Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ ЗЬБІЛІ ПЛЕШЧАНКУ


Браніслава Станкевіч, Віцебск

Міліцыянт у цывільным здалёк паказаў Уладзімеру Плешчанку сваё пасьведчаньне і загадаў яму тэрмінова пайсьці ад Сіняга дому, дзе спадар Плешчанка стаяў з інфармацыйным плякатам. У плякаце былі пазначаныя тыя месцы ў Віцебску, дзе пасьля 21-га чэрвеня можна будзе паставіць свой подпіс за вылучэньне Зянона Пазьняка ў кандыдаты на прэзыдэнта.

Спадар Плешчанка адмовіўся выканаць гэткае запатрабаваньне, але праз колькі хвілінаў на яго накінуліся тры хлопцы спартовага выгляду ды пабілі. Заявы ў міліцыю Плешчанка пакуль падаваць ня думае, бо лічыць гэта бясплённым. Нагадаем, што ўсе гэтыя падзеі адбываліся ў цэнтры Віцебску, на вачах соцень людзей.

На ўскраіне Паўднёвага рынку тым часам адбывалася яшчэ адна перадвыбарчая акцыя. Моладзь Аб'яднанай грамадзянскай партыі раздала сёньня 500 адмысловых банкнотаў па 100 даляраў, дзе замест прэзыдэнцкага партрэта была вядомая карыкатура. "Дуля з вусамі" — гэтак інтэрпрэтавалі малюнак некаторыя тутэйшыя прадпрымальнікі. На зваротным баку банкноты быў подпіс: "Гатовыя памяняць гэтую купюру на рэальныя грошы таму, хто ўзгадае хоць адно выкананае абяцаньне Аляксандра Лукашэнкі".

І гандляры, і пакупнікі адразу згадалі абяцаную зарплату на 100 даляраў, запушчаныя заводы ды барацьбу з карупцыяй і злачыннасьцю.

Разам з адмысловымі банкнотамі кіраўніца гарадзкое суполкі АГП Алена Залеская раздавала выпуск "Народнай волі", прысьвечаны зьніклым беларускім грамадзянам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG