Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК: Я АБАВЯЗАНЫ ВЫСТУПАЦЬ АБАРОНЦАМ НАРОДУ, ДА ЯКОГА САМ НАЛЕЖУ


Сяргей Навумчык, Прага

Наш карэспандэнт патэлефанаваў у Варшаву, дзе цяпер знаходзіцца Зянон Пазьняк.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Зянон, Вы чакалі менавіта такога выніку, ці ў Вас былі сумненьні?”

(Пазьняк: ) “З пункту гледжаньня заканадаўства я не сумняваўся, бо закон быў на маім баку. Але я сумняваўся, ці будзе прынятае рашэньне па законе. Так што пэўныя сумненьні былі, але сёньня яны разьвеяліся, і гэта, я лічу, робіць гонар тым, хто гэтае рашэньне прыняў па законе”.

(Карэспандэнт: ) “Нагадаю, што рашэньне было прынятае адзінагалосна. А якая мэта Вашага ўдзелу ў гэтай кампаніі?”

(Пазьняк: ) “Сярод тых людзей, якія заявілі аб жаданьні выступіць на выбарах у якасьці кандыдатаў, няма ніводнага чалавека, які б выступаў на баку беларускага народу. Гэта ўсё людзі, якія супрацоўнічаюць з Масквой, з маскоўскай палітыкай, і адкрыта пра гэта заявілі, заявілі пра саюз з Расеяй. Я цудоўна разумею, што я ў гэтай сытуацыі адзіны кандыдат, які будзе прадстаўляць альтэрнатыву маскоўскай і лукашэнкаўскай палітыцы. Ніякіх саюзаў з Расеяй! Беларусь – незалежная, сувэрэнная, дэмакратычная дзяржава! Нармальныя адносіны з Расеяй на падставе міжнародных стандартаў. Што датычыць шляху ў Эўропу, то гэта ня значыць, што мы адразу туды пабяжым. Нам трэба стаць на ногі і падняць высока галаву, і пайсьці з высока ўзьнятай галавой, а не на каленях. Цяпер, у гэтым стане, нас могуць пагнаць толькі на каленях, а тых, хто стаіць на каленях, – ніхто ня любіць. Таму мы павінныя сыходзіць з нашай нацыянальнай годнасьці і з нашых магчымасьцяў, з нашай уласнасьці, культуры і гісторыі. Вось такая мая пазыцыя. Я адчуваю абавязак – я проста абавязаны выступаць абаронцам гэтага народу, да якога сам належу”.

(Пазьняк: ) “Вашых прыхільнікаў цікавіць, якім чынам Вы будзеце ўдзельнічаць у гэтых выбарах – я маю на ўвазе, дзе Вы будзеце фізычна знаходзіцца? Вы плянуеце вяртаньне ў Беларусь?”

(Пазьняк: ) “Гэта пытаньне часу. Зараз паэтапна ідзе працэс, і на пэўным этапе я павінен буду вярнуцца ў Беларусь. З боку ўладаў таксама павінныя быць прынятыя адпаведныя захады. У прыватнасьці, Лукашэнка павінен адклікаць сваё распараджэньне зь мяжы, дзе сказана, што мяне ў любой сытуацыі павінныя схапіць, а пракуратура павінная даць мне адказ наконт матывацыяў завядзеньня супраць мяне крымінальных справаў. Гэтыя пісьмовыя звароты ўжо зробленыя – і ў памежную службу, і ў пакуратуру. Я чакаю адказу. Так што паўтараю, гэта пытаньне часу…”
XS
SM
MD
LG