Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЁНЬНЯ СКОНЧЫЛАСЯ СТВАРЭНЬНЕ ІНІЦЫЯТЫЎНЫХ ГРУПАЎ ПРЭТЭНДЭНТАЎ НА ПАСАДУ ПРЭЗЫДЭНТА — УСЯГО ІХ 25


Юры Сьвірко, Менск

Цэнтральная выбарчая камісія сёньня а 19-й гадзіне скончыла прыём сьпісаў ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта.

Апошнімі падалі адпаведныя заявы дэпутатка "палаты прадстаўнікоў" Натальля Машэрава, мастацкі кіраўнік тэатру сатыры "Хрыстафор" Яўген Крыжаноўскі, два невядомыя прэтэндэнты — менская бібліятэкарка Ніна Лабанава й дырэктар фірмы Валянцін Сямак, а таксама два вядомыя прадпрымальнікі Юры Данькоў і Валеры Леванеўскі.

24-м прэтэндэнтам на пасаду беларускага прэзыдэнта стаў дэпутат "палаты прадстаўнікоў" Сяргей Скрабец. Роўна а 19-й гадзіне 25-м стаў менскі пэнсіянэр Уладзімер Лапцэвіч, які ўжо некалькі разоў прыходзіў у Цэнтарвыбаркам, але для рэгістрацыі заўжды нечага не хапала.

На маё тэлефоннае пытаньне, ці прыняў ён усё ж такі заяву пра рэгістрацыю ініцыятыўнае групы ад спадара Лапцэвіча, сакратар Цэнтарвыбаркаму Мікалай Лазавік адказаў:

(Лазавік: ) "Так, прыняў. На гэты момант 25 заяваў".

(Карэспандэнт: ) "А больш ня будзе?"

(Лазавік: ) "Ну, ужо ўсё. Хто не пасьпеў — той спазьніўся. Па-мойму, на маім гадзіньніку ўжо 19 гадзін".

(Карэспандэнт: ) "Значыць, дваццаць пяць?"

(Лазавік: ) "Значыць, 25 — канчатковая лічба", — паведаміў спадар Лазавік.

А пачалося ўсё з ранішняга паседжаньня Цэнтарвыбаркаму, на якім сакратар камісіі абвесьціў, што ў сьпісах ініцыятыўнае групы Сямёна Домаша выявілі шмат недакладнасьцяў — каля 20% сябраў групы былі нібыта непаўнагадовыя. Спадар Домаш патлумачыў гэта памылкай кампутара, які зрабіў сябраў групы на 10 гадоў маладзейшымі. Сямён Домаш сам адклікаў свае сьпісы й падаў іх наноў. Праз гэтую акалічнасьць яго сёньня не рэгістравалі — пытаньне будуць разглядаць на апошнім паседжаньні Цэнтарвыбаркаму ў справе ініцыятыўных групаў апоўдні ў панядзелак.

Пакуль жа да двух зарэгістраваных раней групаў Віктара Цярэшчанкі ды Сяргея Гайдукевіча сёньня дадалося яшчэ 5. Першай зарэгістравалі групу экс-міністра абароны Паўла Казлоўскага, потым віцэ-прэзыдэнта створанай у Амэрыцы міжнароднае асацыяцыі "Абарона правоў чалавека" Мікалая Мякекі, далей — першага сакратара Партыі камуністаў беларускай Сяргея Калякіна.

Чацьвертым разглядалі пытаньне пра Зянона Пазьняка. Да ягонага прадстаўніка Сяргея Папкова было шмат пытаньняў ад сябраў Цэнтарвыбаркаму наконт месца пражываньня спадара Пазьняка. Нават такое: ці зьбіраецца Зянон Пазьняк прыехаць у Беларусь? Вось што адказаў Сяргей Папкоў:

(Папкоў: ) "Зянон Станіслававіч будзе арыентавацца на сытуацыю ў Беларусі палітычную, і, як толькі будзе першая магчымасьць, будзе тут у Менску".

Сакратар камісіі Мікалай Лазавік і ейная старшыня Лідзія Ярмошына выступілі за рэгістрацыю групы Пазьняка. Спадарыня Ярмошына таксама спаслалася на Канстытуцыйны суд, які сёньня даслаў наступны ліст: "Цэнтральная камісія мае права й падставы для рэгістрацыі Зянона Пазьняка". Паводле спадара Лазавіка, беларускае заканадаўства не вызначае дакладна паняцьце "сталае пражываньне", а любыя спрэчкі ў заканадаўстве мусяць трактавацца на карысьць грамадзяніна.

А вось у часе рэгістрацыі групы апошняга на сёньня прэтэндэнта — Аляксандра Лукашэнкі — спадарыня Ярмошына заявіла на паседжаньні, што гэта "бясспрэчнае пытаньне". Сытуацыю камэнтуе генэрал Павал Казлоўскі, групу якога рэгістравалі сёньня без такіх камплімэнтаў:

(Казлоўскі: ) "Бясспрэчнае! Калі б Цэнтарвыбаркам быў арганізацыяй, што выконвае закон, яна сёньня магла б знайсьці столькі прычын не дапусьціць да рэгістрацыі кандыдата Лукашэнку! Гэта яўна бачна сёньня, па ўчорашнім ягоным выступе на тэлебачаньні, па ягонай заяве з пагрозамі расейскаму тэлебачаньню і другім сродкам масавай інфармацыі. Агітацыйная кампанія, якая распачалася даўно — гэта ўсё парушэньні, але Цэнтральная выбарчая камісія робіць выгляд, што такога няма".

Старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына пазьней на прэсавай канфэрэнцыі адказала на пытаньне, ці ўсіх прэтэндэнтаў яна сустракае як спадара Лукашэнку на ганку Дома ўраду:

(Ярмошына: ) "Не, я сустракала толькі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і толькі ў яго прымала дакумэнты — у сілу таго, што ён ёсьць кіраўніком дзяржавы. Кіраўніка дзяржавы трэба паважаць".

Потым Лідзія Ярмошына на маё пытаньне пра тое, ці мусяць пайсьці ў адпачынак два прэтэндэнты — дзяржаўныя службоўцы Аляксандар Лукашэнка й амбасадар у Латвіі Міхаіл Марыніч, адказала гэтак: Лукашэнка — не, а Марыніч павінен узяць адпачынак, але толькі пасьля рэгістрацыі кандыдатам, якая адбудзецца ў пачатку жніўня.

Паводле Лідзіі Ярмошынай, усе кандыдаты будуць зарэгістраваныя не пазьней за 14 жніўня ды не раней за 9 жніўня, пасьля праверкі сабраных за іх подпісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG