Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІНІСТАР НАВУМАЎ АДКІДАЕ АБВІНАВАЧАНЬНІ СЬЛЕДЧЫХ ПРАКУРАТУРЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

"Паклёпам" назваў міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў заявы сьледчых пракуратуры Зьмітра Петрушкевіча і Алега Случака, якія сьцьвярджаюць, што ён датычны да дзейнасьці групоўкі, якая зьнішчала людзей, ня ўгодных уладзе. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар міністра Дзьмітры Партон.

Паводле ягоных словаў, міністар, калі азнаёміўся з тэкстам заявы сьледчых, быў "вельмі абураны" і ўспрыняў заявы сьледчых на свой адрас як зьнявагу. Цікава, што пры гэтым Навумаў сьцьвярджаў, быццам ня ведае супрацоўнікаў пракуратуры з прозьвішчамі Петрушкевіч і Случак. У міністэрстве не выключаюць, што будзе загад падрыхтаваць адмысловую заяву з абвяржэньнем абвінавачаньняў, у якіх "няма ні слова праўды".

Па камэнтары да вэрсіі, выкладзенай у заяве сьледчых Петрушкевіча і Случака, я зьвярнуўся да палкоўніка міліцыі ў адстаўцы, былога камандзіра Мар’інагорскай брыгады спэцназу Ўладзімера Барадача.

На ягоную думку, многія факты з заяваў сьледчых падобныя да праўды, аднак Уладзімер Барадач прапануе крытычна ставіцца да тлумачэньняў, якія даюцца гэтым фактам. У прыватнасьці, Барадач інакш тлумачыць тое, што міністар Навумаў наведвае ў турме абвінавачаных Валера Ігнатовіча і Максіма Маліка:

(Барадач: ) "Калі б я быў на ягоным месцы, каб кантраляваць сытуацыю, я б зрабіў некалькі візытаў, магчыма — каб высьветліць псыхалягічны стан абвінавачаных, даведацца, што іх турбуе і зрабіць выснову, як далей зь імі дзейнічаць".

Уладзімер Барадач выключае, што міністар перадаваў абвінавачаным нейкую інфармацыю пра сьледчых, бо няма ніякай гарантыі, што гэта ня стала б вядома. Але магчыма, што ён у нейкіх мэтах супакойвае падазраваных. Напрыклад, кажа: "Вам дадуць найвышэйшую меру, але вы не турбуйцеся, потым вас памілуюць".

Былы кіраўнік брыгады спэцназу стрымана паставіўся да зьвестак пра тое, быццам бы сьледчыя КГБ і пракуратуры замаўлялі ў Маскве нейкую сакрэтную апаратуру для пошуку целаў зьніклых у раёне Паўночных могілак.

(Барадач: ) "Такой апаратуры, якая б ідэнтыфікавала цела памерлага чалавека на глыбіні 1,5–2 мэтры, не існуе, я пра такое ня ведаю", — заявіў Радыё Свабода Ўладзімер Барадач.

Але ён ня выключыў, што знайшлі нейкія фрагмэнты целаў і патрэбна было правесьці экспэртызу. Дзеля чаго сапраўды спатрэбілася нейкая спэцыяльная апаратура, якой няма ў сілавых ведамствах.

Што тычыцца асабістага ўдзелу ў стварэньні "эскадрону сьмерці" шэрагу кіраўнікоў (нагадаю, у заяве сьледчых пералічваліся былы міністар унутраных справаў Юры Сівакоў, цяперашні міністар гэтай установы Ўладзімер Навумаў і генэральны пракурор Віктар Шэйман), то Ўладзімер Барадач не бярэцца называць канкрэтныя прозьвішчы ці нават іх абмяркоўваць. Але ён дакладна ведае, што пры стварэньні такой групы трэба было б выконваць пэўныя ўмовы. Якія?

(Барадач: ) "Безумоўна, калі гаворка ідзе пра такую групу, то пры стварэньні яе павінны абвязкова ўдзельнічаць найвышэйшыя прафэсіяналы, а па-другое — людзі, адданыя Лукашэнку", — заявіў Ўладзімер Барадач. Потым ён паправіўся і паставіў на першае месца адданасьць, а далей — прафэсіяналізм.

Барадач не сумняецца, што "эскадрон сьмерці" стваралі й кіравалі ім сапраўдныя профі — Барадач сыходзіць з таго, што сьлядоў знікненьня й знаходжаньня Захаранкі, Ганчара , Красоўскага ды і Завадзкага, фактычна, няма.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG