Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЯНОН ПАЗЬНЯК ПОШТАЙ ДАСЛАЎ У ЦЭНТАРВЫБАРКАМ СЬПІС СВАЁЙ ІНІЦЫЯТЫЎНАЙ ГРУПЫ


Юры Сьвірко, Менск

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына на прэсавай канфэрэнцыі паведаміла, што на сёньняшні поўдзень падалі сьпісы сваіх ініцыятыўных групаў ужо 6 ахвотных балятавацца на пасаду прэзыдэнта.

Першымі гэта зрабілі беспартыйны дэпутат Вярхоўнага Савету Віктар Цярэшчанка ды лідэр Лібэральна-дэмакратычнае партыі Сяргей Гайдукевіч, групы Цэнтарвыбаркам пасьпеў ужо зарэгістраваць.

Учора свае сьпісы прынесьлі тры сябры апазыцыйнае "пяцёркі" — Павал Казлоўскі, Сямён Домаш і Сяргей Калякін.

А сёньня раніцай поштай у Цэнтарвыбаркам прыйшла заява Зянона Пазьняка, старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскае партыі БНФ. Я адразу спытаў спадарыню Ярмошыну, ці можна гэта рабіць праз пошту.

(Ярмошына: ) "Заканадаўства спэцыяльна не прадугледжвае, асабіста гэта падаецца або не", — заявіла Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтарвыбаркаму.

А вось як яна адказала на пытаньне, ці можна ўвогуле зарэгістраваць кандыдатам Зянона Пазьняка, які апошнія 5 гадоў знаходзіцца за межамі Беларусі:

(Ярмошына: ) "Пытаньне вельмі складанае, пытаньне вельмі праблемнае. Я б не хацела гэта камэнтаваць. Больш за тое, я магу сказаць: мы сёньня падрыхтавалі й дашлем запыт у Канстытуцыйны суд, каб яны далі нам тлумачэньні артыкулу 80 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэтае рашэньне будзе прымацца з улікам усіх абставін, а таксама тлумачэньняў — мы папрасілі кіраўніка ініцыятыўнае групы, таму што мы ня ведаем, як зьвязацца са спадаром Пазьняком".

Адметным быў адказ Лідзіі Ярмошынай на пытаньне пра тое, калі будзе падаваць свае сьпісы Аляксандар Лукашэнка:

(Ярмошына: ) "Ён, жадаючы, так бы мовіць, цалкам выканаць выбарчы кодэкс, наважаны падаць заяву асабіста — прывезьці яе ў Цэнтральную выбарчую камісію. Таму ён выкройвае неабходны час для прыезду й падачы дакумэнтаў. Гэта будзе ў бліжэйшы час — альбо сёньня, альбо заўтра, мне цяжка сказаць".

Старшыня Цэнтарвыбаркаму заявіла, што менавіта 14 жніўня — апошні дзень рэгістрацыі кандыдатаў, таму, на ейную думку, толькі ў гэты дзень можа пачацца агітацыйная кампанія.

Такім чынам, агітацыя з боку кандыдатаў будзе доўжыцца ўсяго тры тыдні.

Cтаршыня Цэнтарвыбаркаму таксама паведаміла, што з 11 мільярдаў рублёў, выдаткаваных на выбары, 8 мільярдаў пойдуць на патрэбы ўчастковых камісіяў.
XS
SM
MD
LG