Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У СІЛАВЫХ СТРУКТУРАХ КАЖУЦЬ, ШТО НІХТО Ў СЬЛЕДЧАЙ ГРУПЕ ПА СПРАВЕ ЗАВАДЗКАГА НЕ ПАМІРАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Пра тое, што падчас расьсьледаваньня справы апэратара ОРТ Завадзкага нібыта памерлі два супрацоўнікі праваахоўчых органаў, заявіў былы сьледчы пракуратуры Алег Случак. Пры гэтым ён выказаў меркаваньне, што гэта была сьмерць не ад хваробы сэрца, як абвесьцілі.

Былы сьледчы спадар Случак выказаў вэрсію, паводле якой спэцслужбы выкарысталі адмысловыя прэпараты, каб стымуляваць хваробу і гэтак зьнішчыць людзей, якім сталі вядомыя таямніцы зьнікненьня Завадзкага, Ганчара, Красоўскага і Захаранкі.

Сьледчы, аднак, не прадаставіў ніякіх доказаў сваёй вэрсіі і нават не назваў прозьвішчаў памерлых калегаў. Гэтыя прозьвішчы дагэтуль не агалошаныя. Высьветліць іх пакуль не ўдаецца. А тым часам афіцыйныя прадстаўнікі сілавых ведамстваў на адзін голас абвяргаюць зьвесткі, што нехта з членаў сьледчай групы па справе Завадзкага памёр.

(Таранаў: ) "Такіх зьвестак няма — што гэта былі апэратыўнікі. Калі б такія зьвесткі былі, у групе пра іх ведалі б, але пакуль я ня маю такіх зьвестак", — заявіў сёньня Радыё Свабода прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі Аляксей Таранаў.

Ён назваў інфармацыю пра гэтыя сьмерці "такой жа выдумкай, як і ўсё астатняе". Спадар Таранаў згадаў толькі адзін выпадак нядаўняй сьмерці сярод супрацоўнікаў пракуратуры.

(Таранаў: ) "У нас было, што памёр сьледчы, які праводзіў расьсьледаваньне справы інцыдэнту на Нямізе, ягонае прозьвішча Камароўскі. Але ён памёр ад пухліны, гэта было прыкладна год таму", — паведаміў прэсавы сакратар пракуратуры Беларусі.

Абверглі зьвесткі сьледчых і ў КГБ. Кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасцю КГБ Фёдар Котаў нават адмовіўся камэнтаваць гэтую інфармацыю.

(Котаў: ) "Наўмысна разьдзьмуваецца скандал вакол неіснуючых праблемаў. У нас такіх праблемаў няма. У КГБ такіх праблемаў няма", — сказаў спадар Котаў.

Фёдар Котаў адмовіўся адказваць на пытаньне, ці ёсьць у КГБ адмысловыя прэпараты дзеля стымуляцыі сьмяротных хваробаў.

Сярод апэрупаўнаважаных супрацоўнікаў міліцыі нядаўна быў толькі адзін выпадак заўчаснай сьмерці.

Паводле зьвестак, памёр апэрупаўнаважаны Камітэту па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю Французаў. Вядома, што ён быў сярэдняга веку і дагэтуль цяжка не хварэў. Аднак няма дакладных зьвестак, каб ён меў дачыненьне да расьсьледаваньня справы Завадзкага. Адмыслоўцы, аднак, не выключаюць, што гэты міліцыянт мог нешта даведацца пра гэтую справу.

Яшчэ варта згадаць заўчасную сьмерць былога амонаўца па прозьвішчы Кобзар, які быў знаёмцам Ігнатовіча, яго нават затрымлівалі разам зь ім, а потым вызвалілі. Гэны Кобзар нібыта праходзіў сьведкам па справе аб выкраданьні Завадзкага. Яму было 26 гадоў і памёр ён нібыта сапраўды ад сардэчнага прыступу.

Між тым, учора ў Інтэрнэце зьявіліся некаторыя дакумэнты са справы Зьмітра Завадзкага, якія прадаставілі зьбеглыя за мяжу сьледчыя Петрушкевіч і Случак.

У прыватнасьці, зьявіўся дакумэнт, паводле якога сьледзтва валодае такімі рэчавымі доказамі злачынства супраць Завадзкага як сьляды ягонай крыві ў аўтамабілі Ігнатовіча і на рыдлёўцы. Раней, як вядома, афіцыйнае сьледзтва прызнавала толькі рыдлёўку зь "біялягічнымі выдзяленьнямі". Гэтыя зьвесткі, паводле назіральнікаў, сьведчаць у тым ліку і пра спробу афіцыйнага сьледзтва падмануць грамадзтва.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG