Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕГУ ВОЛЧАКУ ПАЗВАНІЎ АЛЕГ СЛУЧАК


Вольга Караткевіч, Прага

(Волчак: ) “У пятніцу Алег мне патэлефанаваў і папрасіў прабачэньня за тое, што ён не папярэдзіў мяне, калі зьяжджаў, ды сказаў, што ўдзельнічаў ва ўсёй гэтай аперацыі. Паколькі ён тры месяцы працаваў са мною ў праваабарончай арганізацыі і паралельна таксама займаўся апэратыўнай сувязьзю ў справе зьнікненьня людзей, ён уваходзіў у склад нашай грамадзкай камісіі. Таму ягоны званок быў зроблены дзеля таго, каб увесь ціск не аказваўся на мяне, што нібыта ён мой чалавек і я яго паслаў за мяжу. Інфармацыя, атрыманая ім, была вельмі сур’ёзная. Тры тыдні раней ён папрасіў ахову з двух чалавек. Мае людзі таксама ахоўвалі яго, і яны зразумелі, што за тым опэрам, які сустракаўся з Алегам, сачылі. Мы не маглі ўстанавіць, хто гэта рабіў, якія спэцслужбы, але пазьней стала вядома, што гэты чалавек праз тры тыдні памёр пры дзіўных абставінах, аб чым Алег піша ў лісьце. Каб папярэдзіць мяне, ён патэлефанаваў і сказаў, што яны самі ўсё гэта зрабілі, і што я да гэтага ня маю ніякага дачыненьня”.

(Карэспандэнт: ) “Паводле інфармацыі, якую я зараз цытую, ня выключана, што Петрушкевіч і Случак зьвярнуліся да ўраду ЗША з просьбай аб палітычным прытулку. Ці ведаеце Вы нешта пра гэта?”

(Волчак: ) “Не, мне яны пра гэта не гаварылі. Яны проста тэлефанавалі з-за мяжы і сказалі, што пакуль ім дадзеная каманда, а кім – не сказалі, не сказалі і таго, дзе яны знаходзяцца”.

(Карэспандэнт: ) “Сёньня міністар унутраных справаў Навумаў цалкам адрынуў усе абвінавачаньні, якія ўтрымліваюцца ў лісьце, распаўсюджаным праз Інтэрнэт. Наколькі Вы давяраеце гэтай інфармацыі?”

(Волчак: ) “Я давяраю гэтай інфармацыі на сто адсоткаў. Яна падобная да ранейшых і супастаўляецца зь імі. І гэтую інфармацыю пацьвярджаюць ранейшыя заявы і адкрыты ліст ананімнага афіцэра КГБ. Таму я асабіста Алегу давяраю”.

Алег Волчак таксама паведаміў, што блізкія сьледчых – нявеста Зьмітра Петрушкевіча і жонка і малое дзіця Алега Случака – хоць і засталіся ў Менску, але знаходзяцца ў бясьпецы.
XS
SM
MD
LG