Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ЦІ НАСАМРЭЧ МАСКВА АДВЯРНУЛАСЯ АД ЛУКАШЭНКІ?


Сяргей Навумчык, Прага

Відавочна, што цяперашні ваяж Лукашэнкі ў Маскву разглядаецца ў кантэксьце будучых прэзыдэнцкіх выбараў. А больш канкрэтна – ці падтрымае Масква Лукашэнку, ці зробіць стаўку на нейкага іншага.

Якія факты сьведчаць пра тое, што Крэмль нібыта адвярнуўся ад Лукашэнкі? Шчыра кажучы, – іх няшмат. Маскве сапраўды не спадабалася крытыка прэм’ера Касьянава, якая прагучала ў Горадні. На нядаўнім пасяджэньні СНД Пуцін не заявіў, як чакалася, пра падтрымку Лукашэнкі на выбарах. Не прагучала такой заявы і цяпер. Нарэшце, журналісты адзначылі, што ў аэрапорце “Унукава” Лукашэнку сустракаў “усяго толькі” міністар па падатках і зборах.

Што да узроўню сустрэчы, дык яшчэ пры Ельцыне Масква адмовілася ад практыкі выезду прэзыдэнта ў аэрапорт нават падчас афіцыйных дзяржаўных візытаў – нават каралеву Галяндыі Пуцін сустракаў у Крамлі. Да трапу звычайна падыходзіць кіраўнік пратаколу, а ён, паводле рангу, ніжэй за міністра.

З другога боку, цяжка прыгадаць, калі б прэзыдэнт Расеі (былы альбо цяперашні) наўпрост падтрымаў каго-небудзь на выбарах. Наогул, такія крокі ў міжнароднай практыцы атаясамліваюцца з умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы іншай дзяржавы. Што да Касьянава, дык крыўда на гарадзенскую заяву не перашкодзіла яму на ўчорашняй сустрэчы паабяцаць Лукашэнку павялічыць пастаўкі расейскага газу на чвэрць. Пракладка ж газаправоду ў Заходнюю Эўропу праз тэрыторыю Беларусі – праект, ад якога б не адмовілася ніводная краіна.

Паводле некаторых назіральнікаў, можна казаць пра тое, што падкрэсьлена халодныя адносіны Масквы да Лукашэнкі апошняга часу былі часткаю сьвядомай гульні, мэта якой – давесьці яго, як кажуць, да апошняга, каб потым прымусіць пагадзіцца на любыя ўмовы. Калі гэта сапраўды так, дык тактыка дала вынікі – выглядае, што Лукашэнка, збольшага, пагадзіўся ўлічыць расейскія ўмовы спагнаньня ўскосных падаткаў, якія выклікалі ў беларускага боку катэгарычную нязгоду.

Пры ўсім гэтым, адсутнасьць прамых заяваў Крамля пра падтрымку і маскоўскія кантакты апанэнтаў Лукашэнкі пакідаюць яго ў напружаньні. Ацэньваючы візыт ў кантэксьце будучых выбараў, газэта “Московский комсомолец” паведамляе, што так званая “пяцёрка” ягоных апазыцыйных канкурэнтаў (цытую) “мае завязкі на Маскву” . “Інтарэсы лідэра беларускіх камуністаў Сяргея Калякіна лабіруюць частка зюганаўцаў і бізнэс-колы, блізкія да “Отечества,” – адзначае газэта. – Былы прэм’ер Міхаіл Чыгір разьлічвае на падтрымку тых, з кім здолеў наладзіць сувязі часам свайго прэм’ерства. Былы міністар абароны Павал Казлоўскі – пратэжэ Начальніка Генштабу Квашніна… Сямёна Домаша… падтрымлівае старшыня Саюзу вытворцаў і прадпрымальнікаў Расеі Аркадзь Вольскі. Акрамя таго, Домаш ужо правёў некалькі асабістых супустрэчаў у адміністрацыі Пуціна…Лідэр беларускіх прафсаюзаў Уладзімер Ганчарык разьлічвае на дапамогу лідэра расейскіх прафсаюзаў Шмакава і палітычнай эліты зь ліку цэнтрыстаў”.

“Московский комсомолец” паведамляе, што яшчэ летась Масква прад’явіла Лукашэнку сьпіс беларускіх прадпрыемстваў, над якімі хацела б мець кантроль. Сярод іх – хімічныя і нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы, вытворчасьць калійных угнаеньняў, менскія трактарны і аўтамабільны заводы. “Але да гэтага часу, па вялікім рахунку, Лукашэнка толькі карміў абяцанкамі, але не аддаў ва ўласнасьць расейцаў ніводнага буйнога прадпрыемства, – адзначае газэта. – У гэтым сэнсе яго нават можна назваць “нацыяналістам”: ён абараняе сваю кішэню, але разам з тым – і нацыянальныя эканамічныя інтарэсы. Аднак чым бліжэй да прэзыдэнцкіх выбараў – тым больш скандальнай робіцца сытуацыя. Паводле інфармацыі з адміністрацыі прэзыдэнта, Пуціну надакучылі бясконцыя размовы, і ён паставіў Лукашэнку жорсткую ўмову: тры месяца на тое, каб прыняць рашэньне – або рэспубліка ўваходзіць у склад Расеі, і пачынаецца прыватызацыя патрэбных Маскве прадпрыемстваў, або на выбарах мы цябе не падтрымаем”.

Нагадаю, гэта была цытата з газэты “Московский комсомолец”.

Калі інфармацыя пра эканамічныя інтарэсы Крамля адпавядае рэальнасьці, дык у Лукашэнкі насамрэч застаецца невялікі выбар пры вельмі абмежаваным часе. Але тады няма падставаў спадзявацца, што да нейкага іншага кандыдата, якому Крэмль раптам аддасьць перавагу замест Лукашэнкі, Масква прад’явіць патрабаваньні менш жорсткія.

Расейскі фаварыт ў перадвыбарчым марафоне, сапраўды, можа зьмяніцца. Аднак інтарэсы Расеі ў Беларусі наўрад ці зьменяцца ў бліжэйшы час.
XS
SM
MD
LG