Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ПРАЦЫ ПРЫНЯЛА РАШЭНЬНЕ, ЯКОЕ ЎСКЛАДНІЦЬ ЗЬНЕШНЕЭКАНАМІЧНАЕ СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСІ


Міхал Стэльмак, Менск

Як паведаміў сёньня нашаму радыё рэгіянальны прадстаўнік Міжнароднай арганізацыі працы Франк Хофэр, беларускаму пытаньню на жэнэўскай канфэрэнцыі надалі вялікую ўвагу. Удзельнікі абмяркоўвалі праблему ігнараваньня ўладамі Беларусі міжнародных стандартаў у сфэры працы. Вынікам ажыўленых дыскусіяў, як зазначыў спадар Хофэр, сталася наступнае рашэньне канфэрэнцыі МАП:

(Хофэр: ) "Да Беларусі прынялі адмысловы параграф у сувязі з тым, што Камітэт у справе свабоды асацыяцыяў прызнаў істотнымі парушэньні краінай міжнародных канвэнцыяў. Адмысловы параграф азначае, што найвышэйшы орган Міжнароднай арганізацыі працы —Канфэрэнцыя — лічыць беларускую сытуацыю надзвычайнай, яна патрабуе асаблівай увагі міжнароднай супольнасьці.

МАП ня можа ўводзіць эканамічных санкцыяў супраць парушальнікаў. Але яна ўплывае на стаўленьне да іх з боку іншых краінаў, з боку Эўрапейскага Зьвязу. Напрыклад, Эўразьвяз прадастаўляе дадатковыя гандлёвыя льготы тым, хто выконвае міжнародныя працоўныя стандарты. Беларусі цяпер нельга атрымаць такіх прэфэрэнцыяў", — паведаміў Франк Хофэр.

Паводле ягоных зьвестак, супраць такога рашэньня выступіла ўрадавая дэлегацыя Беларусі, што брала удзел у форуме, а таксама дэлегацыя Расеі. Аднак Канфэрэнцыя не прызнала паўнамоцтваў беларускіх прадстаўнікоў з той прычыны, што гэтая дэлегацыя была сфармаваная з парушэньнем Статуту Міжнароднай арганізацыі працы.

Тым ня менш, кіраўніцы гэтай дэлегацыі Алене Колас форум МАП прадаставіў жэнэўскую трыбуну для тлумачэньняў. Яна запэўнівала, што ўрад зьбіраецца спыніць антыпрафсаюзныя дзеяньні.

Інакш лічыць віцэ-прэзыдэнт Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Уладзімер Макарчук, які ўрадавае абяцаньне пракамэнтаваў наступным чынам:

(Макарчук: ) "Наш урад, наша ўлада прызвычаілася тлуміць галаву як нашым грамадзянам, так і міжнародным арганізацыям. Яны гэта абяцаюць ужо 2 гады. Між тым, антыпрафсаюзныя парушэньні можна ўхіліць іншым шляхам. З абраньнем нармалёвага прэзыдэнта ўсе гэтыя пытаньні вырашыліся б адразу".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG