Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ. ВЫБАРЫ: ДЗЕ ЎВЕДАЦЬ ПРА КАНДЫДАТАЎ, РАСПАЎСЮД КАМПРАМАТАЎ У СЕЦІВЕ


Вольга Караткевіч, Прага

“У сілавых структурах працуюць людзі ня з Космасу. Яны хочуць жыць у прававой дзяржаве. Таму сысьці Аляксандру Лукашэнку прыйдзецца”, - гэта цытата аднаго з патэнцыйных кандыдатаў на пасаду пэзыдэнта Беларусі Сяргея Калякіна. Цытата зьмешчаная ў адпаведнай рубрыцы – “Цытата дня” – на новым сайце інфармацыйнай кампаніі БелаПАН.

Гэты сайт павінен дапамагчы арыентавацца ў прэзыдэнцкай кампаніі. На ім зьмешачныя аналітычныя артыкулы, апошнія навіны, зьвзаныя з выбарамі, сацыялягічныя дадзеныя. Адрас: www.elections.belapan.com. Калі інфармацыйнымі выпускамі БелаПАН можна карыстацца толькі праз падпіску, дык сайт Выбары 2001 – адкрыты для карыстальнікаў, значыць, - бясплатны.

Рэдактар сайту Аляксей Знаткевіч лічыць, што – цытую “у выбарчай кампаніі перапынку ўжо ня будзе і, калі б стваральнікі сайту лічылі выбары п’есай зь вядомым канцом, не ўзяліся б за праект”. Прычыны стварэньня сайту і прынцыпы інфармацыйнай палітыкі тлумачыць дырэктар кампаніі БелаПАН Алесь Ліпай:

(Ліпай: ) “Па-першае, колькі б людзей ня мелі доступу да Інтэрнэту ў Беларусі, але тыя, хто маюць, таксама вельмі важная катэгорыя, пра іх нельга забывацца. Па-другое, БелаПАН ня мае зараз магчымасьці выдаваць штодзённую газэту, а праз БелаПАН можна ў рэжыме рэальнага часу выдаваць навіны пра хаду перадвыбарчай барацьбы. Нарэшце, гаворка йдзе ня толькі пра тое, каб грамадзяне Беларусі карысталіся гэтай інфармацыяй, а каб пра ход перадвыбарчай кампаніі ведалі ва ўсім сьвеце…”

(Караткевіч: ) “Адпаведна, пытаньне мовы – ці будзе ангельскамоўная вэрсія?”

(Ліпай: ) “Гэты сайт будзе рабіцца на трох мовах: беларускай, расейскай і англамоўнай. Цягам тыдня ўсе гэтыя тры мовы будуць у адкрытым доступе”.

(Караткевіч: ) “Алесь, вось ужо Белорусская деловая газета робіць прыкладна падобны праект – Выбары 2001. Чым ваш сайт адрозьніваецца?”

(Ліпай: ) “Я думаю, што, найперш, апэратыўнасьцю, таму што тая ж БДГ на сваім сайце выкарыстоўвае навіны БелаПАН – гэта значыць, навіны ня зь першай крыніцы. На нашым сайце будзе самая поўная, апэратыўная і аб’ектыўная інфармацыя пра ход перадвыбарчай барацьбы. Гэта ня ёсьць сайт пад нейкага кандыдата, гэта сайт пра ўсіх кандыдатаў. Я мяркую, што наш сайт будзе адзіным месцам, дзе ўсе кандыдаты на прэзыдэнта ў Беларусі будуць мець роўныя магчымасьці, роўныя ўмовы перадвыбарчай барацьбы”.

(Караткевіч: ) “Ці ўжо зацікавіліся патэнцыйныя кандыдаты вашай старонкай, ці гаварылі пра інфармацыйнае супрацоўніцтва?”

(Ліпай: ) “Так, ужо было некалькі званкоў патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, аднак яшчэ раз хачу падкрэсьліць, што мы ня будзем працаваць ні пад кога”.

(Караткевіч: ) “Што апроч аналітыкі, сацыялёгіі і інфармацыйнай падборкі можа яшчэ зьявіцца цягам прэзыдэнцкай кампаніі?”

(Ліпай: ) “Пасьля рэгістрацыі ініцыятыўных групаў у нас будуць зьяўляецца апэратыўныя камэнтары, матэрыялы, зьвязаныя зь PR тэхналёгіямі, і матэрыялы, зьвязаныя з кампраматнымі войнамі, якія, напэўна, будуць весьціся пад час кампаніі”.

Гэта быў дырэктар кампаніі БелаПАН, якая распачала новы Інтэрнэт-праект “Выбары 2001”: www.elections.belapan.com.

Алесь Ліпай узгадаў кампраматныя войны ў часе выбарчай кампаніі. Ужо тыдзень назад літаральна інфармацыйнай бомбай стала распаўсюджанае празь Інтэрнэт інтэрвію двух былых пракурораў Петрушкевіча і Случака, якія ў гэтым інтэрвію сьведчаць пра далучанасьць вышэйшага кіраўніцтва краіны да зьнікненьня людзей. Тэкст зьмясьцілі бальшыня беларускіх незалежных сродкаў масавай інфармацыі. Найперш мэдыям даслалі тэкст інтэрвію.

Цягам наступных дзён журналісты ўжо былі ў чаканьні наступных матэрыялаў, якія б пацьвярджалі сэнсацыйнае інтэрвію. У аўторак у Інтэрнэце ўжо зьявіліся фатаздымкі Петрушкевіча і Случака. Далей-болей- дакумэнты. Адной зь першых, ужо ў нядзелю, 10-га чэрвеня, згаданае інтэрвію зьмясьціла газэта Наша Свабода, праз некалькі гадзінаў пасьля таго, як інтэрвію разаслалі. Газэта вядомая тым, што сьмела разьмяшчае матэрыялы, якія могуць зачапіць улады. Матэрыялы гэтыя, як правіла, найперш зьяўляюцца ў Сеціве, якое дакладнасьці не гарантуе. І гэта спараджае пытаньні. На сувязі галоўны рэдактар газэты “Наша Свабода” Павал Жук:

(Жук: ) “Мы ня першы раз выстаўляем на сайт матэрыялы, якія прыходзяць да нас празь Інтэрнэт. І, як правіла, гэтыя матэрыялы атрымоўвалі пацьверджаньне. Вядомы доктар Шчыгельскі і ягоны дыягназ мы таксама ўзялі зь Інтэрнэту. Ясна, што мы ўсё гэта правяраем, правяраем праз свае крыніцы, якія ёсьць у нас ва ўсіх сфэрах, у тым ліку ў пракуратуры, у сьледчых ворганах”.

(Караткевіч: ) “Тое, што называецца “кампраматнымі войнамі” з выкарыстаньнем Інтэрнэту – яна ўжо мае пэўную гісторыю ў Беларусі. Якая яе мэта і эфэктыўнасьць для ўдзельнікаў?”

(Жук: ) “Ведаеце, у нас няма жаданьня кампрамэтаваць уладу – мы проста даем інфармацыю, а людзі ўжо, якія гэтую інфармацыю спажываюць, яны робяць свае высновы. І, скажам, у беларускай гісторыі пакуль, я думаю, няма асаблівых такіх прыкладаў, калі ўлада пахіснулася ад таго, што празь Інтэрнэт былі прадстаўленыя нейкія матэрыялы. Хаця вось апошнія матэрыялы – гэта, я лічу, што ўпершыню ёсьць дакумэнтальнае пацьверджаньне таго, што ўлады мелі прамое дачыненьне да зьнікненьня вядомых палітыкаў, журналістаў і гэтак далей. І гэта можа паўплываць на падзеі, гэта – выбары”.

(Караткевіч: ) “Ці былі выпадкі, калі вы адмаўляліся ад інфармацыі, распаўсюджанай электроннымі шляхамі?”

(Жук: ) “Ясна, што было. І ў большасьці свайго мы так і паступалі, бо празь Інтэрнэт да нас дасылаюць проста горы гэтай інфармацыі. Многае з таго, што прыходзіць, не атрымоўвае свайго пацьверджаньня. У дадзеным выпадку, калі вяртацца да апошніх падзеяў, да апошніх публікацыяў, зьвязаных са сьледчымі, якія далі інтэрвію, фатаздымкі, дакумэнты, далі пацьверджаньні тых працэсаў, якія былі ў Беларусі датычна зьніклых, мы правялі надта сур’ёзную працу для пацьверджаньня гэтых фактаў”.

(Караткевіч: ) “Я ўсё ж вярнуся да свайго пытаньня і папрашу прывесьці прыклад, калі атрыманая інфармацыя была вамі не скарыстаная”.

(Жук: ) “Напрыклад, да нас прыходзілі фатаздымкі атачэньня Аляксандра Лукашэнкі і яго самога ў лазьні. Мы не палічылі сваім правам паставіць гэта ў газэту. Такога кшталту матэрыялы закранаюць прыватнае жыцьцё людзей. Мы ня лічым сябе ў праве выстаўляць гэта напаказ”.

На сувязі ў Менску быў галоўны рэдактар газэты “Наша Свабода” Павал Жук. Дарэчы, зараз Радыё Свабода праводзіць апытаньне “Ці адважацца супрацоўнікі сілавых структураў Беларусі на новыя “ўцечкі” інфармацыі ў справах зьніклых палітыкаў? Выказаць Вашае меркаваньне можна па адрасе: www.svaboda.org .
На гэты момант бальшыня тых, хто пажадалі ўзяць удзел у апытаньні, адзказалі станоўча – так, адважацца.

Калі гаварыць пра цікавасьць да, скажам, “печанай” інфармацыі ў Інтэрнэце, дык тут яскрава сьведчыць прыклад сайту Радыё Рацыя. Рацыя атрымала праз свае каналы гукавы фрагмэнт інтэрвію аднаго са сьледчых і колькасьць тых, хто слухае радыё празь Інтэрнэт рэзка павялічылася. Гаворыць вэб-майстар Радыё Рацыя Павал Курза:

(Курза: ) “Фрагмэнт гучнага інтэрвію Дзьмітрыя Петрушкевіча, які быў зьмешчаны на сайце Радыё Рацыя 12—га чэрвеня, быў запатрабаваны за тры дні больш як 400-мі чытачамі нашай старонкі. Для параўнаньня – запісам эфіру Радыё Рацыя ў фармаце Real Audio кожны дзень карыстаюцца каля 30-ці чалавек. Па колькасьці наведваньняў гэты тыдзень – самы выніковы, а месяц, паводле статыстыкі будзе мець значны адрыў ад папярэдніх”.

Гэта быў вэб-майстар сайту Радыё Рацыя Павал Курза. Рэдакцыя выказвае меракаваньне, што атрыманыя сродкамі масавай інфармацыі матэрыялы справы Дзьмітрыя Завадзкага – не апошнія. Адрас сайту: www.racja.pl

І пры канцы перадачы Беларускі дыялёг на Інтэрнэце крыху на іншую тэму.

Беларускі Інтэрнэт салідарны з беларускімі праектамі і робіць прамоцыю нацыянальным каштоўнасьцям. Гэтымі днямі на шматлікіх сайтах – Дзед Талаш, Карчма ў Старога Язэпа, Хартыя-97, іншых зьмешчаная рэкляма канцэрту Я нарадзіўся тут. Канцэрт адбудзецца 18-га чэрвеня.

Я нарадзіўся тут – гэта музычны праект вядомых беларускіх музыкаў – з гурту Крыві, НРМ, Аляксандар Памідораў ды іншыя. Ідэя належыць Алесю Сушу.

Мы маем гэты дыск у рэдакцыі з надпісам, зробленым адным з аўтараў праекту Сяржуком Сокалавым-Воюшам “Ад Сушы – Людзям у Вушы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG