Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧЫКІН ПАЙШОЎ У АДПАЧЫНАК І АДСТАЎКУ


Валер Каліноўскі, Менск

Віктар Чыкін, які 3 гады ня быў у адпачынку, з 13 чэрвеня знаходзіцца дома. Нават на сход працоўнага калектыву, дзе зачытвалі ягоную заяву пра адстаўку, ён не прыйшоў.

На сходзе, дарэчы, былі далёка ня ўсе супрацоўнікі тэлебачаньня. Не было тых, якія згубілі доступ да эфіру з прычыны пераўтварэньняў, якія распачаў Чыкін. А такіх пакрыўджаных — дзясяткі.

Заяву Чыкіна прачытаў намесьнік кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Ўладзімер Замяталін. Замяталін заклікаў верыць, што ніякіх палітычных прычынаў у гэтай справе няма.

(Моўчан: ) "Чыкін напісаў заяву: "Прашу вызваліць мяне ад займанай пасады з прычыны стану здароўя і прадаставіць працу менш цяжкую для майго здароўя. І накіраваць у чарговы адпачынак". Адпачынак яму прадаставілі. А Лукашэнка ўказу яшчэ не падпісаў. Выконвае абавязкі загадам таго ж Чыкіна Рыбакоў", — паведаміў Свабодзе старшыня прафкаму БТ Георгі Моўчан.

Уладзімер Замяталін даў зразумець, што заява Чыкіна будзе задаволеная пасьля вяртаньня яго з адпачынку. Калектыў БТ па-рознаму ацаніў гэтую адстаўку. Гаворыць Георгі Моўчан:

(Моўчан: ) "Нам усім, і мне асабіста таксама, яго проста шкада. Можа, ён быў добры партыйны лідэр, можа, і чалавек добры, але ў такой структуры, дзе творчыя людзі, справіцца тут і Рыбакову цяжка. Таму хто б замест яго ні прыйшоў, тыя, каму ён дабра не зрабіў, можа і цешацца. А тыя хто ня ведае, чым гэта скончыцца — можа, і не".

Сам Чыкін быў сёньня ўжо дома. Ён не хацеў казаць ані пра сваё здароўе, ані пра нейкія палітычныя матывы.

(Чыкін: ) "Ёсьць такое харошае слова — "No comment". Здароўе ў любога прафэсіянала — гэта сакрэт".

На маё больш настойлівае пытаньне, ці былі ў яго нейкія разыходжаньні з Аляксандрам Лукашэнкам, Віктар Чыкін спаслаўся на журналісцкую этыку.

Тым ня менш, указ пра адстаўку Чыкіна пакуль што не падпісаны. Гаворыць прэсавы сакратар Аляксандра Лукашэнкі Мікалай Барысевіч:

(Барысевіч: ) "Я чуў, што была заява на адпачынак, але аргумэнтацыі я ня ведаў. Ну, па стане здароўя — дык тут даволі ясна ўсё".

(Карэспандэнт: ) "Ці няма палітычнай падкладкі?"

(Барысевіч: ) "Меркаваньне адно — калі чалавек вызначае такую праблему, якія тут могуць быць палітычныя меркаваньні. Здароўе ёсьць здароўе, калі чалавек сам выдзяляе асноўную прычыну, то ні пра якія палітычныя меркаваньнм ня можа быць гаворкі".

Мікалай Барысевіч паведаміў, што новага кіраўніка БТ яшчэ не падабралі.

Пра кадравыя перастаноўкі на БТ Аляксандар Лукашэнка гаварыў яшчэ ўчора, выступаючы на студыі "Беларусьфільм". У калектыве БТ чакаюць, што на тэлебачаньне зноў прыйдзе чалавек збоку.

На БТ пайшлі чуткі, што адным з прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка БТ зьяўляецца член Савету Рэспублікі Мікалай Чаргінец альбо 29-гадовы Ягор Рыбакоў. Некаторыя на БТ жартуюць, што кіраваць тэлебачаньнем будзе Ўладзімер Замяталін.

Такім чынам, Віктар Чыкін ня справіўся з кіраваньнем тэлебачаньнем. Аляксандру Лукашэнку цяпер патрэбны іншы, яшчэ больш жорсткі чалавек — лічыць вядомы апазыцыйны палітык Уладзімер Нісьцюк.

(Нісьцюк: ) "Чыкін ніколі ня быў кіраўніком тэлебачаньня. На тэлебачаньні такія фігуры як Чыкін нічога ня значылі, таму што яны непрафэсійныя, яны не падрыхтаваныя. Такія людзі ня здольныя працаваць. Ён і не павінен быў там надоўга затрымацца, таму й адшукалі такую падставу, што ён дрэнна сябе адчувае".

Уладзімер Нісьцюк казаў і пра тое, ці стане БТ яшчэ больш тэндэнцыйным:

(Нісьцюк: ) "Горш як зараз ужо цяжка зрабіць. Тэлебачаньне проста зробіцца больш адкрыта абслугоўваць уладу. Калі раней прыкрываліся тым, што нехта кіраўнік адной з партыяў, што ён палітыкай займаецца, то цяпер, верагодна, Рыбакоў узначаліць усё.

А гэта хлопец, якія мае добры досьвед арганізацыі выбарчай кампаніі. У 1994 годзе ён у "Магілёўскіх ведамасьцях добра працаваў на карысьць Аялксандра Рыгоравіча, і зараз гэты досьвед будзе выкарыстоўвацца тут. Мінула зацішша, і пачынаецца рэальная праца.

Можа здарыцца і такое, што Лукашэнка будзе ня проста часам выключаць расейскія каналы, а зусім іх адключыць, калі там зноў будзе нешта кшталту перадачы Позьнера "Времена".

Я бачу жорсткі сцэнар выбараў. Калі ўлада ня будзе жорстка на гэтых выбарах змагацца за сябе, то яна, лічы, прайграла гэтыя выбары. Але калі ўлада надта жорстка паставіць пытаньне, гэта можа выйсьці бокам — праз рэакцыю нашага народу, заходняга і ўсходняга партнэраў", — гэткае меркаваньне Ўладзімера Нісьцюка пра магчымы бліжэйшы лёс тэлеканалаў, што вяшчаюць у Беларусі, як беларускіх так і расейскіх.
XS
SM
MD
LG