Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЫСУД ПРАФЭСАРУ БАНДАЖЭЎСКАМУ – 8 ГОД ТУРМЫ


Казімер Яноўскі, Гомель

Прафэсара Бандажэўскага прывезьлі ў абласны суд, дзе засядала вайсковая калегія, памежнікі. Апошнія восем сутак спадар Бандажэўскі знаходзіўся ў Гомельскім памежным атрадзе як затрыманы пры спробе перасячы з чужым пашпартам беларуска-ўкраінскую мяжу.

Афіцыйныя мас-мэдыі з гэтай нагоды цьвердзілі, што Юры Бандажэўскі быццам бы скарыстоўваў нелегальны канал, на шляху якога й зьнікалі беларускія выбітныя палітыкі. Сам Бандажэўскі літаральна за пяць хвілінаў да абвяшчэньня прысуду паведаміў на гэты конт нашаму радыё:

(Бандажэўскі: ) "Адкуль я ведаю. Я сядзеў усе гэтыя дні і шмат чаго перадумаў. Можа быць што заўгодна. Аднак нічога пэўнага сказаць не магу. Для мяне гэта ўсё — загадка, таямніца".

У наступныя дваццаць хвілінаў старшыня вайсковай калегіі палкоўнік юстыцыі Сукач аб'явіў, што прафэсара Бандажэўскага караюць васьмю гадамі турэмнага зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці і адбываньнем пакараньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. Такі ж вырак аб'яўлены і былому прарэктару Ўладзімеру Раўкову. Ім да таго ж прысудзілі сплачваць дзяржаве шматмільённыя сумы нібыта атрыманага хабару.

Іншым абвінавачаным у справе хабарніцтва — выкладчыцам Натальлі Фомчанцы, Ніне Шамычак і Лілі Ганчаровай — суд даў адпаведна па тры і два гады турэмнага зьняволеньня. Але пакараньне для іх — умоўнае і адтэрмінавана на гады прысуду. Да таго ж для выкладчыц суд скасаваў падпіску пра нявыезд.

Спраўдзілася тое, пра што казаў адвакат Бандажэўскага Аляксандар Баранаў яшчэ падчас выступу на працэсе дзяржаўных абвінаваўцаў. Ён заяўляў тады пра зьдзелку сьледзтва і памяркоўных падсудных. Якраз дзяржаўныя абвінаваўцы ў асобе прадстаўніка рэспубліканскай пракуратуры Мікалая Корзуна і вайсковага пракурора Алега Рудэнкі прасілі ў вайсковай калегіі Вярхоўнага суду мінімальнага пакараньня для выкладчыц, якія па сутнасьці агаварылі прафэсара Бандажэўскага.

Аднак Мікалай Корзун і зараз адмаўляе і зьдзелку, і палітычны характар судовага працэсу ў адносінах Бандажэўскага.

Вырак вайсковай калегіі канчатковы і абскарджваньню не падлягае. Можна хіба толькі падаць ліст з просьбай нагляду старшыні Вярхоўнага суду, генэральнаму пракурору альбо кіраўніку дзяржавы.

Што ж тычыцца затрыманьня Юр'я Бандажэўскага на мяжы з чужым пашпартам, то памежная служба дазнаньня сёньня спыніла да прафэсара ўсялякі перасьлед.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG