Лінкі ўнівэрсальнага доступу

25 КАНДЫДАТАЎ – ХТО ЗЬ ІХ “НАРОДНЫ”, “НАМЭНКЛЯТУРНЫ”, “ПРАМАСКОЎСКІ”?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Віталь Цыганкоў, Алег Грузьдзіловіч, Уладзімер Глод

(Цыганкоў: ) "Сёньня мы ўжо дакладна можам назваць колькасьць ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь — такіх заявак падалі 25.

І цяпер мы можам аналізаваць нейкую канфігурацыю прэзыдэнцкай кампаніі, тое, якія блёкі могуць стварыць гэтыя кандыдаты.

У нашай апошняй экспэртызе, у чацьвер, мы гаварылі пра тое, што ў гэтай выбарчай кампаніі адрозна ад выбараў 1994 году даволі мала выпадковых людзей. Але апошнія два дні, асабліва ў пятніцу, падалі дакумэнты многія, каго дакладна можна назваць выпадковымі.

Я назаву толькі некаторыя прозьвішчы, каб паказаць, што гэтыя людзі ад прэзыдэнцкай кампаніі найперш чакаюць падвышэньня свайго рэйтынгу, сваёй стаўкі ва ўласнай прафэсійнай дзейнасьці. Гэта найперш бізнэсоўцы — як Данькоў, дэпутат "палаты прадстаўнікоў" і бізнэсовец Скрабец, а таксама даволі вядомы артыст Крыжаноўскі й некаторыя іншыя.

Думаю, ня варта пералічваць гэтыя прозьвішчы, а варта спыніцца на тым, які старт прэзыдэнцкай кампаніі дае той факт, што падалі дакумэнты 25 ініцыятыўных групаў?"

(Глод: ) "Мне здаецца, што лічба 25 мае і адмоўны, і разам з тым станоўчы эфэкт. Што я маю на ўвазе, кажучы пра станоўчы эфэкт? Калі сёньня шмат хто пытаецца: а хто ж будзе альтэрнатывай Лукашэнку, альтэрнатывы, маўляў, няма — дык мы бачым, што ёсьць ажно 24 асобы, якія лічаць сябе альтэрнатывай Лукашэнку. І гэта безумоўна станоўча.

Але з другога боку, зьяўленьне такіх фігур, пра якіх згадваў Віталь Цыганкоў, дае адмоўны эфэкт. Лукашэнку вельмі лёгка цяпер выкарыстоўваць народную прымаўку — казаць, што гэта несур'ёзныя людзі, "і жук і жаба" лезуць у прэзыдэнты".

(Грузьдзіловіч: ) "У гэтым я згодны з Уладзімерам Глодам. На маю думку, гэта будуць ня выбары паміж рознымі ідэалёгіямі, а выбары за Лукашэнку ці супраць. Тое, што знайшліся 24 чалавекі, якія сябе вызначаюць апанэнтамі Лукашэнкі, гэта выдатна, гэта сьведчыць пра тое, што цяперашні прэзыдэнт грамадзтву ўжо надакучыў.

Але варта пагадзіцца з заўвагай наконт таго, што прэтэндэнтаў замнога, і галоўнае, сярод іх мала пазнавальных. Фактычна цалкам пазнавальныя толькі Лукашэнка і Пазьняк".

(Цыганкоў: ) "Гаворачы пра колькасьць кандыдатаў, варта адразу адзначыць, што большасць зь іх ня дойдзе да наступнага этапу, не зьбярэ неабходных 100 тысяч подпісаў. Я ўжо не кажу пра нейкія процідзеяньні ўлады, а мяркую паводле рэсурсаў прэтэндэнтаў.

Нагадаю, у 1994 годзе пачыналі выбарчую кампанію 18 чалавек, а на фінішную прамую выйшлі 6 кандыдатаў, за якіх ужо галасавалі людзі. На маю думку і без узьдзеяньня ўлады наўрад ці колькасьць тых, хто дойдзе да выбараў, будзе большай за 10 чалавек. А яшчэ трэба ўлічваць, што ўлада пэўна будзе рабіць свой адсеў, свой выбар.

Сацыёлягі яшчэ за некалькі месяцаў да выбараў вызначылі тры ўмоўныя варыянты, схемы, паводле якіх альтэрнатыўны кандыдат можа перамагчы Лукашэнку. Гэта, умоўна кажучы, "намэнклятурны", "народны" і "прамаскоўскі" кандыдат.

Давайце паспрабуем паразважаць, якія з кандыдатаў у гэтыя схемы ўпісваюцца, хто зь іх больш падыходзіць да гэтых плыняў?"

(Глод: ) "Калі адысьці ад канкрэтных імёнаў, то перамога Лукашэнкі ў 1994 годзе азначала адыход ад улады менскай прамысловай групоўкі.

Прыйшла тады нейкая магілёўская — напалову аграрная, напалову нявызначаная групоўка. І зараз менчукі, здаецца, хочуць узяць рэванш. І фігура, якую яны для гэтага абралі, даволі цікавая і, на маю думку, прахадная — гэта Міхаіл Марыніч. Я не выключаю, што за ім стаіць і Міхаіл Мясьніковіч, і нават Уладзімер Ярмошын.

Усе гэтыя людзі цалкам зьвязаныя між сабой працай у сталіцы Беларусі, зьвязаныя з прамысловасьцю. Гэтыя людзі ў пэўнай ступені хочуць рынкавых пераменаў. Таму я думаю, што намэнклятурны варыянт будзе найперш замыкацца на фігуры Марыніча".

(Грузьдзіловіч: ) "Наконт "народнага" і "прамаскоўскага" кандыдата. Мне здаецца, што зьяўленьне Натальлі Машэравай прэтэндуе аб’яднаць гэтыя два паняцьці. Па-першае — "народны", дык тут усё зьвязана з прозьвішчам Машэрава, і людзям ня трэба нічога тлумачыць. А па-другое, "прамаскоўскі", бо сёньня ёсьць прыкметы, што менавіта на яе могуць паставіць у Маскве.

Калі ёй забясьпечаць фінансавую й ідэалягічную падтрымку праз пэўныя расейскія СМІ, калі будуць нэўтралізаваныя ейныя канкурэнты, калі ёй створаць спрыяльнае для Масквы амплюа, тады яна можа аб’яднаць гэтыя два кампанэнты і якасна падвысіць свае шанцы стаць прэзыдэнтам".

(Цыганкоў: ) "Мне здаецца, са зьяўленьнем Машэравай можна перагледзець некаторыя тэзысы, якія былі ўжо неяк утрамбаваныя ў думкі аналітыкаў.

Напрыклад, тое, што ў Беларусі ня можа перамагчы жанчына. Гэта быў даволі абстрактны тэзыс, не зьвязаны з канкрэтным прозьвішчам. А па-другое, жыцьцё паказвае, што часам беларускія выбарцы абвяргаюць самыя правільныя пабудовы сацыёлягаў. Іх разбурае нейкая асоба альбо абставіны, і людзі выбіраюць тых, хто не падпадаў пад схемы аналітыкаў і сацыёлягаў".

(Грузьдзіловіч: ) "Роля Машэравай пакуль што ёсьць інтрыгай гэтых выбараў. Ці сапраўды яна прэтэндуе на галоўныя ролі альбо яна выконвае другасныя?

Пры гэтым другарадная роля можа быць дваістай. Першы варыянт: яна працуе на Лукашэнку і кансалідуе электарат, які сумуе па савецкім часе. А потым аддае свае галасы Лукашэнку.

Другі варыянт: Машэрава гуляе на баку Масквы, яна супраць Лукашэнкі. На гэта сьведчаць апошнія зьвесткі — што яна езьдзіла ў Маскву пасьля таго, як ёй прапаноўвалі пасаду віцэ-прэм’ера Беларусі ды адмовілася ад гэтай пасады.

Другая інтрыга — зьяўленьне Марыніча.Зараз уся беларуская намэнклятура ў роспачы. Яна ня ведае, як гэта тлумачыць. Ці значыць гэта, што сапраўды ёсьць велізарная моцная групоўка (усім здавалася, што іх ужо няма), і калі яна ёсьць, то намэнклятура зараз ня ведае, што рабіць. Гэты час вызначальны для яе".

(Глод: ) "Так, Натальля Машэрава будзе таксама знакавай фігурай разам з Лукашэнкам і Пазьняком. Зараз улады будуць перад цікавым выбарам. Калі будзе шмат кандыдатаў у бюлетэнях, то прозьвішчы сур’ёзных кандыдатаў растворацца ў сьпісе 12-14 асобаў. І гэта для ўлады добра.

На мой погляд, найбольш цікавай падзеяй выбараў будзе сытуацыя, калі Машэрава, Марыніч і кандыдаты пяцёркі раптам аб’яднаюць свае сілы. Тады выбарчая кампанія набудзе абсалютна новы характар".

(Цыганкоў: ) "Калі гэта сапраўды адбудзецца, зьменіцца ўвесь малюнак кампаніі. Але я хачу зазначыць, што ён ужо ў пэўным сэнсе зьмяніўся пасьля таго, як зарэгістравалі ініцыятыўную групу Зянона Пазьняка.

Пазьняк — сапраўды знакавая фігура. Часта ў правінцыі (асабліва заходняй) акрамя Лукашэнкі й Пазьняка іншых палітыкаў людзі проста ня ведаюць.

Зьяўленьне Пазьняка ў пэўным сэнсе мяняе задачу пяцёркі. І асабліва пазыцыю правацэнтрысцкага Сямёна Домаша. Пазьняк, калі зьбярэ галасы, калі дойдзе да таго, што ягонае прозьвішча зьявіцца ў бюлетэнях, безумоўна, найперш у Домаша забярэ галасы.

І калі пяцёрка, як казаў Уладзімер, пачне аб’ядноўвацца з Машэравай і Марынічам, то Домаш якраз той чалавек, які можа ў такой сытуацыі ад пяцёркі адкалоцца.

Калі ўжо фантазіяваць на тэму магчымых блёкаў, то магчымае пэўнае збліжэньне Домаша з Пазьняком. Для Домаша аб’яднаньне з Машэравай і Марынічам будзе непрымальнае, як для нікога зь пяцёркі".

(Глод: ) "Не пагаджуся. На мой погляд, наадварот, Домаш якраз і будзе ініцыяваць далучэньне пяцёркі да Марыніча й Машэравай. Калі Домаш, гэтага ня зробіць, то можа застацца ні з чым. Са зьяўленьнем Пазьняка Домаш, каб захаваць твар, павінен прыцягнуцца да цэнтра".

(Цыганкоў: ) "Але ж людзі ня могуць галасаваць за пяцёрку — няма такога прозьвішча ў бюлетэні. Гэта будзе нехта адзін зь іх. А хто будзе прадстаўляць левацэнтрысцкі блёк, дапусьцім, з Машэравай і Марынічам? Можа, Ганчарык, можа Чыгір, але ніяк ня Домаш. У такім хаўрусе ён можа растраціць свой электарат".

(Грузьдзіловіч: ) "Мне здаецца, са зьяўленьнем Пазьняка пра пяцёрку ўвогуле можна забыць. Яна раскалваецца. Ня толькі Домашу давядзецца шукаць сваю новую нішу. Вымушаны шукаць новых хаўрусьнікаў і Чыгір, якому абавязкова трэба дыстанцыявацца ад пяцёркі ды ісьці бліжэй да блёку з Машэравай, Марынічам.

Яму трэба нешта зрабіць, каб вылучыцца на першыя ролі. Праблема і Чыгіра, і Калякіна, і Ганчарыка, што яны раствараюцца ў гэтым блёку, у пяцёрцы.

Трэба не забывацца, што акрамя такіх пазнавальных фігураў як Пазьняк, Лукашэнка, Машэрава ў сьпісе ёсьць асобы, якія могуць выскачыць як Піліп з канапель. Напрыклад, Сяргей Антончык. Калі ён здолее завалодаць сытуацыяй і зрабіць нешта экстраардынарнае, ён можа зрабіцца трэцяй сілай. Увогуле, адной зь вялікіх інтрыгаў гэтых выбараў ёсьць тое, што на нішу трэцяй сілы прэтэндуе шмат людзей, і шмат хто сапраўды можа ёй стаць".

(Цыганкоў: ) "Гэтая кампанія вымагае ад беларускіх палітыкаў вялікай інтэлектуальнай і тэхналягічнай працы. Столькі зьявілася камбінацыяў, што ўсім прыйдзецца прапаноўваць сябе ў розныя блёкі. Менавіта ад гэтага, ад таго, наколькі ўдасца розным палітыкам згрупавацца, зразумець, што перад імі адзіная мэта — ад гэтага залежыць пэрспэктыва перамогі альтэрнатыўнага кандыдата. Гэта пытаньне палітычнай адказнасьці".

(Грузьдзіловіч: ) "Галоўнае дасягненьне гэтых выбараў на сёньняшні дзень я бачу ў тым, што ўсе кандыдаты вымушаныя крытыкаваць Лукашэнку і ствараць такі адзіны антылукашэнкаўскі фронт.

Вось кандыдат, які зьяўляецца амбасадарам Беларусі ў Латвіі, Марыніч — ён выходзіць да людзей зь лёзунгам "трэба спыніць тое, што краіна коціцца ў тупік, ідзе да бездані". Машэрава вымушаная казаць, што трэба шукаць іншы, новы курс да новага жыцьця. Усе астатнія вымушаныя пець тую ж песьню.

Цяперашнія ўмовы Лукашэнкі — як у таго ж Кебіча ў 1994-м, калі ўсе былі супраць яго. Лукашэнку будзе вельмі складана. Стартавыя магчымасьці для тых, хто жадае прыходу новай улады, ёсьць".

(Глод: ) "У Лукашэнкі па сутнасьці адзін шанец — растварыць у гэтым вялізным сьпісе кандыдатаў знакавыя асобы".
XS
SM
MD
LG