Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПАДРЫХТАВАЛІСЯ ДА ЗБОРУ ПОДПІСАЎ ПАТЭНЦЫЙНЫЯ КАНДЫДАТЫ?


Ганна Соусь, Менск

Практычна ўсе апытаныя мной кіраўнікі ініцыятыўных групаў заявілі, што цалкам гатовыя да новага этапу выбарчай кампаніі. Вось што паведаміў кіраўнік ініцыятыўнай групы Сямёна Домаша Яўген Лабановіч:

(Лабановіч: ) "Мы ўжо раздалі ўсе пасьведчаньні па рэгіёнах, і заўтра пачнецца збор подпісаў. Усе матэрыялы ў людзей ужо ёсьць. Мы разьлічваем праз тыдзень мець першую інфармацыю з кожнай вобласьці й гораду Менску — колькі подпісаў ужо сабралі".

Яўген Лабановіч назваў відавочным парушэньнем заканадаўства той факт, што ім выдалі падпісныя лісты на расейскай мове. Ініцыятыўная група Сямёна Домаша будзе рабіць адпаведны запыт у Цэнтральную выбарчую камісію, каб далі падпісныя лісты таксама і на беларускай мове.

Нагадаю, што ўчора кіраўнік ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргей Папкоў заявіў свой пратэст Цэнтральнай выбарчай камісіі з той прычыны, што ягонай групе адмовіліся даць пасьведчаньні й падпісныя лісты на беларускай мове. Гаворыць Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Канешне, шкада, што мы раздалі частку блянкаў падпісных лістоў на расейскай мове. Мы паўторна падалі пратэст у камісію. Калі ня будзе адказу, мы будзем зьвяртацца ў пракуратуру".

Сяргей Папкоў паведаміў нашаму радыё пра гатоўнасьць ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка распачаць збор подпісаў:

(Папкоў: ) "Сёньня апошнія… У нас заставаліся толькі Клімавічы Магілёўскай вобласьці. Сёньня забіраюць. Зараз яны ўжо прыехалі. Астатнія ўжо ўсе пасьведчаньні раздалі па Беларусі, падпісныя лісты таксама".

Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік перадвыбарчага штабу Паўла Казлоўскага Яўген Бачароў, сёньня падпісныя лісты будуць у кожнага зборшчыка подпісаў.

(Бачароў: ) "Праца распачнецца 21 чэрвеня. Людзі ірвуцца ў бой. Ледзь можам іх стрымліваць".

Яўген Бачароў дадаў таксама, што ўсе матэрыялы, якія ініцыятыўная група Паўла Казлоўскага рыхтуе да выбарчай кампаніі, будуць на дзьвюх мовах — беларускай й расейскай.

Кіраўнік ініцыятыўнай групы Міхаіла Чыгіра Анатоль Паўлаў адзначыў, што ў ініцыятыўнай групе Міхаіла Чыгіра вельмі пільна паставіліся да кадравых пытаньняў.

(Паўлаў: ) "Да збору подпісаў мы падрыхтаваныя, якіх-небудзь складаных пытаньняў у нас няма. Група ў нас добрая, мы адсейвалі сумнеўных асобаў. У нас абсалютна правераныя людзі".
XS
SM
MD
LG