Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАШТОВАЯ СКРЫНКА 111. ЧЫТАЧЫ ПІШУЦЬ ПРА ВЫБАРЧУЮ КАМПАНІЮ І МАГЧЫМЫЯ ВЫНІКІ


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Вось як напісаў пра гэта наш сталы аўтар, вэтэран вайны Віктар Скараход зь Менску. Цытую ягоны ліст:

"Вельмі шкада, што ў прэзыдэнты захацелі пралезьці і жук, і жаба. Так і хочацца сказаць гэтаму ўзводу, так бы мовіць, "ратавальнікаў" Беларусі: "Людзі, адумайцеся! Што вялікага ці хоць бы значнага зрабілі вы ў жыцьці; дзе ў вас тыя досьвед, веды, моц, каб зрабіць нешта яшчэ больш важнае, дзяржаўнае? Ці ня лепш было б для Беларусі, каб шлях на прэзыдэнцкі мосьцік пракладвала тая пяцёрка, якая заявіла сябе першай у ліку прэтэндэнтаў?

Ведайце: гэтая ўлада будзе праводзіць выбары гэтак жа дэмакратычна, як дэмакратычна стварала выбарчыя камісіі. На іншае яна ня здатная: мана — яе стыхія".

Віктар Скараход таксама дзеліцца трывогай з прычыны таго, што многія ў Беларусі не арыентуюцца ў палітычных падзеях. Яшчэ адна цытата зь ягонага ліста:

"Большасьць беларусаў нічога ня ведае ні пра лёс Захаранкі ды іншых зьніклых і зьнішчаных, ні хто такі Ніл Гілевіч, ні пра "эскадроны сьмерці", створаныя ўладай. Між тым, зь дзяржаўных мэдыяў ліецца адна толькі прапагандысцкая хлусьня. І ўсё ідзе да таго, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе. І гэта пасьля сямі гадоў папулізму й маны.

Людзі, ды папрасіце вы ў Лукашэнкі, каб паглядзеў на сваю першую перадвыбарчую праграму ды сумленна адказаў, што выканаў. А выканаў ён толькі адно — вярнуў расейскую мову, зьнішчыўшы пры гэтым мову беларускую", — напісаў Віктар Скараход зь Менску.

Сапраўды, спадар Віктар, ужо самы пачатак выбарчай кампаніі сьведчыць на тое, што будзе яна для апанэнтаў улады складанай. Пад свой поўны кантроль узяла вэртыкаль выбарчыя камісіі; далі загад дзяржаўным мэдыям усяляк замоўчваць выбарчую кампанію, не даваць зьвестак пра кандыдатаў, пра барацьбу.

Але наўрад ці можна сьцьвярджаць, што ўсяго гэтага не заўважаюць людзі, што беларусы пакорліва ўспрымаюць стварэньне вакол сябе інфармацыйнага вакууму.

Згадайце: дзесяць год таму гэтак сама імкнулася захаваць уладу кампартыйная намэнклятура. Адкрытых дыскусіяў з палітычнымі апанэнтамі яна баялася, ды і ня ўмела іх весьці. І мэтад быў той жа: рабіць выгляд, што апазыцыі няма ўвогуле, не дапускаць яе да эфіру. А эфір запаўняць сьвяткаваньнямі, парадамі, працоўнымі перамогамі. Дакладна гэта ж можна назіраць цяпер на экране дзяржаўнага тэлебачаньня.

Ліст ад Андрэя Валошкі са Смаргоні. Андрэй прапануе ўласны спосаб, як пераканаць вясковых выбарцаў, што Беларусі неабходныя палітычныя зьмены. Ён піша:

"Настаў час летніх адпачынкаў. Хто едзе ў Крым, хто на Канары, але асноўная колькасьць гарадзкіх беларусаў падасца ў вёску — каб дапамагчы бацькам ды забясьпечыць сваё далейшае існаваньне. Вядома, што для вяскоўцаў тое, што ў краме ёсьць хлеб, а ў краіне няма вайны — найважнейшае. І, як мне здаецца, яны ў большасьці падтрымліваюць Лукашэнку (хоць не хачу абразіць тых вяскоўцаў, якія ёсьць нашымі аднадумцамі).

Неяк жа трэба дастукацца да сьвядомасьці вясковых людзей. Было б няблага, каб незалежныя мэдыі зладзілі нешта накшталт масавае акцыі — заклікалі бацькоў і дзяцей хоць бы гэтак: "Шаноўныя бацькі! Парайцеся зь дзецьмі: ім жыць далей" і "Дзеці! Паразмаўляйце з бацькамі: яны жадаюць вам толькі найлепшага". Думаю, павінна нешта атрымацца", — лічыць Андрэй Валошка са Смаргоні.

Некаторыя недзяржаўныя газэты й апазыцыйныя палітычныя партыі ўжо карыстаюцца такімі ці падобнымі агітацыйнымі мэтадамі. Але, Андрэй, не выпадае перабольшваць іхнай эфэктыўнасьці. У людзей больш даверу не да заклікаў, а да ўласнага досьведу, штодзённых праяваў жыцьця, уласнага параўнаньня таго, што абяцала і што зрабіла ўлада.

Ліст ад Пятра Касьнерыка зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну. Раней спадар Касьнерык ужо дасылаў ліст на Свабоду — размова ў ім ішла пра выхад з калгасу зь зямлёй і маёмасьцю. Пра такі выхад Пятро Касьнерык, памятаецца, пісаў як пра рэальную магчымасьць. Цяпер слухач піша наконт праблемы калгасаў у зьвязку з хуткімі выбарамі:

"Паважаная Свабода, ты параіла мне паспрабаваць выйсьці з калгасу. Ты што, лічыш мяне вар’ятам? Прыгледзься, хто ў нас у так званай "белпяцёрцы" кандыдатаў. Адзін на 100 адсоткаў чырвоны, іншыя тры ўвогуле бясколерныя — а значыць, яшчэ страшнейшыя за чырвонага. І толькі пятага падтрымлівае дэмакратычная частка беларускага грамадзтва — тыя, хто патрабуе зьменаў. Але чаму ж тады не было чуваць іх, калі летась камуністы зьбіралі подпісы за захаваньне калгаснай сыстэмы… А я быў упэўнены, што да 1 ліпеня 2000 году выйду з калгасу. І ня толькі я".

Спыню тут цытаваньне ліста Пятра Касьнерыка, каб патлумачыць, што слухач мае на ўвазе леташнюю акцыю беларускіх камуністаў, калі яны пачалі зьбіраць подпісы, напалоханыя ўвядзеньнем новага Грамадзянскага кодэксу. Паводле гэтага кодэксу, калгасы ў Беларусі павінны былі да 1 ліпеня мінулага году пераўтварыцца ў прыватныя і акцыянаваныя гаспадаркі.

Натуральна, пярэпалах камуністаў быў марны — гэты артыкул кодэксу не спрацаваў і ня можа спрацаваць, пакуль пры ўладзе апантаны прыхільнік і абаронца калгасна-саўгаснай сыстэмы. Відавочна, з гэтай прычыны апазыцыйныя палітыкі летась і не надалі увагі гэтай акцыі камуністаў.

Яшчэ адна цытата зь ліста Пятра Касьнерыка зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну — пра пачатак выбарчай кампаніі:

"Свабода паведамляла пра дарожнае здарэньне генэрал-лейтэнанта Савецкай Арміі Пятра Казлоўскага, якое сам ён называе тэрарыстычным актам, учыненым, бачыце, супраць яго шляхам адкручваньня гайкі ў ягоным "Рафіку". Ды задарма мне не патрэбны такі прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, які езьдзіць на "Рафіку". Надакучылі ўжо галадранцы пры ўладзе. У маю вёску прыяжджае прадпрымальнік, дык ён прывозіць муку ды камбікармы на мікрааўтобусе "Форд", — паведаміў Пятро Касьнерык з Баранавіцкага раёну.

Ня думаю, спадар Пятро, што вы маеце рацыю, калі мяркуеце пра сапраўдную вартасьць палітыка па марцы машыны, на якой ён езьдзіць.

Нагадаю вам, што у 1994-м годзе кандыдат у прэзыдэнты Аляксандар Лукашэнка езьдзіў на шыкоўным "Мэрсэдэсе" — які, памятаеце, пацярпеў у часе загадкавых стрэлаў ля Лёзна. Дарэчы, з таго часу Лукашэнка так на "Мэрсэдэсе" і езьдзіць — праўда, цяпер ужо на браніраваным, коштам некалькі соцень тысячаў даляраў. Але на дабрабыце насельніцтва і замежнапалітычных посьпехах Беларусі гэта за сем гадоў калі й адбілася, то вельмі своеасаблівым чынам.

На заканчэньне — ліст ад пэнсіянэра Барыса Крыўцова зь Менску. Ён піша:

"Слухаючы вас, чытаючы так званую незалежніцкую прэсу, бачу, як вы ўсе не жадаеце "раскручваць" Зянона Станіслававіча Пазьняка. Хоць толькі ён здольны перамагчы Лукашэнку. І бачна, як баіцца яго Лукашэнка, бо бачыць сваю пагібель толькі ў ім. Астатніх Лукашэнка не баіцца, бо астатнія — здраднікі.

А вось прыклады: Вячорка, Сіўчык, Хадыка, нават самы незалежны журналіст Букчын і той гне не туды, не за свабоду, а супраць яе. Усе пнуцца ў Расею. Альбо такая праява: Пашкевіч, Сініцын, Фядута, Лябедзька сталі такімі дэмакратамі, што аж няма куды. Ды і вы, паважаны Жданко, баіцёся радыкальных зьменаў у Беларусі.

Але свабоды ніхто і ніколі не даваў — яе заваёўваюць, і цаной вялікіх ахвяраў. Я ж вось гэтага чамусьці не баюся. Скажаце, што я стары. Так, але я ніколі ня быў рабом і не хачу ім быць. За свабоду сваіх дзяцей не шкада нічога. І я веру ў Пазьняка, бо ён ніколі нікому не здраджваў. А колькі памыяў на яго ў свой час вылілі, якую псыхалягічную вайну вялі супраць яго КГБ-КПСС. Яны і зараз яго баяцца, бо праўда на ягоным баку.

Колькім людзям Пазьняк адкрыў вочы на рэальнасьць, колькі праўды вам паказаў. А вы забылі. Грош вам усім цана. Будзьце з Расеяй у сьмяртэльных братэрскіх абдымках. Божа, дапамажы вам даць розуму, бо вы асьлеплі", — напісаў пэнсіянэр Барыс Крыўцоў зь Менску.

Сапраўды, шаноўны спадар Крыўцоў, за свабоду сваіх дзяцей, як вы і пішаце, не шкада нічога, але ці значыць гэта, што разьлічвацца можна і жыцьцямі дзяцей, дзеля якіх гэтая свабода здабываецца? І хто мае маральнае права патрабаваць такіх ахвяраў?

У вашых разважаньнях, спадар Барыс, мяне найбольш бянтэжыць якраз гэты ваш заклік да вялікіх ахвяраў (у сваіх папярэдніх лістах вы былі нават больш канкрэтны — пісалі, што за свабоду трэба плаціць крывёю), а таксама вашае дзяленьне палітыкаў на тых, хто падтрымлівае Зянона Пазьняка, і — на здраднікаў.

Вам ніколі не прыходзіла ў галаву думка, што можна не падтрымліваць Зянона Пазьняка, ня верыць так, як верыце вы, у ягоную палітычную бездакорнасьць і прадбачлівасьць, — і адначасова імкнуцца да дэмакратычнай незалежнай Беларусі? І пры ўсім тым цалкам пагаджацца з вамі, калі вы пішаце пра заслугі Зянона Пазьняка ў тым, што тычыцца праўды пра Курапаты, дзейнасьці апазыцыі БНФ на пачатку 1990-х гадоў і перасьледу, які давялося цярпець Зянону Пазьняку у той час.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Мікіты Пазьняка з Наваградку, Феакціста Фядотава зь вёскі Дубнякі Полацкага раёну, Інэсы Касьцюк зь Менску, Язэпа Бульбы з Жабінкі, Алеся Шустоўскага з Барысава і Зьмітра Чарвякова зь вёскі Замагульле Бялыніцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

XS
SM
MD
LG