Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАДПІСЫ НА СЬЦЕНАХ, ПАВОДЛЕ СУДЗЬДЗЯЎ, ПСУЮЦЬ ДЗЯРЖМАЁМАСЬЦЬ. МЕНАВІТА ЗРОБЛЕНЫЯ “ЗУБРАМІ”


Любоў Лунёва, Менск

Сёньня ў Менскім гарадзкім упраўленьні ўнутраных справаў сьледчы Аляксандар Алейнікаў зачытаў канчатковае абвінавачаньне чатыром сябрам незарэгістраванай арганізацыі "Зубар" у крымінальнай справе за графіці.

Выпускнікі менскіх унівэрсытэтаў Анатоль Алізар, Аляксандар Ермакоў, Сяргей Коктыш і Аляксей Шыдлоўскі, які раней за надпісы правёў у вязьніцы два з паловай гады, абвінавачваюцца ў псаваньні дзяржаўнай маёмасьці й нанясеньні матэрыяльных стратаў.

Яны напісалі слова "Зубар" на будынку Партызанскага райвыканкаму і на некалькіх дамах на вуліцы Захарава. Страты ацанілі ў 404 тысячы рублёў, гэта каля 300 амэрыканскіх даляраў. Хлопцаў суд можа пакараць штрафам, альбо двума гадамі працы на будоўлях, альбо пазбаўленьнем волі да трох гадоў, альбо арыштам да трох месяцаў.

Аляксей Шыдлоўскі лічыць, што на сьледзтва ціснуць зьверху:

(Шыдлоўскі: ) "Я лічу, што тут не абышлося бязь ціску на сьледзтва, хаця сьледчы Алейнікаў і так частку другую 218-га артыкулу перабіў на частку першую, а за гэта прадугледжанае менш жорсткае пакараньне. За гэта яму можна казаць "дзякуй".

Напярэдадні выбарчай кампаніі "Зубар" становіцца небясьпечным для ўладаў. Таму вось і пачынаюць крымінальныя справы на актывістаў. Улады спалохаліся нестандартных акцыяў і таго, што "Зубар" ня стаў у адзін шэраг зь іншымі апазыцыйнымі структурамі й выбіваецца зь іх. А сьмех — гэта для ўладаў самая страшная зброя".

— паведаміў Радыё Свабода Аляксей Шыдлоўскі ў будынку гарадзкога ўпраўленьня ўнутраных справаў.

Прыблізна праз тры тыдні ў Партызанскім судзе пачнецца суд над Аляксеем Шыдлоўскім, Аляксандрам Ермаковым, Сяргеем Коктышам і Анатолем Алізарам.
XS
SM
MD
LG