Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫЧНАЯ ГЕАГРАФІЯ. ГЛЫБОКАЕ І ГЛЫБОЧЧЫНА


Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык

(Ракіцкі: ) "Ня толькі скрыжаваньні дарог, кірмашы ці прамысловасьць, а перадусім дух сапраўднай вольнасьці й беларушчыны заўсёды вылучалі Глыбокае з шэрагу суседніх гарадкоў і рабілі горад нефармальным цэнтрам паўночна-заходняга рэгіёну Беларусі.

У Глыбокім у 1940-х гадох дзеля беларушчыны і вольнай будучыні гуртаваліся юнакі й дзяўчаты ў Саюз Беларускай Моладзі і Саюз Беларускіх Патрыётаў. Замест Беларусі атрымалі ГУЛАГ. З тых самых беларускіх патрыётаў і Альберт Бацяноўскі".

(Бацяноўскі: ) "Пэнсія ж болей як сорак тысячаў. Калбасы я ж ня ем па шэсьць тысячаў. Казу гадую, яна мне малачка дасьць".

(Ракіцкі: ) "А ці атрымліваеце вы дапамогу як ахвяра палітычных рэпрэсіяў?"

(Бацяноўскі: ) "Ёсьць крыху, з Фонду Салжаніцына".

(Ракіцкі: ) "Як вы разумееце ўсё, што сёньня адбываецца?"

(Бацяноўскі: ) "Я ведаю, што калі Лукашэнку яшчэ на адзін тэрмін выберуць, Беларусі ня будзе. Абрусачылі нас. Спачатку хоць у Вярхоўным Савеце размаўлялі па-беларуску некалькі чалавек — Пазьняк, Шушкевіч… На гэтым і скончылася".

(Ракіцкі: ) "Тое, за што вы змагаліся, так і ня спраўдзілася?"

(Бацяноўскі: ) "Так і ня спраўдзілася, нічога не атрымалася".

(Ракіцкі: ) "Няма ўжо таго духу Глыбокага, як у 1940-х гадох?"

(Бацяноўскі: ) "Канешне, няма…"

(Маёрчык: ) "Магчыма, вольнага духу Глыбокаму сёньня і не стае, затое ёсьць рэгіянальная незалежная газэта — "Вольнае Глыбокае". Зь яе мы даведаліся, што на апошнім перапісе роднай мовай назвалі беларускую амаль 90% жыхароў раёну. І амаль усе яны карыстаюцца ёю штодня".

"Мы павінны даказаць сваё права карыстацца роднай мовай" — гэтую тэзу Галіна Сутула, рэдактарка "Вольнага Глыбокага", падмацоўвае прыкладам сярэдняй школы №3. Адразу ж пасьля ўхваленьня Закону аб мовах першыя клясы пачалі навучацца па-беларуску. І цяпер школа — цалкам беларуская. Дырэктар Віталь Гарановіч тлумачыць:"

(Гарановіч: ) "Бацькі зразумелі, што на роднай мове можна вучыць добра, пра што і сьведчаць нашыя паказчыкі. Бацькі не ўздымаюць апошнія гады пытаньня пра выбар мовы навучаньня".

(Ракіцкі: ) "Трэцяя гарадзкая школа з расейскай стала беларускай, а школа № 1 — наадварот. У Глыбокім, як нам падалося, ідзе неабвешчанае змаганьне беларушчыны і расейшчыны.

Гэта адлюстравалася і на шыльдах з назовамі вуліцаў. На адных дамох яны стандартныя, з надпісамі па-расейску, на іншых — выразныя, "пад даўніну", і па-беларуску. Людзі замаўляюць гэтыя шыльды на гарадзкім кірмашы ва Ўладзімера Зерскага".

(Зерскі: ) "Людзі павінны ведаць беларускую мову, берагчы яе".

(Ракіцкі: ) "Якія шыльды больш купляюць — на беларускай ці расейскай мове?"

(Зерскі: ) "Пяцьдзясят на пяцьдзясят. У нас прывыклі да расейскае мовы. А па-беларуску нешта новае, нават прыцягвае".

(Ракіцкі: ) "А хто перадусім замаўляе шыльды на беларускай мове?"

(Зерскі: ) "І начальнікі, і простыя людзі".

(Ракіцкі: ) "Гэта выклік уладам, гэта выклік сыстэме?"

(Зерскі: ) "Гордасьць за сваю мясцовасьць".

(Маёрчык: ) "А шыльда па-беларуску і шыльда па-расейску аднолькава каштуюць?"

(Зерскі: ) "Кошт адзін".

(Маёрчык: ) "Каля дзьвюх гадзінаў мы патрацілі на тое, каб набыць славутыя глыбоцкія харчы — згушчонку, кансэрваваныя грыбы і сыравэнджаную каўбасу. І знайшлі мы іх не ў дзяржаўных, а ў праватных ці фірмовых крамах малочна-кансэрвавага камбінату, мясакамбінату, кансэрвавага заводу.

І стаў зразумелым сэнс допісу спадарыні Пятроўскай у газэту "Вольнае Глыбокае":

"...на глыбоцкіх прылаўках ляжыць расейская мясная прадукцыя. Па якасьці незайздросная, але ў параўнаньні з нашай мясцовай — больш танная. Не магу зразумець, як каўбаса, вырабленая ў Глыбокім ці Менску, можа быць даражэйшай за прывезеную з Расеі? Навошта ж закупляць гэтае абы што, мо лепш заплаціць сваім вытворцам і паставіць разумную цану на тое, што вырабляем? Хто разумна так зьнішчае сваю эканоміку і ратуе расейскую?"

(Маёрчык: ) "Прадпрыемствы тут — закладнікі сучаснай эканамічнай палітыкі ў краіне. Глыбоцкія электрычныя сеткі, якія разьмяркоўваюць электраэнэргію, не атрымліваюць грошай ні ад прадпрыемстваў, ні ад калгасаў. Абсталяваньне састарэла да такой ступені, што раён можа ўвогуле застацца без электрычнасьці. 800 чалавек працуе ў небясьпечных для жыцьця ўмовах.

А вось што распавяла нам бугальтарка малочна-кансэрвавага камбінату Ядзьвіга Лявошка".

(Лявошка: ) "Гэта ж не камбінат, гэта ж само золата. Зараз бляха ёсьць, мазуту няма. Мазут ёсьць, бляхі няма. Усё наадварот. Альбо вось зараз у нас малака няма. Тых паставак, якія б адпавядалі нашым магутнасьцям. Вось і ўсё — мы ў цісках. Калі з 500 тонаў мы зараз перарабляем 100, дык добра. Ну, напэўна, у сувязі з ростам цэнаў на прадукцыю заробак яшчэ неяк плоцяць — 50–60 тысячаў".

(Ракіцкі: ) "Ад будынку райсуду, што на рагу Пляца 17-га верасьня (да 1939-га году — Пляц Канстытуцыі 3-га траўня), і да турмы строгага рэжыму цягнецца больш чым 3-кілямэтровая вуліца Савецкая. Вязьніца месьціцца ў Беразьвецкім манастыры базыльянаў. І велічны гмах яго можна разглядаць, задраўшы галаву вышэй за мураваную сьцяну з калючым дротам, і баючыся, што ў цябе зараз стрэляць шматлікія ахоўнікі.

Чытаем газэту "Вольнае Глыбокае":

"Глыбокае адносіцца да ліку 33 гістарычных гарадоў Беларусі. Маючы такі статус, наш горад як быццам павінен будаваць сваю ўнутраную палітыку, зважаючы на гэты статус. Так павінна быць, але такога няма".

На самім Пляцы 17-га верасьня твар у твар стаяць два велічныя касьцёлы. Троіцкі, помнік архітэктуры XVIII-га стагодзьдзя. выдатна адрэстаўраваны і дагледжаны самімі парафіянамі. Між іншым, на пачатку 1990-х па ўсім раёне — у Празароках, Чарневічах, Прошкаве — каталікі аднавілі зруйнаваныя камуністамі храмы. А ў глыбоцкім касьцёле кармэлітаў, унікальным збудаваньні XVII-га стагодзьдзя, цяпер моляцца праваслаўныя. Кляштар жа, у якім, дарэчы, спыняўся Напалеон, практычна разбураны.

Тэрыторыю касьцёла і кляштара сёньняшнія ўлады паспрабавалі давесьці да належнага стану. Як гэта адбывалася, распавядае краязнаўца Ўладзімер Скрабатун".

(Скрабатун: ) "Я бачыў, што трапляліся нават і шкілеты людзей, грузіліся чашкі. Трапляліся талеркі розных эпох. Не запрасілі ні археолягаў, ні адмыслоўцаў па архітэктуры. Цягам тыдня вывезьлі цэлую гісторыю амаль чатырох стагодзьдзяў".

(Маёрчык: ) "На адзін дзень мы пакідаем Глыбокае і падарожнічаем па мястэчках, вёсках, хутарох. Дарогі віляюць між азёраў, лясоў. І першы наш прыпынак — гарадзкі пасёлак Падсьвільле.

Жыхары ягоныя працуюць на трох буйных прадпрыемствах: Пліскім ільнозаводзе, Падсьвільскім заводзе харчовых прадуктаў і Дзьвінскай экспэрымэнтальнай базе "Інстытут лесу". На ўсіх трох сярэдні заробак ніжэйшы за пражытковы мінімум, ёсьць прыхаванае беспрацоўе.

На ільнозаводзе, як тут з горыччу жартуюць, ужо поўная свабода: хочаш працуй, хочаш не працуй — усё роўна не заплацяць. Прадпрыемства практычна стаіць: няма сыравіны. Ільну, які колісь вельмі добра рос на Глыбоччыне. Вырошчваць яго калгасам ня выгадна".

(Ракіцкі: ) "Падсьвільскі завод харчовых прадуктаў вырабляе самы хадавы ў раёне тавар — гэтак званае віно. П'юць яго шмат, бо таннае. Але і склады гэтай прадукцыяй запоўненыя. Расея адмовілася ад падсьвільскага чарніла, камэрсантам віно не прадаюць, а базы бяруць у крэдыт і грошы не вяртаюць. Сапраўдная ж бяда ў іншым: людзі гэтым віном труцяцца.

Пра сакрэты вінаробства ў Падсьвільлі распавядае рабочы заводу, які папрасіў не называць ягонага прозьвішча".

(Рабочы: ) "Робяць віно зь бярозавых пупышак, ядленцавая настойка была, кменавая. Нават адзін час на кляновых лісьцях настойвалі. Бярозавыя пупышкі настойваюцца на сьпірце, і дадаецца пасьля ў яблычны сок. Перамешваецца ўсё, і гэткае віно атрымліваецца".

(Маёрчык: ) "А ці можна такое віно ўвогуле піць?"

(Рабочы: ) "Не, я дык ня п'ю. Труціліся людзі такім віном…"

(Маёрчык: ) "Хто-небудзь кантралюе якасьць?"

(Рабочы: ) "Там усё ў іх павязанае, з гэтым кантролем".

(Маёрчык: ) "Якія гатункі віна вырабляюць на заводзе?"

(Рабочы: ) "За месяц па некалькі разоў могуць памяняць. Якую налепку купяць, такое і віно будзе. Крыху пах памяняюць, крыху колер… Спрабавалі "Сангрыю" выпускаць, паставілі італьянскую лінію, але гоняць сваё віно…"

(Маёрчык: ) "Глыбоцкі раён цікавы і пэўнай палітычнай актыўнасьцю людзей у вёсках. Людзі нават далучаюцца да партыйнага жыцьця.

Цяпер мы ў мястэчку Верхняе. Пра настроі вяскоўцаў распавядае старшыня мясцовай суполкі БНФ Яраслаў Берніковіч".

(Берніковіч: ) "Палітыкай зараз людзі вельмі цікавяцца. Больш актыўны і сьмялейшы стаў народ. Людзі па-рознаму ставяцца да будучых выбараў. Думка схіляецца, што патрэбныя перамены".

(Маёрчык: ) "А самі людзі каго б хацелі бачыць…"

(Берніковіч: ) "Прэзыдэнтам? Чалавека адукаванага. Каб ён быў чалавекам, а не…"

(Маёрчык: ) "А якія ў вас стасункі зь мясцовымі ўладамі?"

(Берніковіч: ) "О!.. Напружаныя. Напрыклад, восеньню мне не давалі камбайна, каб малаціць. Бээнэфаўцу — у апошнюю чаргу, і амаль што зімою малаціў".

(Ракіцкі: ) "Актывісты БНФ у Верхнім выпускаюць сваю газэту "Вярхнянскі край". Зрэшты, на Глыбоччыне нават нарадзіўся кліч: "Сваю газэту — кожнаму хутару". Піянэрамі ў выдавецкай дзейнасьці на вёсцы стала суполка БНФ зь мястэчка Дзеркаўшчына.

Заснавальнік і рэдактар газэты Зьміцер Курцэвіч працаваў шафёрам, а цяпер ён вартаўнік на калгасным двары".

(Курцэвіч: ) "Хтосьці цікавіцца, хтосьці спрабуе нас нечаму павучыць. Шмат і крытыкаў ёсьць. Тады я кажу ім: "Запрашаю да супрацоўніцтва". Людзі зьвяртаюцца да нас, каб мы абвесткі друкавалі, тэмы падказваюць. Некаторыя пачалі ганарыцца, што ў іхнай вёсцы ёсьць свая газэта. Старшыня калгасу прыйшоў і павіншаваў з выхадам газэты.

Мяне толькі вось насьцярожыла цікаўнасьць ваенкамату да гэтай справы. У лютым мяне паклікалі ў ваенкамат, і вельмі яны цікавіліся, як, што, дзе, куды, адкуль… Дык я вось падумаў, можа, яны самі хочуць газэту выпускаць? Скажам, "Голас ваенкаму"… Цяпер вельмі цікавяцца пажарнікі".

(Маёрчык: ) "Людзі распавялі нам, што ў іхнай мясцовасьці яшчэ колькі гадоў пасьля вайны з саветамі змагаліся лясныя браты на чале з Жыхарам, а цяпер тут на высокавольтавых лініях час ад часу хтосьці вывешвае бел-чырвона-белыя сьцягі.

І Дзеркаўшчына, і суседняя Латыголь — зьбяднелыя і на людзей, і на дабрабыт. За тое і паважаюць жыхары незалежную газэту, што ў ёй праўда пра іхнае штодзённае жыцьцё.

З газэты "Рэха Дзеркаўшчыны":

"Больш за 40 гадоў таму быў пабудаваны ў вёсцы Дзеркаўшчына Дом культуры, зь вялікі вокнамі і шматлікімі памяшканьнямі для працы. Але за гэтыя гады будынак прыйшоў у заняпад. Капітальнага рамонту не было ні разу… калі паглядзіш, як танцавальныя калектывы танцуюць у шапках, рукавіцах і паліто, як акампаніятар музыцыруе ў пальчатках, дык бярэ жах".

(Ракіцкі: ) "Калі абстрагавацца ад азёрна-лясной прыгажосьці Глыбоччыны, велічных храмаў, і спрычыніцца да жыцьця звычайных людзей зь іхнай падняволенай працай віламі і плугамі ў калгасах, пачынаеш разумець горкую выснову з допісу ў вясковую газэту "Вярхнянскі край":

"...недзе ў сьвеце людзі маюць сяброў па Інтэрнэце, кампутар стаў неад'емнай часткаю жыцьця. …А мы, вяскоўцы, нават пра такую раскошу як звычайны тэлефон можам толькі марыць... Жывучы ў цэнтральнай вёсцы калгасу, трэба шукаць нейкія сьцежкі, альбо хадзіць праз панадворкі, бо на дарозе завязьнеш у гразі і наўрад ці пацягнеш ногі. І ніхто ня ведае, у каго трэба спытаць, дакуль такое будзе? Можа дзесьці XXI стагодьдзе і наступіла, але ў нас пакуль не чуваць. З нашым рухам: крок наперад — два назад, мы хутка апынемся не ў XXI, а ў XIX стагодзьдзі".

(Маёрчык: ) "На разьвітаньне з Глыбоччынай мы зайшлі ў гарадзкі музэй, дзе захоўваецца памяць пра мясцовых патрыётаў. Падумалася, што дух вольнага Глыбокага мусіць адрадзіцца. Ужо хоць бы таму, што аўтар эскізу бел-чырвона-белага сьцягу Кляўдуш Дуж-Душэўскі нарадзіўся тут…"

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG