Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ЛАТВІІ АДКРЫЛАСЯ ВЫСТАВА БЕЛАРУСКІХ МАСТАКОЎ КРАІНАЎ БАЛТЫІ. БЕЛАРУСКІЯ ЎЛАДЫ АДМОВІЛІСЯ ПРЫНЯЦЬ ГЭТУЮ ВЫСТАВУ Ў МЕНСКУ


Ігар Карней, Менск

23 беларускія мастакі зь Літвы, Латвіі, Эстоніі й Швэцыі выставілі свае працы ў адным з самых прэстыжных салёнаў Латвіі — у Доме Рэйтэрна, помніку архітэктуры XVII ст. Старшыня суполкі мастакоў "Маю гонар" Вячка Целеш прызнаецца, што ня надта спадзяваўся на дапамогу гарадзкіх уладаў, але такую падтрымку атрымаў.

Напярэдадні выставы рыская мэрыя нават надрукавала адмысловыя буклеты й афішы на латыскай і беларускай мовах. Гэта ў нейкім сэнсе падзяка за тое, што спадар Целеш некалі апярэдзіў нават мясцовых дасьледчыкаў, першым выдаўшы ілюстраваны збор "Рыга на старых паштоўках". (Дарэчы, летась за аналягічнае выданьне пра гарады Беларусі спадар Целеш стаў ляўрэатам прэміі імя Багушэвіча Беларускага ПЭН-цэнтру.)

Апроч латыскіх калегаў, зь віншаваньнямі да беларускіх мастакоў прыйшлі прадстаўнікі расейскіх, польскіх, украінскіх, армянскіх, азэрбайджанскіх мастацкіх суполак. Вельмі прыязна адгукнулася на падзею прэса.

Затое інтарэс афіцыйнага Менску абмежаваўся непрацяглай прысутнасьцю на цырымоніі адкрыцьця першага сакратара беларускай амбасады ў Латвіі спадара Шкурдзя. Шмат гадоў беларускія ўлады ігнаруюць спробы Целеша прывезьці беларускіх мастакоў Балтыі ў Менск. Гаворыць Вячка Целеш:

(Целеш: ) "Напярэдадні я атрымаў ліст ад Міністэрства культуры Беларусі, што яны нашу юбілейную выставу ня ў стане зрабіць у Менску. Хоць у 1992-м годзе, калі Беларусь была пад "Пагоняй" і пад бел-чырвона-белым сьцягам, нашаму аб’яднаньню зрабілі цудоўную выставу. Карціны закупілі, з жытлом дапамаглі. А зараз чамусьці ня могуць дазволіць нам проста прыехаць і павесіць нашы карціны".

(Карэспандэнт: ) "Гэта на ўзроўні міністра культуры павінна вырашацца?"

(Целеш: ) "Я ліставаўся з намесьнікам міністра Гідройцам, і ён увесь час адсылаў мяне да дырэктара Музэя сучаснага мастацтва Шаранговіча. Але той кажа, што ўсе арганізацыйныя моманты — гэта справа міністэрства. Футболяць з аднаго краю ў другі.

Тады я напісаў катэгарычна: "Калі вы ня ў стане запрасіць мастакоў, адкажыце канкрэтна, не трэба цягнуць час". Але ўсё гэта робіцца адмыслова, бо мы ня тыя мастакі, якіх трэба падтрымліваць у сёньняшняй Беларусі".

Спадар Вячка таксама распавёў, што аднаго разу міністэрскае чынавенства амаль згадзілася паспрыяць, але паставіла ўмову, каб карціны прывезьлі ў Менск за тыдзень да адкрыцьця — каб дзяржаўныя экспэрты мелі час "ацаніць" вартасьць працаў. Але калі ўлічыць, што той жа Целеш меўся выставіць працу "Пад сьцягам "Пагоні" (партрэт Кастуся Езавітава, аднаго зь дзеячоў вызвольнага руху БНР), то верагоднасьць пасьпяховага праходжаньня "экспэртызы" была проста мізэрнай.
XS
SM
MD
LG