Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРА СЯБРОЎСТВА Ў “ЦЫТАДЭЛІ” ЛУКАШЭНКІ НА БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНЕ НЕКАТОРЫЯ ЧЫНОЎНІКІ ДАВЕДАЛІСЯ АД КАРЭСПАНДЭНТА СВАБОДЫ


Алег Супрунюк, Берасьце

Рэгiстрацыя новага грамадзкага абьяднаньня "Цытадэль" ва ўпраўленьнi юстыцыi Берасьцейскага аблвыканкаму адбылася у рэкордны для гэтай працэдуры тэрмiн – за 11 дзён. Варта нагадаць, што некаторыя iншыя грамадзкiя аб'яднаньнi ня могуць зрабiць гэта на працягу некалькiх гадоў, з-за чаго адбываецца судовы перасьлед за дзейнасьць ад iмя незарэгiстраваных арганiзацыяў.

Сярод асноўных накiрункаў дзейнасьцi аб'яднаньня "Цытадэль" пазначаны i наступны (цытую) "Правядзеньне iнфармацыйна-прапагандысцкай работы сярод насельнiцтва вобласьцi па тлумачэньні сацыяльна-эканамiчнага курсу прэзыдэнта i ўрада Рэспублiкi Беларусь" (канец цытаты). Узначалiў гэтае грамадзкае аб'яднаньне старшыня Берасьцейскага абласнога савету дэпутатаў Леанiд Лемяшэўскi. Спадар Лемяшэўскi ўжо пасьпеў паведамiць журналiстам, што ня бачыць нiчога дзiўнага ў хуткай рэгiстрацыi "Цытадэлi", паколькi, маўляў, аб'яднаньне зьбiраецца весьцi прапаганду канстытуцыйнага ладу беларускае дзяржавы, самаадданасьцi краiне, народу i дзяржаўным сымбалям.

Паводле Леанiда Лемяшэўскага, iнiцыятыўная група па стварэньні "Цытадэлi" складаецца з уплывовых асобаў, некаторыя зь iх былi абраныя ў кiруючыя ворганы грамадзкай арганiзацыi. Але, напрыклад, галоўны ўрач Берасьцейскага раёнага мэдычнага аб'яднаньня Нiна Федарук даведалася пра сваё абраньне ў склад рады "Цытадэлi" толькi ад карэспандэнта Радыё Свабода i адмовiлася камэнтаваць гэтае рашэньне. Рэктар Берасьцейскага дзяржаўнага ўнiвэрсытэту Ўладзiмер Плецюхаў адказаў, што не ўпанаважаны рабiць заявы ад навастворанага грамадзкага аб'яднаньня i параiў дачакацца ягонай рэгiстрацыi. Спадар Плецюхоў быў зьдзiўлены, калi даведаўся, што такая рэгiстрацыя ўжо адбылася.

Тым ня менш, ужо ў самы блiжэйшы час "Цытадэль" плянуе распачаць прапагандысцкую працу на Берасьцейшчыне, каб давесьцi насельнiцтву пра посьпехi цяперашнiх беларускiх уладаў за апошнiя сем гадоў. Самым таямнiчым застаецца пытаньне пра фiнансаваньне дзейнасьцi "Цытадэлi". Леанiд Лемяшэўскi лiчыць, што вялiкiх сродкаў не спатрэбiцца i ўсе выдаткi будуць пакрытыя за кошт ахвяраваньняў прыватных асобаў i суб'ектаў гаспадараньня. Кiраўнiкi некаторых берасьцейскiх прадпрыемстваў ужо выказалi думку, што ахвяраваць грошы на дзейнасьць "Цытадэлi" прыйдзецца пад прымусам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG