Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПЕРШЫЯ СЮРПРЫЗЫ ПРЭЗЫДЭНЦКАЙ КАМПАНІІ – КАМУ ВЫГАДНАЕ ВЫЛУЧЭНЬНЕ МАРЫНІЧА? ЧАМУ ЗЬНЯЛІ ЧЫКІНА?


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў.

(Цыганкоў: ) "Гэтая прэзыдэнцкая кампанія ў адрозьненьні ад выбараў першага прэзыдэнта ў 1994 годзе значна больш прафэсійная ці, дакладней сказаць, тэхналягічная.

Кандыдатаў, як і тады, даволі шмат, але за кожным зь іх нехта стаіць, за кожным нейкія ўплывовыя сілы, структуры ўнутры альбо за межамі Беларусі. Сярод іх фактычна няма выпадковых людзей, акрамя, бадай, аднаго — сёньня падаў дакумэнты на рэгістрацыю нехта Мікола Мякека. Астатнія — людзі з пэўнай вядомасьцю ў палітычных колах і з пэўным палітычным іміджам.

Ня тое было ў 1994-м годзе. Зараз мала хто памятае тых 18 чалавек, якія пачыналі ўдзельнічаць у прэзыдэнцкай кампаніі, стварыўшы свае ініцыятыўныя групы. Эдвард Ахрэм, Канстанцін Бубен, Уладзімер Бялоў, Аляксандар Кальцоў, Станіслаў Ліцкевіч — напэўна, гэтыя імёны не вядомыя нават палітычным аналітыкам.

Тады было шмат выпадковых людзей, якія ішлі паводле прынцыпу "Не даганю, ды хоць сагрэюся". Зараз такіх людзей відавочна менш.

Бадай, галоўнай нечаканасьцю першага этапу прэзыдэнцкай кампаніі стала вылучэньне Міхаіла Марыніча, цяперашняга амбасадара Рэспублікі Беларусь у Латвіі. Каму гэта на руку? Хто стаіць за Марынічам? Ці мяняецца сцэнар прэзыдэнцкай кампаніі пасьля вылучэньня Марыніча?"

(Глод: ) "Найперш я хачу нагадаць, што ў 1994-м, калі Вярхоўны Савет зьняў Станіслава Шушкевіча, адным з прэтэндэнтаў на пасаду сьпікера быў менавіта Міхаіл Марыніч. Мечыслаў Грыб быў тады кандадатам ад улады, а Марыніч заняў другое месца. І для мяне цяперашні крок Марыніча ня быў надзвычай нечаканым. Я думаю, што тут спрацоўваюць амбіцыі Марыніча.

Мне здаецца, што зьяўленьне Марыніча можа зьмяніць усю прэзыдэнцкую гонку. Я ўпэўнены, калі Марыніч і Натальля Машэрава пойдуць на выбары, то ў першым туры прэзыдэнта не абяруць — будзе другі тур".

(Карбалевіч: ) "Узьнікае некалькі пытаньняў. Міхаіл Марыніч некалькі гадоў ня жыў на тэрыторыі Беларусі. Як гэта стасуецца з заканадаўствам, пакуль не зразумела…"

(Цыганкоў: ) "Прабачце, мне здаецца, тут ніякіх праблемаў няма. Ён працаваў амбасадарам, гэта як службовая камандзіроўка, гэта праца ў афіцыйных дзяржаўных органах — тут наўрад ці будзе якая зачэпка".

(Карбалевіч: ) "Калі ўлады захочуць такую зачэпку знайсьці, яны могуць за гэта й зачапіцца. Гэтае пытаньне пакуль што адкрытае.

Другое. Як амбасадар, Марыніч павінен праводзіць палітыку Лукашэнкі ў зьнешняй палітыцы, але як кандыдат на прэзыдэнта, ён павінен крытыкаваць гэты курс. Марыніч — адзіны з кандыдатаў, які знаходзіцца на дзяржаўнай пасадзе, і пры гэтым яго прызначыў кіраўнік краіны. Таму сытуацыя дастаткова далікатная.

Ну й нічога не было чутно пра ягоную падрыхтоўку, пра стварэньне групаў падтрымкі. Захады Марыніча выглядаюць трохі штучна й недарэчна. Альбо гэта танная авантура, альбо гульня — і пакуль незразумела, якая гульня. Але тое, што Міхаіл Марыніч уступае ў барацьбу зусім не падрыхтаваным, гэта відавочна".

(Цыганкоў: ) "Мне здаецца, нават з пункту гледжаньня псыхалёгіі цяжка паверыць, што такі дасьведчаны чалавек уступае ў нейкую авантуру. Безумоўна, у Марыніча ёсьць нейкія тылы, нейкія абяцаньні ад пэўных структураў, пра якія мы ня ведаем і ня можам ведаць. У яго ёсьць нейкі свой сцэнар, які таксама не вядомы шырокай грамадзкасьці.

Я нагадаю некаторыя факты біяграфіі Марыніча, бо сёньня ён мала вядомы слухачам "Свабоды". Марыніч у савецкі час рабіў звычайную і даволі пасьпяховую апаратную кар'еру. Быў намесьнікам і старшынём Маскоўскага райвыканкаму Менску, потым старшынём Менскага гарадзкога выканкаму. Як бы "мэр" сталіцы, але тады галоўным у горадзе быў першы сакратар.

Потым стаў намесьнікам старшыні Міністэрства зьнешнеэканамічных сувязяў і ўрэшце міністрам. Пасьля аб'яднаньня гэтага Міністэрства зь Міністэрствам замежных справаў стаў амбасадарам Беларусі ў Латвіі.

Гэтыя факты біяграфіі Марыніча я прыводжу, каб паказаць, што наўрад ці такі чалавек можа рабіць неабачлівыя і авантурныя крокі".

(Глод: ) "Мне таксама здаецца, што Марыніч свае крокі разьлічыў наперад. Я не выключаю два варыянты. Першы — ён удзельнічае ў гульні на баку Лукашэнкі. І другі — ён ідзе як самастойная кандыдатура, якая мае шмат шанцаў. Чаму? Таму што на Марыніча могуць пагадзіцца як значная частка намэнклятуры, так і значная частка нерадыкальнай апазыцыі.

Бо з аднаго боку Марыніч прыхільнік рынкавых дачыненьняў, гэтая ягоная пазыцыя добра вядомая. Зь іншага, у яго няма адмоўнага радыкалізму ў стаўленьні да апазыцыі, да структураў грамадзянскай супольнасьці. Зараз, калі дэмакратычны кандыдат наўрад ці можа ў нас перамагчы (у нас пераходнае грамадзтва), такая пераходная фігура якраз і мае даволі добрыя шанцы".

(Цыганкоў: ) "Другая частка нашай "Экспэртызы" — абмеркаваньне зьняцьця Віктара Чыкіна з пасады кіраўніка Белдзяржтэлерадыёкампаніі. Гэта такая падзея, якую ўсе прадказвалі, але калі яна адбылася, то можна сказаць, што ніхто гэтага не чакаў.

Навошта гэта спатрэбілася Лукашэнку? Няўжо ён зразумеў, што пазыцыя Чыкіна і радыкалізацыя БТ што да любых альтэрнатыўных сілаў шкодзіць кіраўніку дзяржавы? Няўжо Лукашэнка вырашыў, што на БТ патрэбная больш лібэральная палітыка?"

(Карбалевіч: ) "Тут можа быць некалькі прычынаў. Першая, якая ляжыць на паверхні. БТ ня вельмі якаснае, Чыкін — не прафэсіянал у тэлебачаньні, ён прафэсіянал у прапагандзе. І тое, што прапаганда стала вельмі агрэсіўнай — відавочна.

Зараз у гульню ўступілі расейскія тэлеканалы, і трэба рабіць нейкія радыкальныя крокі па ўзмацненьні якасьці палітычных перадачаў БТ.

Але ў мяне ёсьць і другая вэрсія, больш нечаканая. Справа ў тым, што ў Лукашэнкі зараз зьявіліся сур'ёзныя праблемы ў дачыненьнях з Масквой. І ня выключана, што ў гэтай сытуацыі Лукашэнка гатовы пайсьці на нейкія захады ў накірунку заходніх краінаў.

Галоўным раздражняльнікам супраць Захаду было якраз БТ. І вось зьмена кіраўніцтва тэлебачаньня павінна была б зрабіць палітыку заходнюю больш спакойнай і нармальнай. З аднаго боку, сапраўды як пошук нейкай апоры на Захадзе, а зь іншага — як спосаб шантажа Масквы".

(Глод: ) "Мне здаецца, што Чыкіна зьнялі, таму што БТ, на думку кіраўніцтва краіны, вяло стратэгічна правільную лінію, і завяло гэтую лінію ў такія гушчары, што яна там зламалася. Яна пачала даваць адваротны эфэкт.

Чыкін рабіў усё, каб праслаўляць Лукашэнку, ганьбіць ягоных апанэнтаў. Але гэтыя перадачы прынялі такія формы, што яны пачалі даваць адмоўны эфэкт. І трымаць такога чалавека ня мела ніякага сэнсу".

(Цыганкоў: ) "У любым выпадку відавочна, што на месца Чыкіна ня прыйдзе сапраўдны прафэсіянал, сапраўдны тэлевізійнік. Гэта будзе зноў-такі палітычная фігура, але такая, якая больш адпавядае задачам перадвыбарчай кампаніі".

(Глод: ) "На новым этапе прэзыдэнцкай кампаніі, паводле майго прагнозу, кандыдаты пачнуць аб'ядноўвацца ў блёкі. Бо паасобку (я гэта бачу нават па размовах з самімі кандыдатамі, яны разумеюць) адзін кандыдат ня можа нічога дамагчыся. Я не выключаю, што неўзабаве будуць створаныя тры-чатыры блёкі кандыдатаў".

(Цыганкоў: ) "А я дадам, што пойдзе працэс адсейваньня кандыдатаў. Калі на першым этапе ўлада высьвятліла, хто ж хоча ўдзельнічаць, то потым ўлада ад ролі фармальнага рэгістратара гэтага працэсу пяройдзе да ролі актыўнага рэгулятара.

Ужо на стадыі збору подпісаў мы можам убачыць першыя крокі ўладаў у бок тых кандыдатаў, якія пададуцца ёй найбольш небясьпечнымі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG