Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ ПРОЦІДЗЕЙНІЧАЮЦЬ УВЯДЗЕНЬНЮ Ў СКЛАД ВЫБАРЧЫХ КАМІСІЯЎ ПРАДСТАЎНІКОЎ АПАЗЫЦЫІ


Віталь Цыганкоў, Менск

"Упершыню ў гісторыі Рэспублікі Беларусь фармаваньне тэрытарыяльных камісіяў ідзе ня так, як хоча ўлада", — заявіў сёньня намесьнік старшыні БНФ Вячаслаў Сіўчык на прэсавай канфэрэнцыі Міжпартыйнага цэнтру па вылучэньні прадстаўнікоў у склад выбарчых камісіяў.

У гэтую структуру ўвайшлі амаль усе партыі, афіцыйна зарэгістраваныя ў Беларусі. Ды й на сёньняшняй прэсавай канфэрэнцыі выступалі прадстаўнікі Беларускага Народнага Фронту, Аб'яднанай грамадзянскай партыі і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі ("Народная грамада"). Гэтыя партыі, як вядома, разыходзяцца паводле многіх пытаньняў, але вырашылі аб'яднаць намаганьні ў справе фармаваньня выбарчых камісіяў.

Прадстаўнікі Міжпартыйнага цэнтру вылучылі больш як 600 чалавек у выбарчыя камісіі ўсіх раёнаў Беларусі. "Выканкамы не чакалі такой масавай падачы дакумэнтаў на вылучэньне ў склад выбарчых камісіяў", — лічыць Сіўчык. Мясцовыя ўлады ў некаторых раёнах усяляк процістаялі вылучэньню альтэрнатыўных кандыдатаў.

Напрыклад, у Лельчыцкім райвыканкаме актывісту, які прынес адпаведныя дакумэнты на вылучэньне, заявілі, што камісіі ўжо створаныя. Толькі пасьля таго, як мясцовы прадстаўнік міжпартыйнага цэнтру заявіў, што зьвернецца ў пракуратуру, мясцовыя ўлады апамяталіся і паведамілі, што паседжаньне дзеля фармаваньня камісіі будзе ў панядзелак.

Падобна ўлады паводзілі сябе ў многіх раёнах. Усяго, паводле зьвестак Сіўчыка, спробы выканкамаў не рэгістраваць заявы аб вылучэньні ў выбарчыя камісіі зафіксавалі ў 20 раёнах.

Паводле заканадаўства, фармаваньне 167 тэрытарыяльных выбарчых камісіяў павінна адбыцца да 21 чэрвеня. Адпаведныя паседжаньні ў большасьці райвыканкамаў адбудуцца ўжо ў панядзелак. Ці магчымы варыянт, калі ўлады ня пусьцяць нікога з прадстаўнікоў апазыцыі ў мясцовыя камісіі? Пытаньне да Вячаслава Сіўчыка:

(Сіўчык: ) "Неўключэньне альтэрнатыўных сёньняшняй уладзе кандыдатаў у склад выбарчых камісіяў стане рэальным доказам таго, якім чынам сёньняшні рэжым зьбіраецца праводзіць выбары, наколькі яны будуць дэмакратычныя.

Мы праааналізуем усе дадзеныя — колькі нашых прадстаўнікоў з тых 600 кандыдатаў, што мы даем, трапіць у склад тэрытарыяльных камісіяў. Гэтыя дадзеныя прадаставім ня толькі беларускай грамадзкасьці, але й ва ўсе краіны, каб тамтэйшыя палітыкі таксама рабілі высновы, наколькі дэмакратычныя будуць прэзыдэнцкія выбары".

(Карэспандэнт: ) "Калі ўсё ж пэўная частка альтэрнатыўных прадстаўнікоў патрапіць у тэрытарыяльныя камісіі, ці можна казаць, што ў гэтых камісіях ужо ня будзе фальсыфікацыяў?"

(Сіўчык: ) "Усё залежыць ад таго, наколькі масава нашыя прадстаўнікі трапяць у тэрытарыяльныя камісіі. Калі размова будзе весьціся пра 30-40 камісіяў, дзе мы будзем мець па 1-2 чалавекі — то, зразумела, што рэжым проста паставіць "галачку".

Адзіны шанец для рэжыму паказаць усяму сьвету, што ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары будуць праведзеныя дэмакратычных шляхам — гэта масава ўзяць нашых прадстаўнікоў у тэрытарыяльныя камісіі".

У сераду прадстаўнікі міжпартыйнага цэнтру паведамяць грамадзкасьці, як прайшоў этап фармаваньня тэрытарыяльных камісіяў. А пасьля гэтага пачнецца фармаваньне камісіяў участковых.
XS
SM
MD
LG