Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ БЕЛАРУСІ АДМОВІЛІ Ў ВІЗЕ ПРАВААБАРОНЦАМ З АНГЕЛЬСКАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ARTICLE 19


Мікола Іваноў, Прага

На пачатку нашай размовы я зьвярнуўся да Малькольма Гоўкса з просьбай расказаць пра мэты ягонага плянаванага падарожжа ў Беларусь.

(Гоўкс: ) “Мы толькі што падрыхтавалі новую справаздачу пад назвай “Беларусь: мэханізм рэпрэсіяў”. І вось цяпер мы зьбіраліся паехаць у Беларусь, каб надрукаваць гэты даклад па-расейску. Мы пакуль што надрукавалі некалькі дзён таму ў Лёндане толькі ангельскі варыянт. Гэты даклад – комплексны аналіз праблемаў, зь якімі сустракаюцца незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў Беларусі. Гэты аналіз уключае ў сябе мэтады рэпрэсіяў, якія выкарыстоўваць улады”.

На пытаньне: дзе і якім чынам “Article 19” зьбіраецца прадставіць свой даклад у Беларусі, Малькольм Гоўкс адказаў:

(Гоўкс: ) “Мы плянуем правесьці прэсавую канфэрэнцыю ў Менску, каб прадставіць наш даклад прадстаўнікам усіх сродкаў масавай інфармацыі – дзяржаўным і недзяржаўным, недзяржаўным арганізацыям, а таксама мець дыскусію на тэму свободы слова ў Беларусі. Мы таксама плянавалі правесьці сустрэчы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі дзяржаўнай адміністрацыі, асобамі зь Дзяржаўнага камітэту ў справах друку, рознымі парлямэнцкімі камісіямі, якія займаюцца праблемамі свабоды слова. Мы плянуем выказаць наш пратэст супраць тых вельмі жорсткіх і неспрыяльных умоваў, у якіх дзейнічае незалежная прэса ў Беларусі”.

А ці беларускія ўлады былі паінфармаваныя пра мэты і час вашага візыту ў Беларусь? Экспэрт міжнароднай праваабараончай арганізацыі “Article 19” Малькольм Гоўкс адказавае:

(Гоўкс: ) “Мы абсалютна адкрытыя для беларускіх уладаў, мы не рабілі ніякага сакрэту пра мэты нашага візыту. Разам са мной у Менск зьбіраецца ехаць выканаўчы дырэктар “Article 19”. Мы паведамілі пра нашае жаданьне правесьці сустрэчу зь беларускімі ўладамі. У нас ёсьць дасьледчыца на месцы ў Беларусі, якая працуе там ужо 10 месяцаў. Яна жыве і працуе ў Беларусі і супрацоўнічае зь Беларускай Асацыяцый Журналістаў. Улады дакладна ведаюць пра ўсе аспэкты нашага візыту, і мы спадзяемся, што ён адбудзецца”.

А вось што расказаў Малькольм Гоўкс пра кантакты “Article 19” з прадстаўнікамі беларускай апазыцыі.

(Гоўкс: ) “У нашым дакладзе мы сканцэнтравалі ўвагу на сытуацыі незалежнай прэсы. Я асабіста, напрыклад, зрабіў інтэрвію з прадстаўнікамі практычна ўсіх незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Зразумела, што падчас гэтай працы я меў кантакты з прадстаўнікамі беларускай палітычнай апазыцыі. Я ўжо шмат гадоў займаюся Беларусьсю. У мяне там шмат кантактаў у галіне праваабарончай дзейнасьці”.

Падчас размовы з Малькольмам Гоўксам мы закранулі і праблему сытуацыі незалежнай прэсы ў пэрыяд прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі.

(Гоўкс: ) “Адзін з важных аспэктаў нашага дакладу – гэта сытуацыя незалежнай прэсы ў пэрыяд напярэдадні парлямэнцкіх выбараў у кастрычніку летась. Мы таксама пішам аб тым, што падобная сытуацыя можа паўтарыцца і падчас прэзыдэнцкіх выбараў у верасьні сёлета. Высьвятляецца, аднак, што ўрад зусім не зьбіраецца зьмяняць сваю вельмі жорсткую палітыку ў галіне свабоды слова нават напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў. І тая рэпрэсіўная атмасфэра, у якой адбудуцца гэтыя выбары, на нашую думку, робіць іх нелегітымнымі. Я б вельмі хацеў, каб наш даклад змог пераканаць улады зьмяніць іх палітыку, каб улады дазволілі свабоднае распаўсюджваньне незалежнай прэсы, спынілі перасьлед журналістаў і выкарыстаньне рэпрэсіўнай падатковай тактыкі, а таксама іншыя рэпрэсіўныя дзеяньні. Але малапраўдападобна, каб такое магло здарыцца”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG