Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА ЗАСТАЛОСЯ 22


Юры Сьвірко, Менск

Учора Цэнтарвыбаркам адмовіўся зарэгістраваць ініцыятыўную групу сталічнай бібліятэкаркі Ніны Лабанавай, сёньня такі ж лёс напаткаў яшчэ трох прэтэндэнтаў — Аляксея Ляшко з Гомеля, які нарадзіўся ў Комі АССР і праз гэта ня ёсьць грамадзянінам Беларусі паводле нараджэньня, а таксама двух менчукоў — пэнсіянэра Ўладзімера Лапцэвіча ды апошняга, 26-га прэтэндэнта, бізнэсоўца Аляксандра Батуру — абодва мелі праблемы са сьпісамі сваіх групаў.

Сёньняшняе (апошняе ў справе рэгістрацыі ініцыятыўных групаў) паседжаньне Цэнтарвыбаркаму пачалося з адмовы дырэктару гомельскае фірмы "Ліпень" Аляксею Ляшку ў праве вылучацца на прэзыдэнта. Спадар Ляшко нарадзіўся ў Комі АССР, у Расеі, і ягоныя бацькі не былі грамадзянамі Беларускай ССР.

Сёньняшняе рашэньне Канстытуцыйнага суду, якое даслалі ў Цэнтарвыбаркам за 20 хвілінаў да пачатку паседжаньня, вызначыла: Аляксей Ляшко, маці якога ёсьць украінкай, а нацынальнасьць бацькі невядомая яму самому, ня можа быць прэзыдэнтам Беларусі. Таму Цэнтральная камісія аднагалосна адмовіла яму ў рэгістрацыі.

Далей без праблемаў зарэгістравалі групы прадпрымальніка й афіцэра запасу КГБ Валянціна Семака й мастацкага кіраўніка тэатру сатыры "Хрыстафор" Яўгена Крыжаноўскага, які вельмі спазьняўся на нейкую рэпэтыцыю і прасіў камісію як хутчэй разгледзець ягонае пытаньне.

Потым рэгістрацыю прайшлі групы бізнэсоўца й дэпутата Менскага гарадзкога савету Юр'я Данькова ды яшчэ аднаго прадпрымальніка з Горадні Валер'я Леванеўскага, і, нарэшце, дэпутата "палаты прадстаўнікоў" і кіраўніка гандлёвага дому "БелБабаеўскае" Сяргея Скрабца.

Спадар Скрабец вылучыўся даволі незвычайна, пра што распавёў на паседжаньні сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік, які паказаў прысутным заяву прэтэндэнта:

(Лазавік: ) "Адчуваецца няцьвёрдая рука чалавека, які зь цяжкасьцю трымаў пяро".

Паводле сакратара Цэнтарвыбаркаму, Сяргей Скрабец падчас падачы заявы быў у "хваравітым стане", што сьведчыць пра стаўленьне прэтэндэнта да гэтай кампаніі. А потым Цэнтарвыбаркам спрабаваў знайсьці спадара Скрабца, але дома яго не было, і мабільны тэлефон не адказваў. Аднак і групу гэтага дэпутата "палаты" сёньня зарэгістравалі.

Двум апошнім прэтэндэнтам Цэнтарвыбаркам адмовіў на падставе парушэньня Выбарчага кодэксу й прынцыпу добраахвотнасьці стварэньня грамадзянамі ініцыятыўных групаў. Менскі пэнсіянэр Уладзімер Лапцэвіч, у якога ўсе 15 апытаных камісіяй сяброў групы заявілі, што не давалі згоды на ўнясеньне іх у сьпісы, сам зрабіў на паседжаньні ЦВК наступную заяву:

(Лапцэвіч: ) "Тыран будзе зрынуты! Калі ня мной… Хлус, авантурыст Лукашэнка, якому я даў 1200 подпісаў у 1994 годзе, за якога рваў глотку тры з паловай месяцы, агітуючы за яго, я зь ім сустракаўся ў кабінэце шмат разоў — і я не атрымаў працы!" — заявіў спадар Лапцэвіч, які падаў заяву 25-м, у самы апошні момант у пятніцу.

Заява 26-га — сталічнага бізнэсоўца Аляксандра Батуры прыйшла ў ЦВК поштай у панядзелак, пазьней вызначанага законам тэрміну, але і ў сьпісах групы было шмат недакладнасьцяў.

Старшыня камісіі Лідзія Ярмошына паведаміла, што спадар Батура шмат разоў вылучаўся на розных выбарах, але заўжды з парушэньнямі й завочна.

Я спытаўся ў спадарыні Ярмошынай, ці не бянтэжыць яе адсутнасьць інфармацыі пра выбары й Цэнтарвыбаркам на дзяржаўным тэлебачаньні.

(Ярмошына: ) "Ну, чаму… Учора, па-мойму перадалі, інфармацыя ідзе. Ну, малавата, відаць, будзе. Я ня ведаю, я не вызначаю інфармацыйнай палітыкі. Я думаю, што — цалкам мажліва — рыхтуецца пэўны аналітычны матэрыял", — паведаміла Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтарвыбаркаму.

Сёньня ж гэтая камісія дала тлумачэньне на просьбу Сямёна Домаша — ці можна ў часе збору подпісаў раздаваць выбарцам інфармацыйныя матэрыялы? Вэрдыкт ЦВК быў наступны: паказваць такія матэрыялы можна, а раздаваць — не.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG