Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СПЭЦНАЗАЎЦАМ Ў ПОЛАЦКУ ЗА ЗАТРЫМАНЬНЕ “ЗУБРОЎЦА” АБЯЦАЮЦЬ 10 ДЗЁН АДПАЧЫНКУ


Вінцэсь Мудроў, Полацак

Днямі камандзір раскватараванага ў Полацку 9-га асобнага спэцыяльнага батальёну міліцыі палкоўнік Калесьнікаў сшыхтаваў спэцназаўцаў і паведаміў наступнае: той, хто затрымае "на гарачым" актывіста "Зубра" ці краёўца, атрымае 10 дзён адпачынку.

Калі ўлічыць, што раней такое заахвочваньне па службе атрымлівалі байцы, якія бралі ўдзел у захопе ці абяшкоджаньні небясьпечных крымінальнікаў, дык можна сабе ўявіць, наколькі "краёўцы-зуброўцы" дапяклі ўлады.

Сёньня сьцены полацкіх будынкаў стракацяць надпісамі, у якіх даецца характарыстыка кіраўніку дзяржавы і ягонай палітыцы. Пры гэтым аўтары палітычных графіці не хаваюць сваёй прыналежнасьці да "Краю" і "Зубра": познамкі менавіта гэтых арганізацыяў пазначаныя на сьценах.

Міліцыя доўга цікавала — хто расьпісвае сьцены і вось, нарэшце, аднаго такога зламысьніка затрымала. Ім аказаўся жыхар Полацку Алег Пяткевіч, які пэўнае ночы намаляваў на адным з будынкаў па вуліцы Фрунзэ гедэмінавыя Калюмны — сымбаль патрыятычнай арганізацыі "Край".

У выніку спадар Пяткевіч тры дні адседзеў пад адміністрацыйным арыштам, а неўзабаве зноў быў затрыманы. Гэтым разам ён расклейваў на адным з аўтобусных прыпынкаў выдадзеныя "Краем" улёткі — актывіста-краёўца пакаралі буйным грашовым штрафам.

Аднак больш "людзей з квачом" міліцыі затрымаць не ўдалося, і таму, каб нэўтралізаваць напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў самых зацятых апанэнтаў улады, да справы мусілі падключыць усе наяўныя сілы, у тым ліку і спэцназ.
XS
SM
MD
LG