Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАНОЎНЫЯ Ў ЭЎРОПЕ ЛЕВЫЯ ЎРАДЫ НЕ ЗАЎСЁДЫ ПРЫХІЛЬНА СТАВЯЦЦА ДА ПРАПАНОВАЎ ЗША


Мікола Іваноў, Прага

У рэдакцыйным артыкуле газэты New York Times гаворыцца, што “маральны аўтарытэт Амэрыкі ў якасьці ўсясьветнага лідэра ў галіне індывідуальных правоў чалавека быў моцна падарваны яе прыхільнасьцю да сьмяротнага пакараньня”. Сёньня, піша газэта, прэзыдэнт Джордж Буш удзельнічае ў саміце краінаў ЭЗ у Гётэборгу. Гэта арганізацыя, якая ў якасьці ўмовы сяброўства ў ёй ставіць патрабаваньне скасаваць пакараньне сьмерцю. У ЗША яго ўсё яшчэ разглядаюць у катэгорыях крымінальнай адказнасцьці, сярод жа эўрапейскіх дэмакратыяў дамінуе іншы падыход. Сьмяротнае пакараньне разглядаюць тут з пункту гледжаньня правоў чалавека. New York Times заклікае да шырокай агульнанацыянальнай дыскусіі ў ЗША на тэму эфэктыўнасьці сьмяротнага пакараньня.

Wall Street Journal Europe піша аб тым, што прысуд у справе візыту Джоржа Буша ў Эўропу быў вызначаны яшчэ да таго, як ён пакінуў Вашынгтон. І прысуд гэты ня быў пазытыўны. Эўрапейскія сродкі масавай інфармацыі намалявалі вобраз Буша ў якасьці гэткага “каўбоя”, які спрычыняецца да паглыбленьня амэрыканска-эўрапейскіх разыходжаньняў. На думку газэты, прычына гэтага ў тым, што Буш –права-цэнтрысцкі палітык, а ў 11 з 15 краінаў ЭЗ ва ўладзе цяпер лева-цэнтрысцкія партыі.

У камэнтары газэты таксама гаворыцца, што Буш запрапанаваў сваім саюзьнікам у НАТА пераканаўчае тлумачэньне неабходнасьці разгортваньня нацыянальнай антыракетнай сыстэмы, але скептыцызм застаўся, нягледзячы на тое, што цяпер стала ясна: Буш пачне ажыцьцяўленьне сваіх плянаў з эўрапейцамі або бязь іх.

На старонках Wall Street Journal Europe чытаем таксама, што ў справе амэрыканскай нацыянальнай антыракетнай сыстэмы чакаюцца далейшыя кансультацыі. У справе ж далейшага пашырэньня НАТА быў дасягнуты кансэнсус: летам наступнага году ў НАТА будзе запрошаная яшчэ адна краіна, нягледзячы на пратэсты Расеі. У выніку дыскусіі кіраўнікі краінаў НАТА згадзіліся, што ня можа быць выключаная таксама і міратворчая ваенная акцыя НАТА ў Македоніі. Прэзыдэнт Буш пракамэнтаваў гэта наступным чынам: “НАТА павінна адыгрываць больш выразную і актыўную ролю”.

Financial Times піша, што Буша суправаджалі непрыхільныя камэнтары эўрапейскай прэсы напярэдадні ягонага візыта ў Эўропу. Але ўжо на першых перамовах з лідэрамі ЭЗ яму ўдалося ўсталяваць добрыя працоўныя адносіны з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Тоні Блэйерам, а таксама апанаваць выбуховую энэргію францускага прэзыдэнта Жака Шырака.

Толькі 5 з 19 краінаў-сяброў НАТА можна назваць прыхільнікамі амэрыканскага пляну разгортваньня нацыянальнай супрацьракетнай абароны, чытаем на старонках Financial Times. Акрамя Гішпаніі, першай краіны, якую наведаў Буш, гэта Італія, Вугоршчына, Чэхія і Польшча. Іншыя ж, хаця і не адкідваюць гэтых плянаў, але лічаць, што патрэбныя новыя кансультацыі.

Сам жа Джордж Буш ацаніў вынікі ўчорашняга абмеркаваньня на саміце НАТА амэрыканскай нацыянальнай супроцьракетнай абароны наступным чынам:

(Буш: ) “Я задаволены, што на сустрэчы выявілася новае стаўленьне да супрацьракетнай абароны як да новага стратэгічнага бачаньня, каб супрацьстаяць новым пагрозам у нашым сьвеце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG