Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ БЯСЬПЕЧНА ПАДАРОЖНІЧАЦЬ У ТУРЭЧЧЫНУ?


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Кожная дзяржава мае сьпіс краінаў, у якія яна з тых ці іншых меркаваньняў ня радзіць ехаць сваім грамадзянам. У Беларусі такога сьпісу няма. Таму нашыя падарожнікі почасту нават не ўяўляюць, якія нечаканасьці могуць напаткаць іх у замежжы.

Улады Турэччыны робяць усе патрэбныя захады, каб забясьпечыць спакойны і годны адпачынак гасьцям сваёй краіны. Так, з турыстычных зонаў выкрэсьленыя небясьпечныя месцы, у якіх нярэдка здараюцца землятрусы. Усходнія раёны, дзе найбольш актыўна дзейнічалі групоўкі, што дамагаюцца стварэньня незалежнага Курдыстану, афіцыйна абвешчаныя неспакойнымі і падарожнікам радзяць паўстрымацца ад паездак у гэтыя месцы. Калі ж з тых ці іншых падставаў абмінуць гэтыя раёны немагчыма, турэцкія ўлады радзяць трымацца вялікіх дарог, не падарожнічаць ноччу, пазьбягаць месцаў у якіх зьбіраюцца вялікія натоўпы і папярэдне пакідаць інфармацыю пра свой маршрут у пасольстве вашай краіны.

Апошнім часам, пасьля арышту курдзкага лідэра Аджалана, сытуацыя на ўсходзе Турэччыны супакоілася. І ўсё ж, папярэдні досьвед падказвае, што курдзкія незалежнікі актыўна спрабуюць знайсьці кантакты з замежнымі наведнікамі краіны. Таму не бярыцеся дапамагчы перадаць куды-небудзь лісты, пакеты ці іншыя рэчы. Вас могуць зьвінаваціць у дапамозе тэрарыстам.

Пры пераезьдзе ў міжгародніх аўтобусах будзьце гатовымі да таго, што паліцыя спраўджае багаж турыстаў.

Апошнім часам у Турэччыне назіраецца рост дробных злачынстваў супраць замежнікаў. У Стамбуле і іншых вялікіх местах расьце колькасьць кішэнных крадзяжоў і крадзяжоў валізак.

Высьцерагайцеся незнаёмых, якія прапаноўваюць вам пачастункі. Шмат якія рабаўнікі – людзі прыстойна апранутыя, з валоданьнем ангельскай альбо францускай мовы. У пітве і ежы, якія яны вам прапануюць, можа быць снатворнае альбо наркотыкі і тады рабунак непазьбежны. Вядомыя выпадкі, калі даверлівыя турысты паміралі ад завялікіх дозаў атруты.

Дакумэнты, каштоўныя рэчы і вялікія сумы грошай трымайце ў сэйфе гатэлю, а пры сабе майце натарыяльна завераную ксэракопію пашпарту ці іншага дакумэнту, які пацьвярджае вашу асобу.

Жанчыны мусяць быць асьцярожнымі на турыстычных узьбярэжжах Турэччыны, дзе апошнім часам узрасла колькасьць згвалтаваньняў.

У часе побыту ў Турэччыне вам спатрэбіцца мэдычная страхоўка, якая прадугледжвае эвакуацыю хворага па паветры. Пры адсутнасьці страхоўкі з вас могуць запатрабаваць аплаты гатоўкай. Апрача гэтага варта застрахаваць свой багаж, страту крэдытнай карткі, а таксама засьцерагчыся ад іншых магчымых выдаткаў і непрыемнасьцяў.

Істотны для Турэччыны момант – мэдычныя прышчэпкі. У краіне назіраецца рост інфэкцыйных хваробаў. Апрача гэтага, небясьпеку для здароўя могуць уяўляць ежа і пітво. Таму не карыстайцеся сумніўнымі кавярнямі альбо рэстарацыямі, не набывайце прадукты ў падазроных гандляроў. Пры пакупцы вады набывайце яе цэлымі пляшкамі з завадзкой закаркоўкай.

Не фатаграфуйцеся ля ваенных аб’ектаў і іншых афіцыйных установаў. Не абражайце турэцкую нацыю і нацыянальны сьцяг, ня брудзьце і ня рвіце грошай. Нецьвярозы стан, у гэтым выпадку, толькі ўзмацняе вашую віну.

Якое заўгодна дачыненьне да наркотыкаў у Турэччыне караецца некалькімі гадамі турмы.

Калі вы вырашылі узяць на пракат чоўнік, набудзьце страхоўку на водны спорт, калі машыну – праверце наяўнасьць страхоўкі на дарожна-транспартныя здарэньні.

У часе язды на машыне будзьце асабліва пільнымі. Мясцовыя кіроўцы почасту ігнаруюць правілы дарожнага руху. Чакайце раптоўных спынаў, рэзкіх, без папярэдніх сыгналаў, манэўраў.

Памятайце, што турэцкія мінакі перабягаюць дарогу без увагі на транспартны рух.

У часе начных паездак не забывайцеся, што зламаныя машыны почасту стаяць на дарозе з выключанай “аварыйкай” і без папераджальнага трохкутніка. Дадатковыя фактары рызыкі на дарогах – трактары, конныя павозкі і жывёлы.

Не перавышайце абмежаваньняў хуткасьці і не кіруйце машынай у нецьвярозым стане. Заўсёды ўжывайце паскі бясьпекі. Дзяцей перавозьце толькі ў адмысловых крэслах.

А цяпер колькі турэцкіх фразаў і словаў, якія патрэбна ведаць у часе побыту ў Турэччыне:

Гюнай дын – Добрай раніцы!
Ій гюнар – Добры дзень
Ій акшамлар – Добры вечар
Мерхаба або Міраба – Вітаю
Тамам – О кей!
Ікші – кіслы
Аджы – востры
Гюзель – прыгожа, добра…
Чок – супэр (напрыклад: чок гюзель)
Мюмкюм – Можна?
Насым Сыл – Як справы?
Чок тешекю – дзякуй, добра!
Тешекю – дзякуй
Хасап – рахунак
Лютфэн – калі ласка
Кыс – дзяўчына
Біра – піва
Бір – адзін
Экі – два
Уч – тры
Бюйюк – вялікі
Кучук – маленькі, крышачку.
Араба – аўтобус
Нередэ – дзе?
Йок – няма (праблемаў йок – няма праблемаў)
Фейнах – кепскі
Ды шара – пайшоў прэч!
Джаным – даражэнькі
Севгилим – каханы
Сэви сэвійорум – Я цябе кахаю.
XS
SM
MD
LG