Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БАЎГАРЫ ДАВЕРЫЛІСЯ ЦАРУ


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Сёньня ж прэзыдэнт Баўгарыі Пётр Стаянаў павіншаваў “Нацыянальны Рух Сімяон Другі” з перамогай, але сказаў:

(Стаянаў: ) “Нават калі вы маеце шанец кіраваць самастойна, усё адно лепш скарыстацца з дасягненьняў, патэнцыялу і досьвіду іншых палітычных партыяў і вядомых баўгарскіх дзеячаў.

Кааліцыя Сімяона Другога мае палову месцаў ў парлямэнце і ўжо гэтая перамога сталася цяжкім ударам па палітычных сілах, якія кіравалі Баўгарыяй ад часу краху камунізму ў 1989 годзе.

Заснаваны ў сёлетнім красавіку Рух, праз два месяцы свайго існаваньня заваяваў прыхільнасьць больш як 43% выбаршчыкаў. На другім месцы з 20% галасоў апынуўся Саюз Дэмакратычных Сілаў, які цяпер кіруе краінай. Трэцяе месца ў былых камуністаў, а цяпер сацыялістаў і чацьвертае – у этнічнага турэцкага “Руху за правы і свабоды”.

Перамога “Нацыянальнага Руху Сімяон Другі” азначае, што ён будзе мець прыблізна 120 з 240 месцаў у парляманце і паспрабуе сфармаваць габінэт міністраў, – піша сёньняшняя New York Times.

Цяперашняе кіраўніцтва Баўгарыі прыйшло да ўлады ў 97 годзе на хвалі вулічных пратэстаў супраць эканамічнага крызыса, да якога прывялі краіну сацыялісты.

Тады, новы прэм’ер-міністар Іван Костаў стабілізаваў эканоміку, пачаў прыватызацыю нацыяналізаваных галінаў прамысловасьці, зачыніў нерэнтабельныя бізнэсы і атрымаў падтрымку Эўрапэйскага Зьвязу і НАТА. Ня гледзячы на адмоўны ўплыў косаўскага канфлікту на баўгарскую эканоміку, а таксама вайну ў суседняй Македоніі, – піша New York Times, – сытуацыя ў Баўгарыі была ўстойлівай.

Рух Сімяона Другога згуляў на зьніжэньні папулярнасьці Костава, якая ўпала ў выніку высокага ўзроўню баспрацоўя, нізкага ўзроўню жыцьця і скандалаў у якіх былі замешаныя сябры габінэту міністраў.

Вынікі нядзельнага галасаваньня, паводле газэты, ня толькі ў пакараньні цяперашняга прэм’ера, а і ў сур’ёзным удары па камуністах, якія перайшлі на пазыцыі слабой трэйцяй сілы.

Сімяон Другі быў каранаваны ў 1943 годзе ў шасьцігадовым узросьце, пасьля сьмерці ягонага бацькі Барыса ІІІ, – піша сёньняшняя Washington Post. Выгнаны камуністамі з краіны ў 1946 годзе, ён зь 9 гадоў жыў у Мадрыдзе, дзе працаваў бізнэс-кансультантам. Сімяон ніколі не выракаўся трону. Паводле цяпершняга заканадаўства ён ня можа займаць пасаду прэм’ер-міністра. Ягоныя прыхільнікі называюць яго “Ваша вялікасьць”. Сімяон не выключае аднаўленьня моцнай канстытуцыйнай манархіі, але адзначае, што асноўныя намаганьні трэба сканцэнтраваць на стварэньні моцнай эканомікі. У разе эканамічнага посьпеху цьвёрдая адданасьць баўгараў рэспубліканскай форме кіраваньня можа пахіснуцца.

Сімяон Другі выстаўляе праграму 800 дзён. За гэты час ён абяцае прыцягнуць замежныя інвэстыцыі, падвысіць узровень жыцьця, зьнізіць падаткі і адрадзіць маральнасьць.

Але першая задача, якая стаіць перад Сімяонам Другім, гэта адшуканьне кандыдата на прэм’ер-міністра і фармаваньне кабінэту. Саюз Дэмакратычных Сілаў начале з Коставым яшчэ вагаецца паміж кааліцыяй з манархам і сыходам у апазыцыю, у той час як сам Сімяон выступае за кааліцыйны ўрад на шырокай аснове.

“Як мы неаднаразова заяўлялі, Нацыянальны Рух Сімяон ІІ” гатовы ўзяць сваю частку палітычнай адказнасьці ў кіраўніцтве краінай. Нягледзячы на немалую колькасьць папрокаў, сказаную ў ягоны бок у часе перадвыбарчай кампаніі, я ізноў дэклярую, што Рух будзе імкнуцца да кааліцыйнага кіраваньня з тымі палітычнымі сіламі, якія падзяляюць ідэі нашай праграмы”.

Канчатковыя вынікі парлямэнцкіх выбараў у Баўгарыі будуць вядомыя ў сераду і цалкам магчыма, што да гэтага часу “Нацыянальны Рух Сімяон Другі” атрымае яшчэ адно парлямэнцкае месца, а разам зь ім і абсалютную бальшыню ў парлямэнце.

XS
SM
MD
LG