Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПРАЦУЕЦЦА ЗЬБІРАЛЬНІКАМ ПОДПІСАЎ?


Ганна Соусь, Менск

Сёньня зранку сябры ініцыятыўнай групы Міхаіла Чыгіра Віктар Несінчук й Зьміцер Філіповіч пачалі зьбіраць подпісы за свайго кандыдата. Калі я да іх далучылася, а гэта было дзесьці апоўдні, зьбіральнікі мелі ўжо больш за 35 подпісаў. Паводле Віктара Несінчука, прадпрымальнікі цяпер вельмі актыўныя й чакаюць пераменаў ад прэзыдэнцкіх выбараў.

(Нісенчук: ) "Практычна 99% людзей адразу ставяць подпісы за Міхаіла Чыгіра. Адзіная праблема: ня ўсе маюць з сабой пашпарты. Але яны просяць прыйсьці да іх заўтра — тады возьмуць пашпарт. Некаторыя просяць прыйсьці да іх дадому, каб і сваякі расьпісаліся.

Пакуль адмовілася толькі адна дзяўчына. Яна сказала: "У мяне малое дзіця, баюся, 9 верасьня выберуць Лукашэнку, а 10-га па мяне прыедзе варанок".

Віктар Несінчук са Зьмітром Філіповічам сёньня ўвечары пойдуць па кватэрах у сваім раёне. Разьлічваюць зьбіраць прыкладна 100 подпісаў на дзень. А разам Віктар і Зьміцер заплянавалі сабраць ня менш за 2 тысячаў подпісаў за Міхаіла Чыгіра.

Каля гадзіны я назірала за тым, як працуюць зьбіральнікі подпісаў. За гэты час за вылучэньне Міхаіла Чыгіра падпісаліся каля 20 чалавек, прыкладна столькі ж хацелі гэта зрабіць, але ня мелі пашпартоў. Вось як некаторыя падпісанты патлумачылі Радыё Свабода свой выбар:

(Прадпрымальнік: ) "Яму можна давяраць. Калі ён быў пры ўладзе, я мог жыць больш спакойна, чым цяпер".

(Гандляр скуранымі вырабамі: ) "Асабіста я буду галасаваць за Міхаіла Чыгіра. Бо гэты чалавек ёсьць сымбалем нашай краіны. Пры сустрэчы зь ім я магу паглядзець у вочы ды сказаць: "Слава нацыі". Я яго паважаю. Ён прайшоў краты, зьдзекі. Ён зразумее любога чалавека".

(Іншы прадпрымальнік: ) "Мне падаецца, што пры іншым прэзыдэнце мы будзем жыць больш свабодна. Цяпер праблематычна зарабляць, могуць усё забраць. Галасаваць буду супраць Лукашэнкі".

Падпісваліся ня толькі гандляры, але й наведнікі рынку. Адзін мужчына пацікавіўся, ці можна паставіць свой подпіс за Васіля Лявонава:

(Наведнік рынку: ) "Гэты чалавек ведае, дзе ўзяць мяса, як накарміць усіх".

Адметна, што некаторыя падпісанты пільнавалі, каб былі правільна запоўненыя блянкі падпісных лістоў. Бо не хацелі, каб іхныя подпісы Цэнтральная выбарчая камісія прызнала несапраўднымі. Але зьбіральнікі подпісаў былі дасьведчаныя.

Віктар Несінчук бярэ ўдзел у зборы подпісаў ужо ня першы раз, ён займаўся гэтай справай і ў часе першых прэзыдэнцкіх выбраў, і ў часе альтэрнатыўных прэзыдэнцкіх выбараў 1999 году.

Прыкладна такі ж досьвед ёсьць і ў Сяргея Рабкевіча, намесьніка старшыні Рады БНФ Ленінскага раёну, якога я таксама сустрэла сёньня на "Дынама". Сяргей Рабкевіч будзе зьбіраць подпісы за Сямёна Домаша. Ён мяркуе, што сёлетняя выбарчая кампанія значна адрозьніваецца ад прэзыдэнцкай кампаніі 1994 году.

(Рабкевіч: ) "Сем гадоў таму мы зьбіралі подпісы за Пазьняка ў Ленінскім раёне. Мы сабралі за яго прыкладна 35 тысячаў подпісаў. Тады свабоды й дэмакратыі было намнога больш. І ўсе бюракратычныя працэдуры былі значна прасьцейшыя".

(Карэспандэнтка: ) "На ваш погляд, ці пабольшала палітычная актыўнасьць грамадзянаў?"

(Рабкевіч: ) "Сем гадоў таму яна была намнога большая. Людзі жадалі нешта зьмяніць у сваёй краіне, яны верылі, што могуць неяк паўплываць на падзеі. А зараз многія гавораць: што мы можам зрабіць? Усё роўна яны яго й выберуць..."
XS
SM
MD
LG