Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЛІЦЫЯНТЫ Ў РЭДАКЦЫІ “НАШАЙ СВАБОДЫ” ШУКАЛІ ЎЛЁТКІ МІХАІЛА ЧЫГІРА З КАМПАНІІ 1999 ГОДУ


Ганна Соусь, Менск

Я прыехала ў рэдакцыю "Нашай свабоды" прыкладна праз паўгадзіны пасьля таго, як распачаўся ператрус. Пакуль тры супрацоўнікі Камітэту дзяржаўных расьсьледаваньняў Фрунзенскага раёну дапытвалі ў асобным пакоі рэдактара газэты Паўла Жука, я зьвярнулася да супрацоўнікаў "Нашай свабоды". Распавядае Кастусь Тарасаў:

(Тарасаў: ) "Пачалі аглядаць нашы сталы, асабістыя рэчы, праглядаць паперы, асабліва не тлумачылі нічога. Спасылаліся на нейкія распараджэньні, новыя ўказы прэзыдэнта, здаецца, ад 4 чэрвеня. Прыкладна паўгадзіны нас не пускалі да кампутараў. А ў нашага фатографа Ўладзімера Шлапака забралі чатыры налепкі з Ганчаром й Завадзкім. Сказалі, што зь ім па гэтым пытаньні яшчэ будуць гаварыць. Забралі яшчэ некалькі карыкатураў".

Кастусь Тарасаў мяркуе, што ператрус быў зьвязаны з апошнімі публікацыямі у "Нашай свабоде" пра былых сьледчых пракуратуры Случака й Петрушкевіча, а таксама з тым, што газэта шмат піша пра незарэгістраваную арганізацыю "Зубар".

А вось пра тое, як паводзілі сябе супрацоўнікі Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў у часе ператрусу, распавядае сакратарка газэты Ірына:

(Ірына: ) "Калі мы адказвалі на іхныя пытаньні ня так, як яны чакалі, яны пагражалі забраць нас з сабой невядома куды — маўляў, там мы ўсё раскажам…"

Цікава, што на мае пытаньне "Што шукаеце?", адзін зь фінансавых міліцыянтаў адказаў з усьмешкай: "Шчасьця". А калі сур’ёзна, то вось як патлумачыў Радыё Свабода прычыны ператрусу галоўны рэдактар "Нашай свабоды" Павал Жук:

(Жук: ) "Ёсьць такі прадпрымальнік Алесь Гуркоў. Ён свае фінансавыя дакумэнты рабіў на ўлётках, якія належалі Чыгіру ў 1999 годзе, калі праводзілася выбарчая кампанія. Яны засталіся, проста не раскідаў Чыгір. Гэтыя ўлёткі некалі Алесю перадаў я. Калі чысьціў свой гараж, высьветліў, што ў мяне іх было троху.

Алесь рабіў справаздачу на гэтых улётках, а тыя палічылі, што Чыгір ужо надрукаваў на гэтую выбарчую кампанію ўлёткі і гэтак іх распаўсюджвае. Яны хацелі адназначна падцьвердзіць, што гэта так, і прыняць нейкія санкцыі да Чыгіра.

Але ж я мяркую, што гэта ня проста так. Пачынае ўзмацняцца кампанія ціску і на прэсу, і на тых людзей, якія дапамагаюць незалежным кандыдатам. Улады спрабуюць першыя свае крокі ў высьвятленьні таго, хто ж пераможа восеньню".

Павал Жук упэўнены, што гэта цалкам палітычная справа.

(Жук: ) "Думаю, што гэта не апошні раз, калі нас тут пачынаюць трэсьці. У бліжэйшыя месяцы, мяркую, будзе яшчэ ня раз".
XS
SM
MD
LG