Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯКОЙ БЫЛА ПЕРШАЯ РЭАКЦЫЯ ЎЛАДАЎ УКРАІНЫ НА ВЫКРЫЦЬЦІ МЕЛЬНІЧЭНКІ Ў СПРАВЕ ГАНГАДЗЭ?


Сяргей Навумчык, Прага

Я запытаўся ў дырэктара інстытута паліталёгіі Міколы Тамэнкі, якой была першая рэакцыя ўладаў на зьяўленьне ўдыёзапісаў?

(Тамэнка: ) “Рэакцыя спачатку была простая: гэтага не было, таму што гэтага ня можа быць ніколі. Усе намаганьні афіцыйнай прапаганды, праваахоўчых ворганаў і прэзыдэнцкай адміністрацыі былі накіраваныя на тое, каб давесьці грамадзтву тэхнічную немагчымасьць запісу ў кабінэце прэзыдэнта. Паралельна казалася, што гэта – вынік змовы некалькіх апазыцыйных палітыкаў, якія прайгралі Кучме на прэзыдэнцкіх выбарах і цяпер намагаюцца дыскрэдытаваць яго ў вачах грамадзскасьці. І, нарэшце, заяўлялі, што гэта выкарыстоўваецца ў межах інфармацыйнай вайны супраць Украіны, супраць дзяржавы. І таму ўсе, хто кажа пра наяўнасьць гэтых запісаў, – выступае супраць нацыянальных інтарэсаў Украіны.

(Навумчык: ) “Спадар Мікола, ну вось прайшло некалькі месяцаў, на хвалях Украінскай службы нашага Радыё прагучалі новыя аўдыёзапісы, зробленыя ў свой час целаахоўнікам Мельнічэнкам, – якое цяпер стаўленьне да аўдыёзапісаў з боку уладаў?

(Тамэнка: ) “Сытуацыя істотна зьмянілася, паколькі некаторыя палітыкі заявілі, што такія размовы сапраўды былі паміж імі і прэзыдэнтам, і што гэтыя размовы цалкам адпавядаюць танальнасьці і характару палітычных гутарак Леаніда Кучмы. Былі й іншыя факты, якія пацьвярджалі аўтэнтычнасьць запісаў. І тады ўлады зьмянілі характар сваіх заяваў: яны заявілі, што, па-першае, гэта сапраўды магло быць запісана. Больш таго, Кучма заявіў, што 99 адсоткаў за тое, што гэта запісвалася ў ягоным кабінэце. Але зьмест тых запісаў быў цалкам зьменены з дапамогай тэхнічнага мантажу. Мяўляў, асобныя фрагмэнты мелі месца, але яны змантажаваныя. А праваахоўчыя ворганы цяпер заяўляюць: як бы там не было, але аўдыёзапісы ў любым разе ня могуць быць даказам, паколькі, згодна з украінскім Крымінальным кодэксам, незаконна здабытая інфармацыя не зьяўляецца юрыдычным доказам. І зь іншага боку, заяўляюць, што абнародаваньне гэтых запісаў і іх выкарыстаньне ёсьць парушэньнем Закону аб дзяржаўнай таямніцы”.

(Навумчык: ) “Цікава, а як рэагаваў афіцыны Кіеў на тое, што Мікалай Мельнічэнка і ягоная сям’я атрымалі палітычны прытулак ў ЗША?”

(Тамэнка: ) “Рэакцыя была такая, што рашэньне Дзярждэпартамэнту ЗША ёсьць умяшальніцтвам ва ўнутраныя справы Ўкраіны, і што гэта супярэчыць заканадаўству Ўкраіны, паколькі гаворка ідзе пра чалавека, які можа выдаць дзяржаўную таямніцу”.

(Навумчык: ) “Што можна сказаць пра ацэнку гэтай гісторыі ва ўкраінскім грамадзстве?”

(Тамэнка: ) “Вынікі сацыялягічнага апытаньня, праведзенага нашым інстытутам, паказваюць, што значная колькасьць людзей перакананая, што аўдыёзапісы – сапраўдныя, аўтэнтычныя. На сёньняшні дзень ва Ўкраіне 54 адсоткі насельніцтва у кантэксьце гэтай гісторыі выказваюцца за датэрміновую адстаўку прэзыдэнта Леаніда Кучмы. Аднак сёньня, наагул, можна казаць пра тое, што справа Мельнічэнкі прайшла стадыю актыўнасьці і знаходзіцца ў такой нэўтральнай паласе. Ці выбухне яна зноў як дадатковы фактар палітычнага крызысу, які мы прагназуем ўвосень, ці яна проста застанецца фактарам актывізацыі палітычнага працэсу – цяжка сказаць”.

Такім чынам, як вынікае са словаў дырэктара кіеўскага інстытуту паліталёгіі Міколы Тамэнкі, стаўленьне ўкраінскай улады да кампрамэтуючых аўдыёзапісаў эвалюцыянавала ад поўнага адмаўленьня да нежаданьня прызнаваць іх у якасьці юрыдычнага доказу. Аднак, нягледзячы на апраўданьні, гэтая гісторыя сур’ёзна паўплывала на рэйтынг украінскага прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG