Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"ПЯЦЁРКА" АБЯЦАЕ ЛУКАШЭНКАВАЙ "ВЭРТЫКАЛІ" КАДРАВУЮ СТАБІЛЬНАСЬЦЬ


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня пяцёра апазыцыйных прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі — нагадаю, гэта Ўладзімер Ганчарык, Сямён Домаш, Сяргей Калякін, Павал Казлоўскі ды Міхаіл Чыгір — выступілі з адкрытым лістом да старшыняў абласных, гарадзкіх і раённых выканаўчых камітэтаў.

У лісьце адзначаецца: "Пасьля перамогі нашай каманды будуць забясьпечаныя спакойная атмасфэра ў грамадзтве, неабходная кадравая стабільнасьць і пераемнасьць у дзяржаўных органах, гаспадарчых структурах, пры безумоўнай павазе прафэсіяналізму й досьведу кожнага сумленнага кіраўніка, дзяржаўнага службоўца, кожнага працаўніка".

Я патэлефанаваў спадару Домашу, былому старшыні Гарадзенскага абласнога выканкаму, і спытаўся: на каго разьлічаны сёньняшні адкрыты ліст "пяцёркі"?

(Домаш: ) "На ўсіх. На ўсіх старшыняў раённага й абласнога ўзроўню. І наогул на чыноўнікаў, якія працуюць у выканаўчых органах улады ў першую чаргу".

На маё пытаньне пра лёс цяперашніх старшыняў абласных выканкамаў, прызначаных Аляксандрам Лукашэнкам, спадар Домаш адказаў гэтак:

(Домаш: ) "Я думаю, што калі яны захочуць працаваць, дык па майму разуменьню, у мяне вось сярод іх на прыкмеце ёсьць тры чалавекі. Якім я б нават прапанаваў працаваць".

(Карэспандэнт: ) "З шасьці — тры?"

(Домаш: ) "Так. Два адназначна, адзін так больш-менш пад пытаньнем. Але тым ня менш палову, я кажу, можна выкарыстоўваць. Што тычыцца, напрыклад, старшыняў раённых выканаўчых камітэтаў у Горадні той самай — там у нас 17 старшыняў, 17 раёнаў — ёсьць 10 чалавек, якім можна адназначна, хоць заўтра, прапаноўваць работу ў нармальнай, дэмакратычнай дзяржаве", — зазначыў Сямён Домаш.

Ён і яшчэ чацьвёра прэтэндэнтаў заявілі, што людзям, якія сумленна выконваюць свой прафэсійны, грамадзянскі абавязак, "абрыдлі некампэтэнтнасьць, грубасьць і свавольства, што дэманструе той, хто прысвоіў сабе права вырашаць усё ды за ўсіх, ні перад кім не адказваючы ні за што".

У заяве "пяцёркі" таксама зазначаецца: "У міжнародным пляне неабходныя разьвіцьцё не дэклярацыйнага, а рэальнага ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Расеяй у Саюзе дзьвюх сувэрэнных дзяржаў, забесьпячэньне годнага месца Беларусі ў міжнароднай супольнасьці".

Якая ж галоўная мэта сёньняшняга адкрытага ліста "пяцёркі" да Лукашэнкавай "вэртыкалі"? Вось як адказаў на гэтае пытаньне Сямён Домаш:

(Домаш: ) "Самая галоўная мэта — каб гэтыя людзі ўважліва аднесьліся пры арганізацыі выбараў, каб ня йшлі на тую фальсыфікацыю, на якую іх будзе штурхаць цяперашняя ўлада. Гэта самая галоўная мэта — каб яны паразважалі, падумалі, што яны не павінны парушаць заканадаўства", — сказаў Сямён Домаш, прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта, які, дарэчы, першы зь "пяцёркі" сёньня здаў у Цэнтарвыбаркам сьпісы сваёй ініцыятыўнай групы, якая будзе зьбіраць подпісы за ягоную рэгістрацыю кандыдатам.
XS
SM
MD
LG