Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ЗАЯВІЎ, ШТО ЯГОНЫ СТАТУС НЕ АДРОЗЬНІВАЕЦЦА АД СТАТУСУ ЧЫГІРА, СІНІЦЫНА І МАРЫНІЧА


ул. інф.

Учора старшыня ЦВК паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі, што будзе зьвяртацца ў Канстытуцыйны суд, каб атрымаць тлумачэньні, ці мае права Пазьняк вылучацца кандыдатам у прэзыдэнты Беларусі ў сувязі з тым, што некаторы час знаходзіцца за мяжой. Па тлумачэньні яна зьвярнулася і да кіраўніка ініцыятыўнай групы Зянона Пазьняка Сяргея Папкова.

Сёньня і Пазьняк, і Папкоў даслалі на адрас Цэнтрвыбаркаму лісты. Зянон Пазьняк, які ад чэрвеня 96-га году не жыве ў Беларусі, у прыватнасьці, зазначае, што “ніводнага дня не губляў грамадзянства Рэспублікі Беларусь” і часова знаходзіцца за мяжой. У лісьце кіраўніка БНФ цытуецца артыкул Канстытуцыі, паводле якога “грамадзяне РБ маюць права свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Беларусі, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад”.

Пазьняк паведамляе, што мае афіцыйны палітычны прытулак у ЗША, што зьяўляецца часовым статусам. Паводле амэрыканскага заканадаўства, “чалавек, які атрымаў палітычны прытулак, не зьяўляецца рэзыдэнтам – пастаянна пражываючым у ЗША”, – піша Зянон Пазьняк. Ён падкрэсьлівае, што ягоны пастаянны статус у сьвеце – грамадзянін Рэспублікі Беларусь.

Сяргей Папкоў, зьвяртаючыся ў ЦВК з просьбай дазволіць яму прадстаўляць інтарэсы Зянона Пазьняка ў выпадку разгляду пытаньня ў Канстытуцыйным судзе, зазначае, што сытуацыя Пазьняка не адрозьніваецца, напрыклад, ад сытуацыі Міхаіла Чыгіра альбо Леаніда Сініцына, якія некалькі гадоў пражывалі па-за межамі Беларусі на працягу апошніх 10 гадоў і таксама вылучаюцца кандыдатамі ў прэзыдэнты. Правы Пазьняка ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй ня могуць быць абмежаваныя з-за часовага пражываньня за мяжой, гэтак жа, як і любога грамадзяніна, які, напрыклад, жыве па-за межамі Беларусі і працуе ў дыпляматычным прадстаўніцтве, – сьцьвярджае Сяргей Папкоў.

У гэтай сувязі варта зазначыць, што напрыклад, у ЦВК не ўзьнікаюць пытаньні адносна права вылучацца на кандыдата яшчэ аднаго прэтэндэнта – амбасадара Беларусі ў Латвіі Міхаіла Марыніча. Марыніч зьвярнуўся ў Міністэрства замежных справаў з просьбай аб выезьдзе ў Беларусь, і, паводле прэс-сакратара МЗС Паўла Латушкі, “запыт знаходзіцца на разглядзе.” Латушка падкрэсьліў у інтэрвію “Інтэрфаксу”, што Марыніч, як грамадзянін Беларусі, мае права ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі.
XS
SM
MD
LG