Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ЗАБАРАНІЛІ ЖАЛОБНАЕ ШЭСЬЦЕ ДА МЕСЦА РАССТРЭЛАЎ ОРГАНАМІ НКВД ВЯЗЬНЯЎ ІГУМЕНСКАЙ ТУРМЫ


Ігар Карней, Менск

Сёньня старшыня раённай рады БНФ Генадзь Матусевіч атрымаў канчатковую адмову ў правядзеньні шэсьця ад былой ігуменскай турмы да месца масавых расстрэлаў органамі НКВД ва ўрочышчы "Цагельня". Дазвол далі толькі на мітынг у лесе. Арганізатары акцыі лічаць гэта абуральным: сёлета якраз 60-я ўгодкі трагедыі. Гаворыць Генадзь Матусевіч:

(Матусевіч: ) "Найперш перанесьлі дзень — з 23-га на 24-га, а потым забаранілі й само шэсьце. Па цалкам надуманых прычынах: быццам будзе перашкода руху транспарту й мінакоў. Лухта. Край гораду, транспарт ходзіць вельмі рэдка, а мінакам хапае ходнікаў.

Усё абставілі ўмовамі: каб самі наводзілі парадак (міліцыянтаў могуць прыставіць толькі пры ўмове папярэдняй аплаты — як быццам мы не грамадзяне сваёй краіны), мэдычнае абслугоўваньне павінны таксама арганізаваць самі й дакласьці пра гэта ў выканкам".

(Карэспандэнт: ) "Што вы плянуеце ў такой сытуацыі рабіць?"

(Матусевіч: ) "Я павінен параіццца зь людзьмі, якія да нас прыяжджаюць. Ці 23-га праводзіць, як гэта зручна нам і замежным гасьцям, ці 24-га, як лічаць улады".

Спадар Матусевіч дадаў, што першыя пагрозы на адрас арганізатараў шэсьця прагучалі яшчэ мінулай восеньню. Тады намесьнік старшыні Чэрвеньскага райвыканкаму Генадзь Завадзкі сказаў, што зробіць усё, каб зьліквідаваць гэтыя "нацыяналістычныя сходкі".

Генадзь Матусевіч у сваю чаргу лічыць, што існаваньне такіх шэсьцяў памяці не павінна залежаць ад прыхамаці дзяржаўнага чыноўніка. На каго можна арыентавацца ў тэрмінах, дык, бадай, толькі на тых, хто прыяжджае з-за мяжы. Прыкладам, дэлегацыю з Польшчы чакаюць менавіта 23-га, каб наступным днём людзі ўжо змаглі ад’ехаць дадому.

Яшчэ адзін арганізатар шэсьця, сябар сойму БНФ Валянцін Баранаў лічыць, што мэтады татальнага ўціску на нацыянальна сьвядомых людзей цягам шасьці дзясяткаў гадоў мала зьмяніліся.

(Баранаў: ) "Калі 26-га чэрвеня 1941-га году з ігуменскай турмы гналі людзей, то адпусьцілі крымінальнікаў, а людзей нармальных, якіх камуністы лічылі сваімі ворагамі, расстралялі. Так і сучасныя ўлады, калі праводзяць парады, нарады… Калі кіраўнік краіны ідзе наперадзе ўсіх сярод вэтэранаў Вялікай Айчыннай як Герой Савецкага Саюзу, то гэткім чынам яны імкнуцца зьнішчыць памяць, якая ім непрыемная".

(Карэспандэнт: ) "Пакуль па-ранейшаму няясная сытуацыя зь візамі для літоўскай дэлегацыі?"

(Баранаў: ) "Мы пакуль ўдакладняем сытуацыю. Сярод гасьцей павінна быць шмат дэпутатаў літоўскага Сойму. Калі не дадуць візы такім людзям, а таксама родзічам ахвяраў, якія тут загінулі, гэта будуць крокі, якія носяць зусім ня добрасуседзкі характар", — гаварыў адзін з арганізатараў шэсьця Валянцін Баранаў.
XS
SM
MD
LG