и введу".

Маскоўскія журналісты, якія не прызвычаіліся да гэткага своеасаблівага гумару, не прынятага ў цывілізаваным грамадзтве, былі зьбянтэжаныя. Замест сьмеху, на які разьлічваў Аляксандар Лукашэнка, утварылася паўза.

Аднак далей ён працягваў адказ і заявіў наступнае: "Больш блізкае дзяржавы для Расейскай Фэдэрацыі, чым Беларусь, сёньня таксама ў сьвеце няма. Вы, я думаю, таксама з гэтым згодныя, і я лічу, што ў гэты момант, як гэта прынята ў Расеі гаварыць, "мачыць" свайго саюзьніка, дзе папала й па чым папала, нецывілізавана й непрыгожа".

Спадар Лукашэнка ўжыў дзеяслоў "мачыць", які набыў вядомасьць пасьля таго, як тады яшчэ кандыдат на пасаду прэзыдэнта Расеі Ўладзімер Пуцін паабяцаў у выпадку неабходнасьці "мачыць у сарціры" тэрарыстаў. Фраза стала шырока вядомай, аднак спадар Пуцін больш ніколі яе не паўтараў. І дзяржаўныя расейскія тэлеканалы пра слова "мачыць" больш не нагадвалі — толькі НТВ Уладзімера Гусінскага дазваляла сабе гэта рабіць.

Як мне неафіцыйна паведамілі на ОРТ, менавіта спасылка Аляксандра Лукашэнкі на тое, што ў Расеі прынята гаварыць "мачыць", выклікала вялікае раздражненьне ў Крамлі, што й абумовіла вельмі рэзкі тон учорашняе праграмы "Однако", дзе Максім Сакалоў казаў пра "Лукашэнкавы фінансавыя й палітычныя цуды", называў яго "саюзьнічкам", "неудовлетворенным" і нават "прэзыдэнтам Лукой". Апошняй цытаты не дазвалялі сабе нават беларускія апазыцыйныя газэты.

Лейтматывам праграмы ОРТ стала наступная фраза: "Масква пазбавілася ідэфікс і расставіла акцэнты такім чынам, што калі Лукашэнку што-небудзь трэба, дык хай скажа, будзем размаўляць, а нам ад яго, уласна, нічога й ня трэба. З вамі добра, а бяз вас таксама няблага", — сказаў у праграме "Время" Максім Сакалоў, якога лічаць у Маскве вельмі блізкім да пуцінскага паліттэхноляга Глеба Паўлоўскага й кіраўніка прэзыдэнцкае адміністрацыі Аляксандра Валошына.

Сёньня мне патэлефанавалі зь яшчэ адной праграмы ОРТ — "Здесь и сейчас", якая таксама ёсьць часткай інфармацыйнага тэлеканалу "Время", і доўга распытвалі пра інтэрвію, што я ўзяў у Натальлі Машэравай, пасьля чаго паведамілі, што абавязкова запросяць яе на эфір. Такім чынам, спраўджваюцца паведамленьні пра тое, што дзяржаўныя тэлеканалы Расеі будуць раскручваць альтэрнатыўных кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі.

Вельмі сур’ёзная ўстанова, якая сочыць за ўсімі сродкамі масавае інфармацыі сьвету, — Маніторынг Бі-Бі-Сі, распавядаючы пра асьвятленьне маскоўскага візыту Аляксандра Лукашэнкі на дзяржаўным расейскім тэлеканале "Культура", падала наступны загаловак: "Гульлівы Пуцін павесяліўся з Лукашэнкам".

XS
SM
MD
LG