Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЖОРДЖ БУШ: НАТА МУСІЦЬ ПАШЫРАЦЦА ДАЛЕЙ


Юры Дракахруст, Прага

(Буш: ) “Мой урад лічыць, што НАТА мусіць пашырацца. Мы ўпэўненыя, што ніхто ня можа быць адлучаны ад гэтага працэсу з прычыны сваёй гісторыі і геаграфічнага становішча, і што ніхто ня мае права вэта на ўступленьне ў альянс якой бы там ні было краіны”.

Гэтак заявіў сёньня прэзыдэнт Буш пасьля сустрэчы са сваім польскім калегам Квасьнеўскім. Тэза пра адсутнасьць у каго б там ні было права вэта на пашырэньне НАТА яўна адрасаваная Расеі, якая вельмі нэгатыўна ўспрымае далучэньне да Паўночна-атлянтычнага альянсу новых сябраў. Асабліва рэзка Масква выступае супраць ўступленьня ў НАТА балтыйскіх краінаў – былых савецкіх рэспублік. Але менавіта іх і тычыцца фраза з заявы прэзыдэнта ЗША наконт таго, што ні гісторыя, ні геаграфічнае становішча ня ёсьць падставаю для адмовы каму б там ні было ва ўступленьні ў НАТА.

Падобныя меркаваньні амэрыканскі лідэр выказваў неаднаразова, але ў дадзеным выпадку маюць значэньне і месца і час: прыгаданая заява зробленая ў Польшчы, якая нядаўна ўступіла ў НАТА і непасрэдна мяжуе з саюзьнікам Расеі – Беларусьсю. Апроч таго, прэзыдэнт Буш гаварыў пра адсутнасьць права вэта якраз напярэдадні размовы з расейскім лідэрам: заўтра ён сустрэнецца ў Любляне з Уладзімерам Пуціным.

Рашэньне пра прыём новых сябраў будзе прымацца ў будучым годзе на саміце НАТА ў Празе. Заяўкі на ўступленьне ўжо падалі 10 краінаў, у тым ліку Літва, Латвія і Эстонія.

New York Times цытуе словы літоўскага прэзыдэнта Адамкуса, які заявіў, што “сяброўства Літвы ў НАТА – гэта сыгнал Расеі, што яна ніколі больш ня зможа скарыць нас”.

Wall Street Journal ў сваім сёньняшнім нумары паведамляе пра спадзяваньні лідэраў балтыйскіх краінаў, што прэзыдэнт Буш у Варшаве назаве хаця б нейкіх кандыдатаў, але гэта не было зроблена.

New York Times піша пра занепакоенасьць балтыйскіх краінаў, што Вашынгтон можа пайсьці на зьдзелку з Масквою і пакінуць Літву, Латвію і Эстонію за межамі НАТА у абмен на падтрымку Расеяй праграмы стварэньня супрацьракетнай абароны. New York Times адзначае, што ў апошнія тыдні прэзыдэнт ЗША і ягоныя дарадцы выказваюцца наконт Расеі ў больш мягкіх танах, характарызуючы яе як партнэра ЗША па падтрыманьні міжнароднай стабільнасьці. Пра гэта Джордж Буш казаў і ў Варшаве:

(Буш: ) “Мы хочам, каб Расея была нашым партнэрам і саюзьнікам, партнэрам па забясьпячаньні міру і дэмакратыі, краінаю, якая мацуе свабоду і падтрымлівае бясьпеку ў Эўропе”.

І гэта ня толькі словы. На гэтым тыдні адзін зь вядучых зьнешнепалітычных дарадцаў прэзыдэнта ЗША Рычард Пёрл заявіў, што ЗША будуць настойваць на поўным сьпісаньні запазычанасьці Расеі савецкіх часоў, якое б абурэньне гэта ня выклікала ў Нямеччыны.

Расейская газэта “Коммерсантъ” характэрызуе гэтую прапанову як зьдзелку: “Грошы ў абмен на сыстэму супрацьракетнай абароны”.
Пакуль Масква дэманструе жорсткасьць у гэтым пытаньні. Учора расейскі лідэр сустракаўся з кіраўніком Кітаю Цзян Цзэ Мінем, які падтрымаў расейскае нэгатыўнае стаўленьне да антыракетнай ініцыятывы Вашынтгону. Да таго ж падчас пазаўчорашняга саміту НАТА ў Брусэлі з крытыкаю гэтых амэрыканскіх плянаў выступілі лідэры Францыі і Нямеччыны. Гэта, аднак, не выключае, што Масква можа пайсьці на саступкі, хаця б дзеля таго, каб ЗША не пачалі рэалізоўваць сваю праграму супрацьракетнай абароны ў аднабаковым парадку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG