Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ НАСТАЎНІКІ – У ЦЯЖКІМ ФІНАНСАВЫМ СТАНОВІШЧЫ. ШМАТ КАМУ ЗАРОБКІ НЯ ПЛОЦЯЦЬ


Міхал Стэльмак, Менск

Паводле зьвестак прафсаюзу адукацыі, у чэрвені запазычанасьць настаўнікам пабольшала. Прычым улады ўтойваюць гэты рост. Вось што паведаміла сёньня нашаму радыё старшыня рэспубліканскага камітэту гэтага прафсаюзу Тамара Чобатава:

(Чобатава: ) "Прыкладам, у Магілёўскай вобласьці назіраецца ўтойваньне запазычанасьці. Мы ўдакладняем гэтыя лічбы самымі рознымі шляхамі. Дык вось, цяперашні доўг настаўнікам Магілёўскай вобласьці складае 4,3 мільярда рублёў. Амаль паўсюдна ня выплацілі заработнай платы за травень, вельмі складаная сытуацыя з адпускнымі".

Вялікая запазычанасьць настаўнікам выклікае трывогу й рэгіянальных прафсаюзных суполак. Гаворыць лідэрка настаўніцкага прафсаюзу Круглянскага раёну Марыя Табачэнка:

(Табачэнка: ) "Запазычанасьць — 67 мільёнаў 100 тысяч рублёў. За травень не разьлічыліся ў раёне ні з адным чалавекам. А ў нас жа 500 настаўнікаў. Нікому не выплачвалі й адпускных. Мы хадзілі да старшыні райвыканкаму, але ён сказаў: няма грошай, дзе я вам іх вазьму!"

Паводле словаў спадарыні Табачэнкі, настаўнікі спадзяюцца, што ўлады напярэдадні выбараў ліквідуюць запазычанасьць. Да таго ж пэдагогаў улады імкнуцца задзейнічаць у выбарчай кампаніі. У прыватнасьці, сёньня ў Круглым, як паведаміла спадарыня Табачэнка, была сфармаваная раённая выбарчая камісія, куды, паводле ініцыятывы райвыканкаму, патрапіла і некалькі пэдагогаў.

Прафсаюзны лідэр настаўнікаў Столінскага раёну Іван Грышко паведаміў сёньня нашаму радыё, што і на Століншчыне раённую выбарчую камісію фармавалі ўлады:

(Грышко: ) "Учора выканкам і прэзыдыюм райсавету засядалі па пытаньні выбараў. Што яны там фармавалі, я ня ведаю. Але ведаю тое, што даўно працэс фармаваньня ішоў негалосна".

Іван Грышко ўвайшоў у склад ініцыятыўнай групы Ўладзімера Ганчарыка. За Ганчарыка, як паведаміў Іван Грышко, будуць зьбіраць подпісы на Століншчыне і многія мясцовыя настаўнікі.

Між тым, рэспубліканскі камітэт прафсаюзу адукацыі ня мае намеру арыентаваць свае структуры на падтрымку канкрэтнага кандыдата на прэзыдэнта. Вось што паведаміла на гэты конт старшыня галіновага прафсаюзу Тамара Чобатава:

(Чобатава: ) "Наш прафсаюз як грамадская арганізацыя будзе падтрымліваць перадвыбарчую плятформу, якую ўхваляць усе прафсаюзы на пленуме Фэдэрацыі. Па канкрэтных кандыдатурах мы не прымаем ніякіх рашэньняў. Вырашае тут грамадзянская пазыцыя кожнага чалавека".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG