Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ІЗРАІЛЬСКАЙ АМБАСАДЗЕ СЁНЬНЯ ЗНОЎ ГАНАРАВАЛІ ПРАВЕДНІКАЎ


Ганна Соусь, Менск

Сёньняшнее шанаваньне Праведнікаў народаў сьвету было прымеркаванае да 60-й гадавіны нападу нацысцкай Нямеччыны на СССР. Цырымонію распачаў ізраільскі амбасадар Марцін Пэлед-Флэкс.

(Пэлед-Флэкс: ) "У пэрыяд чорных дзён тэрору, якія ўвайшлі ў гісторыю пад назвай Галакосту, гэтыя людзі рызыкавалі сваім жыцьцём і жыцьцём сваіх родных у гераічнай барацьбе супраць нацызму. Яны ратавалі жыцьцё іншым людзям, якіх фашысты зьнішчалі толькі за тое, што тыя нарадзіліся габрэямі", — адзначыў ізраільскі амбасадар Марцін Пэлед-Флэкс, выказваючы падзяку беларусам, якія ратавалі жыцьцё габрэям у часе Другой усясьветнай вайны.

Сёньня яшчэ 11 жыхароў Беларусі атрымалі ганаровае званьне Праведнікаў народаў сьвету. Сярод іх Іван Навадворскі з Ратамкі, нядаўна яму споўнілася 104 гады.

Іван Навадворскі й ягоная жонка Антаніна выратавалі жыцьцё Шаю Лавіту і Ёсіфу Годэсу. Нягледзячы на сьмяротную рызыку, бо разам з Антанінай ды Іванам жылі іхныя бацькі ды тры дачкі, яны двойчы ў часе вайны хавалі габрэяў у сваёй хаце. Шая Лавіт і Ёсіф Годэс двойчы ўцякалі з валожынскага гета і двойчы знаходзілі прытулак у хаце Навадворскіх. Іван пабудаваў для іх адмысловае сховішча. Адметна, што акрамя Івана і Антаніны, ніхто ня ведаў пра тое, што ў хаце хаваюцца габрэі. Успамінае Іван Навадворскі:

(Навадворскі: ) "Хто меў людзкае разуменьне ды сумленьне, тыя дапамагалі габрэям, як я. Гэта былі цяжкія часы, бо згодна з распараджэньнем Гітлера, тыя, хто ратаваў габрэяў, павінны былі быць пакараныя сьмерцю раней за габрэяў".

Іван Навадворскі пашкадаваў, што ягоная жонка Антаніна не дажыла да гэтага дня.

Сёньня разам з Іванам Навадворскім ганаровыя званьні Праведнікаў народаў сьвету атрымалі Ірына Паўлава-Простак, Тамара Ліпень, Вячаслаў Варакса, Аляксандар, Стэфанія й Ганна Данілевічы, а таксама Мікалай і Юлія Каратай ды іхны сын Мікалай. Разам дыплёмы праведнікаў атрымалі ўжо больш за 300 беларусаў.
XS
SM
MD
LG