Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ КУЛЬТУРЫ ЗА МІНУЛЫ ТЫДЗЕНЬ


Юрась Барысевіч, Менск

У Стакгольме ў мастацкім цэнтры “Культур-х’юсэт” адчынілася выстава “Грошы й новая эканоміка”. Беларусь на ёй прадстаўляе канцэптуальны праект Артура Клінава “Маўзалеі для птушак”: восем велізарных (памерам з труну) чорных шпакоўняў, зробленых у архітэктурным стылі віленскага барока. Такім нязвыклым чынам Клінаў, вядомы як “мастак пахавальных абрадаў”, нагадаў скандынавам, што хаваць нябожчыкаў можна бліжэй да неба — на дрэвах, як гэта колісь рабілі фіны. Паводле мастацтвазнаўцы Міхася Раманюка, беларускія сяляне таксама часам хавалі нябожчыкаў у дуплах дрэваў.

Новы філіял Літаратурнага музэю Янкі Купалы адчыніўся ў вёсцы Яхімаўшчына Маладэчанскага раёну. Філіял музэю месьціцца ў былым бровары, дзе Купала колісь працаваў памочнікам вінакура й складаў вершы для свайго першага зборніку “Жалейка”. Сярод найбольш каштоўных экспанатаў — абраз Маткі Боскай Чанстахоўскай, які належаў маці паэта.

У Паставах пачаўся найбуйнейшы ў Беларусі фэстываль народнае музыкі “Зьвіняць цымбалы й гармонік”. Сёлета ў ім бярэ ўдзел каля 500 музыкаў з шасьці краінаў. Канцэрты ладзяцца ня толькі ў гарадзкім парку й навакольных вёсках, але і ў пастаўскім касьцёле. Упершыню ў межах фэстывалю праходзіць выстава прыватных калекцыяў музычных інструмэнтаў, назьбіраных ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.

Рэдакцыя незалежнага культуралягічнага часопісу "ARCHE" прысудзіла сваю штогадовую прэмію “За сумленнае слова” лідэру рок-гурта "NRM" Лявону Вольскаму. Летась такую прэмію атрымаў старшыня Беларускага Народнага Фронту Вінцук Вячорка. Узнагароджваньне Лявона Вольскага, аўтара тэкстаў “змагарскіх” песень для гуртоў "NRM" i "Zet", адбудзецца ў аўторак у Нацыянальнай бібліятэцы.

У Івянцы адкрылася выстава жывапісу Фэлікса Янушкевіча, прэзыдэнта Беларускай Акадэміі выяўленчага мастацтва. Сярод 20 палотнаў — краявіды Валожыншчыны, творы на тэму каталіцкіх сьвятаў, партрэты Адама Міцкевіча і Кастуся Каліноўскага. Паколькі ў Івянцы мастацкай галерэі няма, выстава праходзіць у музэі заснавальніка савецкага “гестапа” Фэлікса Дзяржынскага.

Беларуская Музычная Альтэрнатыва выпусьціла магнітаальбом са сьпевамі й дэклямацыямі паэта-канцэптуаліста Зьмітра Вішнёва “Муміі сусьлікаў”. Гэта першы ў беларускай літаратуры прыклад выданьня вершаў, пакладзеных на не прызначаную для танцаў авангардную музыку. Вокладку альбому аздабляе рэпрадукцыя карціны Вішнёва “Сьмерць аленя”.
XS
SM
MD
LG