Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРАНАВІЦКІЯ ДЭМАКРАТЫ – ПА-ЗА ЎДЗЕЛАМ У ПРАЦЫ ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ


Алесь Горбач, Баранавічы

Паседжаньне пачалося з інцыдэнту: у малую залю гарвыканкаму, дзе ўсё і адбывалася, не пусьцілі старшыню Баранавіцкай арганізацыі БСДП “Народная Грамада” Ўладзімера Зуева ды кіраўніка мясцовай філіі праваабарончага цэнтру “Вясна” Сяргея Гоўшу.

Ім прыйшлося доўга весьці перамовы за дзьвярыма з загадчыцай агульнага аддзелу выканкаму Алай Селевай. Урэшце спадары Зуеў ды Гоўша самавольна зайшлі ў залю і запатрабавалі ад старшыні гарвыканкаму Віктара Дзічкоўскага, каб ім дазволілі прысутнічаць. Дэпутатам гарсавету і членам выканкаму нічога не заставалася, як задаволіць патрабаваньне.

Што ж тычыць саміх вынікаў так званага сумеснага паседжаньня, якое, да слова, ад пачатку і да канца вёў старшыня гарвыканкаму, то яны пераўзышлі нават самыя пэсымістычныя прагнозы.

У сваім дакладзе загадчык арганізацыйнага аддзелу гарвыканкаму Леанід Лойка адразу заявіў, што з дваццаці сямі заяваў дзевяць нават ня будуць разглядаць. Бо яны, маўляў, не адпавядаюць заканадаўству. Гэтую “чорную” дзевятку склалі якраз заявы ад дэмакратычных арганізацыяў.

Так, адразу “за бортам” апынуліся прадстаўнікі мясцовых філіяў БНФ “Адраджэньне” Мікола Северцаў, Таварыства беларускай мовы Ганна Драко, Фонду братоў Луцкевічаў Леанід Трухановіч, кіраўнік суполкі Свабоднага Прафсаюзу Мікола Блажэй ды іншыя. За вылучэньне ў склад камісіі лідэра мясцовых маладых сацыял-дэмакратаў Юліі Плотнікавай сабралі 250 подпісаў, у той час, як дастаткова 30, аднак і яна не патрапіла ў выбарчую камісію.

Такім чынам, Баранавіцкая гарадзкая камісія па выбарах прэзыдэнта сфармаваная, у большасьці, з тых асобаў, хто быў у складзе акруговых камісіяў падчас выбараў у "палату прадстаўнікоў".
XS
SM
MD
LG