Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАНС ГЕОРГ ВІК АБВЕРГ ПАВЕДАМЛЕНЬНІ, ШТО ЯМУ ТРЭБА ПРАЦЯГВАЦЬ ПАЎНАМОЦТВЫ


Уладзімер Глод, Менск

Да сёньняшняга дня КНГ АБСЭ займала частку будынка Міжнароднага адукацыйнага цэнтру, які ёсьць сумесным беларуска-нямецкім прадпрыемствам.

Пераезд супрацоўнікаў КНГ не запатрабаваў шмат часу, бо новы офіс знаходзіцца недалёка — 50 мэтраў ад адукацыйнага цэнтру. Гэта невялікі трохпавярховы будынак з кабінэтамі й актавай заляй. На пабудову пайшло, калі паводле беларускіх мерак, зусім мала часу — менш як год.

Ганс-Георг Вік пасьля таго, як паказаў мне новы будынак, нагадаў, што мандат групы быў вызначаны ў 1997 годзе і зноў пацьверджаны Дэклярацыяй стамбульскага саміту напрыканцы 1999 году. На думку амбасадара Віка, зараз вельмі важна зноў сказаць пра тэрміны дзеяньня гэтага мандату. Гаворыць Ганс-Георг Вік:

(Вік: ) "Што тычыцца мандату КНГ АБСЭ, дык хачу пацьвердзіць, што ен не абмежаваны паводле часу".

Спадар Вік нагадаў таксама, што кіраўніком групы ён быў прызначаны ў 1997 годзе тагачасным дзейным старшынём АБСЭ. А пра далейшую працэдуру Вік гаворыць наступнае:

(Вік: ) "З таго часу кожны новы дзейны старшыня АБСЭ, які штогод прыходзіць да ўлады, пацьвярджае гэтае прызначэньне. Ён задае прадстаўнікам усіх краінаў-сябраў АБСЭ пытаньне: "Ці гатовыя вы падтрымліваць дзейнасьць спадара Віка?" Апошні раз мае паўнамоцтвы пацьвердзіў міністар замежных справаў Румыніі".

Амбасадар Вік абверг паведамленьні некаторых беларускіх мэдыяў пра тое, што яму трэба працягнуць свае паўнамоцтвы на другую палову году. На ягоную думку, такую інфармацыю маглі даць людзі альбо зацікаўленыя ў ягонай дыскрэдытацыі, альбо якія пераблыталі дзьве рэчы — працяг паўнамоцтваў, што адбываецца раз на год, і рэалізацыю фінансавай часткі кантракту, якая сапраўды зацьвярджаецца двойчы на год.

XS
SM
MD
LG