Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ВАРАГІ” ЗНОЎ ЗАВІТАЛІ Ў ПОЛАЦАК


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Вадаплаў, які завітаў у Полацак, зьяўляецца дакладнай копіяй старажытнага струга, на якім славутыя вікінгі пракладалі дарогу "з варагаў у грэкі". Ягоны экіпаж складаецца зь 9 чалавек — маладых навукоўцаў з Швэцыі, Латвіі й Беларусі — удзельнікаў міжнароднай навуковай экспэдыцыі "Дзьвіна–Даўгава-2001".

Ініцыятарам згаданай экспэдыцыі і ейным фундатарам стала Сёдэртэльеўская вышэйшая школа — буйнейшая швэдзкая ВНУ, дзе вывучаецца гісторыя вікінгаў. А ейная асноўная мэта — прайсьці пад ветразем і на вёслах той дарогай, якой плавалі некалі скандынаўскія ваяры, гандляры і шукальнікі прыгодаў. У навуковай літаратуры такія экспэдыцыі мянуюцца камунікатыўнай археалёгіяй.

Пачаўшы свой шлях 14 чэрвеня ад мястэчка Сураж Віцебскага раёну, навачасныя вікінгі плянуюць дайсьці да Рыгі, адтуль, пад ветразем, дайсьці да Фінляндыі і ўрэшце завяршыць свой шлях у Стакгольме.

Выступаючы на арганізаваным рэктаратам Полацкага ўнівэрсытэту навуковым сэмінары прафэсар Сёдэртэльеўскай вышэйшай школы Р.Эдбэрг распавёў пра дасьледзіны ў галіне гістарычных сувязяў між Нарманскім берагам і Полацкам, панаракаў на неразьвітасьць культурніцкіх ды навуковых дачыненьняў між навачаснай Беларусьсю й Швэцыяй і выказаў спадзеўку, што экспэдыцыя "Дзьвіна–Даўгава-2001" станецца своеасаблівым каталізатарам разьвіцьця такіх дачыненьняў. Уадначас швэдзкі навуковец сказаў, што ён уражаны той гістарычнай спадчынай, якая захавалася ў Полацку — старажытным месьце, вядомым у скандынаўскіх сагах пад назваю Pallteskiuborg.

Журналістам, якія прысутнічалі на сэмінары, цікава было пачуць беларускіх удзельнікаў вандроўкі. Але яны, на жаль, на сэмінары не прысутнічалі. Падплываючы да Полацку, вадаплаў (ягоная даўжыня 9 мэтраў) атрымаў пашкоджаньне, і экіпаж мусіў заняцца тэрміновым рамонтам. Заўважым таксама, што на адкрыцьці сэмінару адсутнічалі й прадстаўнікі тутэйшай вэртыкалі.
XS
SM
MD
LG