Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОЛЬКІ АДЗІН ДЭМАКРАТ ТРАПІЎ У ВЫБАРЧУЮ КАМІСІЮ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Беларусі афіцыйна закончылася фармаваньне тэрытарыяльных выбарчых камісіяў. Паводле ўдакладненых зьвестак, якія далі прадстаўнікі Міжпартыйнага цэнтру, Беларускага Гельсынскага камітэту й праваабарончага цэнтру "Вясна", толькі адзін прадстаўнік дэмакратычных сілаў трапіў у склад выбарчай камісіі ў Верхнядзьвінскім раёне Віцебскай вобласьці.

Паводле каардынатара міжпартыйнага цэнтру Вячаслава Сіўчыка, фармаваньне выбарчых камісіяў праходзіла са шматлікімі парушэньнямі закону. Праўда, у склад камісіяў трапіла й некалькі прадстаўнікоў ЛДПБ і ПКБ, аднак, на думку спадара Сіўчыка, гэтыя людзі вельмі залежныя ад выканаўчай улады. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) "Я як каардынатар Міжпартыйнага цэнтру зьвярнуўся да ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты, каб яны далі ацэнку таму, што адбываецца. Бо я сам асабіста ацэньваю, што створаны мэханізм для фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў. Мы чакаем рэакцыі кандыдатаў у прэзыдэнты, мы чакаем рэакцыі міжнародных арганізацыяў, беларускіх палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў.

Заўтра мы зьбіраемся зьвярнуцца да беларускага народу, бо зараз па ўсёй Беларусі ідзе абсалютна незаконнае фармаваньне ўчастковых камісіяў, і сёньняшні рэжым зьбіраецца ствараць участковыя камісіі ў прынцыпе па той жа схеме, па якой яны стваралі тэрытарыяльныя камісіі.

Калі ня будзе рэзкай ацэнкі беларускага грамадзтва, калі ня будзе заяваў уплывовых міжнародных арганізацыяў, то рэжым будзе й надалей парушаць закон".

(Карэспандэнт: ) "Даводзілася чуць меркаваньне, што цяпер дэмакратычным сілам варта засяродзіцца на працы зь сябрамі ўжо абраных выбарчых камісіяў. Скажыце, Вячаслаў, ці можа даць такая праца пэўны плён?"

(Сіўчык: ) "Любая работа патрэбная ў Беларусі, і працаваць трэба. Але ж я вельмі скептычна стаўлюся да таго, што ўдасца чагосьці дасягнуць, калі беларускае грамадзтва не зразумее, што сыстэма выбарчых камісіяў — гэта найбольш сур’ёзны мэханізм падчас правядзеньня выбараў пры рэжымах, што аналягічныя беларускаму.

Гэта не азначае, што ў выбарчых камісіях усе людзі, зь якімі немагчыма знайсьці агульнай мовы, што там сабраліся толькі тыя, хто будзе фальсыфікаваць выбары. Але ж сёньняшняя вэртыкаль падабрала па сьпісах, яшчэ зацьверджаных адміністрацыяй, менавіта большасьць такіх людзей, якія ўжо маюць досьвед, якія ўжо "набілі руку" на фальсыфікацыях падчас правядзеньня ранейшых палітычных кампаніяў.

Таму перш як працаваць зь сябрамі камісіяў, усё ж трэба прыкласьці намаганьні, каб дэманапалізаваць гэтую сыстэму. Калі ня ўдасца дасягнуць гэтай задачы, то кепска будзе ўсім".

Вячаслаў Сіўчык таксама заклікае прадстаўнікоў партыяў, грамадзкіх арганізацыяў і проста грамадзянаў дакумэнтальна фіксаваць факты парушэньня закону і накіроўваць адпаведныя скаргі ў Цэнтарвыбаркам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG