Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЛАДЫ МАГІЛЁВУ ІГНАРУЮЦЬ ПАТРЭБЫ ЎЦЕКАЧОЎ-АЎГАНЦАЎ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Паводле праграмы пры фінансавай падтрымцы камісара ў справах уцекачоў ААН, Магілёўскі аблвыканкам павінен быў стварыць інтэрнат для перасяленцаў. На гэтыя патрэбы ўплывовая міжнародная арганізацыя выдзяліла 25 тысячаў даляраў.

Празь нейкі час кіраўнікі камітэту па справах эміграцыі запрасілі аўганцаў на навасельле. Больш як 10 уцекачоў з Аўганістану спачатку ўспрынялі гэтую навіну з аптымізмам. Рэч у тым, што даведка, якая выдаецца замест віду на жыхарства, несапраўдная без прапіскі. Засяленьне ў інтэрнат дазволіла б ім атрымаць прапіску і прэтэндаваць на статус грамадзяніна Беларусі.

Даведаўшыся, што ўлады арандавалі пакоі ў інтэрнаце для асуджаных па вуліцы Лазарэнкі, мігранты адмовіліся туды ўяжджаць і запатрабавалі новае памяшканьне. Не задаволілі іх і сацыяльныя ўмовы пражываньня.

Як сьцьвярджаюць уцекачы, адразу пасьля адмовы іх затрымалі міліцыянты і пагражалі дэпартаваць на радзіму. Па дапамогу яны зьвярнуліся ў АБСЭ. Вось як тлумачыць матывы такога ўчынку ініцыятар звароту Сарвары Джан Аўган:

(Аўганец: ) "Умовы жыцьця аўганцаў складаныя, яны жывуць у аднапакаёвых кватэрах, дзе вельмі мокра. Амаль палова зь іх пражывае на першым паверсе. Умоваў працы таксама няма, яны працуюць нелегальна, амаль палова працуе на азэрбайджанцаў. Дакумэнтаў яны ня маюць.

Таму ААН аказала дапамогу, каб уцекачы атрымалі жыльлё і дакумэнты. Камітэт працы і эміграцыі на гэтыя грошы выдзеліў інтэрнат, засяліцца куды ўцекачы на пагадзіліся — там крымінальны раён, а ўмовы жыцьця яшчэ горшыя за тыя, што цяпер у кватэрах".

Ціск на жыхароў Аўганістану па-ранейшаму працягваецца. У іншых памяшканьнях яны ня могуць атрымаць прапіскі, безь якой немагчыма працаваць і атрымліваць бясплатную мэдычную дапамогу. Іх выклікаюць супрацоўнікі пашпартных сталоў і пагражаюць дэпартацыяй — у гэтых умовах губляюць надзею ня толькі яны, але і іхныя сваякі.

Вось што кажа з гэтай нагоды жонка Джана Аўгана Людміла Сарвары:

(Сарвары: ) "Усе спадзяваньні губляем. На радзіме мужу пагражае сьмяротнае пакараньне. Але тут ён ня мае ні работы, ні жыльля. Таму ён думае вяртацца на радзіму і спадзяецца на лёс і божую літасьць. Ніякай сацыяльнай абароненасьці наша сям'я не адчувае".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG