Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ЎКАЗАМ УСТАЛЯВАЎ 100 ПЭРСАНАЛЬНЫХ НАДБАВАК ДЗЕЯЧАМ КУЛЬТУРЫ. ЦІ БУДУЦЬ КАНДЫДАТАЎ ВЫЗНАЧАЦЬ ПРАФЭСІЯНАЛЫ?


Валянціна Аксак, Менск

Указам прадугледжана, што рашэньне пра ўстанаўленьне пэрсанальных надбавак прымае прэзыдэнт на падставе прадстаўленьня ўраду.

Канкрэтна кандыдатаў даручылі вызначаць Міністэрству культуры. Мэханізм вызначэньня патлумачыў нашаму радыё начальнік упраўленьня юрыдычнай і кадравай працы гэтага ведамства Аляксандар Сямёнаў.

(Сямёнаў: ) "Арганізацыя вылучае кандыдатаў і хадайнічае перад Міністэрствам культуры аб уключэньні яго ў сьпіс…"

(Аксак: ) "А якія крытэры вылучэньня гэтых кандыдатаў?"

(Сямёнаў: ) "Чытайце ўказ, там усё напісана".

(Аксак: ) "Там напісана: "Паводле ацэнкі прафэсійнай дзейнасьці". А што маецца на ўвазе?"

(Сямёнаў: ) "Ну, гэта павінен быць ня толькі аднаразовы творчы акт, але павінен быць дастаткова вядомы кандыдат у сваёй галіне. Ён будзе зацьвярджацца калегіяй міністэрства. Аддзелы міністэрства, якія вядуць кірункі — народнае творчасьці, навучальных установаў, музычных установаў, тэатраў — гэта яны будуць зьбіраць прапановы кандыдатаў".

З тлумачэньня Аляксандра Сямёнава выразна вынікае толькі тое, што ўзровень творчага майстэрства артыстаў, мастакоў, музыкаў, літаратараў будуць вызначаць не прафэсіяналы, а высокапастаўленыя дзяржаўныя чыноўнікі. Таму і крытэры будуць не эстэтычныя, а ідэалягічныя, — лічаць незалежныя дзеячы беларускае культуры. Вось меркаваньне віцэ-прэзыдэнта беларускага ПЭН-цэнтру Карласа Шэрмана:

(Шэрман: ) "Тое, што прызначаныя нейкія стыпэндыі, мажліва, гэта добра. Але… стыпэндыі за прафэсійную працу павінны вызначаць прафэсіяналы.

Калі б гэтыя стыпэндыі вызначалі, скажам, творчыя саюзы, то для мяне было б зразумела, што гэта прадуманае вызначэньне. А тут дзяржаўны орган, міністэрства — з аглядам на пэўныя ідэалягічныя моманты, якія будуць прэваляваць над прафэсійнаю вартасьцю пісьменьніка, напрыклад.

Таму тут атрымаецца так, што людзі незалежных поглядаў (маюцца на ўвазе тыя, хто мае свае погляды, незалежна нават якія) будуць адхіленыя ад гэтых стыпэндыяў, іхныя прозьвішчы ня будуць нават прапанаваныя да разгляду".

Да сказанага Карласам Шэрманам варта згадаць пра яшчэ два моманты, а менавіта — пра час зьяўленьня ўказу і пра сумы прэзыдэнцкага заахвочваньня беларускіх творцаў.

У год прэзыдэнцкіх выбараў ужо зьявіліся адпаведныя ўказы па заахвочваньні мэдыкаў, навукоўцаў ды настаўнікаў. Яны ўнесьлі сур'ёзны раскол у асяродзьдзе прадстаўнікоў гэтых прафэсіяў. Бо плата за ляяльнасьць да ўлады не малая — 30 тарыфных ставак 1-га разраду з наступнага месяца будзе раўняцца 435 тысячам беларускіх рублёў.
XS
SM
MD
LG