Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРЭЗЫДЭНТ БУШ – У ЭЎРОПЕ


Мікола Іваноў, Прага

Шасьцідзённы візыт Буша вельмі насычаны падзеямі. У Брусэлі ён будзе ўдзельнічаць у сустрэчы з прадстаўнікамі краінаў-сяброў НАТА. У Гётэборгу ён прыме ўдзел у саміце лідэраў ЭЗ. У Любляне правядзе перамовы з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным.

Невыпадкова, што першы прыпынак у сваім падарожжы Джордж Буш зрабіў у Гішпаніі, дзе ён разам з жонкаю быў прыняты ў каралеўскім палацы каралём Хуанам Карласам. Пазьней ён накіраўся ў раён Таледа на перамовы з прэм’ер-міністрам Хозэ Марыя Азнарам.

Газэта International Herald Tribune адзначае, што гэта сымбаль росту ўплываў гішпанамоўных грамадзянаў ЗША, а таксама сымпатыяў, якія мае Буш у дачыненьні да кансэрватыўных поглядаў прэм’ер-міністра Гішпаніі Хозэ Марыя Азнара. На перамовах з Азнарам будуць закранацца праблемы Паўднёвай Амэрыкі, а таксама адносіны Белага Дому да сьмяротнага пакараньня. У камэнтары газэты адзначаецца, што выкананьне сьмяротнага прысуду Тымоты Маквею, які падклаў бомбу ў Аклахома Сыты і забіў 168 асобаў, якраз напярэдадні візыту Буша ў Эўропу было вельмі несвоечасовае.

Практычна ў кожнай краіне, куды накіроўваецца Буш, яго будуць сустракаць дэманстранты-праціўнікі сьмяротнага пакараньня і антыглябалісты. У Гётэборг, дзе Буш будзе ўдзельнічаць у саміце ЭЗ, зьбіраецца прыбыць да 20 тыс. маніфэстантаў.

Швэдзкі ўрад мае падвойны падыход да гэтых пратэстаў. З аднаго боку дзеля захаваньня парадку мабілізуюцца значныя сілы арміі і паліцыі, з другога – гарадзкія ўлады далі загад адчыніць школы дзеля таго, каб у іх маглі бясплатна начаваць праціўнікі глябалізацыі.

Найбольшую і найлепей арганізаваную групу маніфэстантаў складаюць прыхільнікі экалягічнай арганізацыі Greenpeace, якія зьбіраюцца арганізаваць на вуліцах Гётэборгу адкрыты судовы працэс над Бушам, якога яны называюць “экалягічным злачынцам”.

Некаторыя палітычныя камэнтатары адзначаюць у сувязі з гэтым, што шмат хто ў Эўропе разглядае палітыку ЗША ў галіне экалёгіі як хамскія паводзіны адзінай супэрдзяржавы, насельніцтва якой складае толькі 4 % насельніцтва Зямлі, але якая прадукуе 25% шкодных выкідаў у атмасфэру.

У Брусэлі на саміце прадстаўнікоў краінаў НАТА Джордж Буш зьбіраецца пераканаць сваіх натаўскіх саюзьнікаў у неабходнасьці разгортваньня амэрыканскай нацыянальнай супрацьракетнай сыстэмы. Некаторыя краіны НАТА баяцца, што стварэньне гэтай сыстэмы можа падзяліць НАТА на некалькі зонаў бясьпекі. Буш жа хоча паабяцаць сваім саюзьнікам, што новая сыстэма будзе аднолькава бараніць усіх сяброў НАТА.

Напярэдані свайго падарожжа ў Эўропу прэзыдэнт Буш таксама выказаўся на тэму сваіх перамоваў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімерам Пуціным, якія адбудуцца ў сталіцы Славеніі Любляне. Ён хоча дасягнуць, каб паміж ЗША і Расеяй не было ніякай напружанасьці. Але Расея, на ягоную думку, павінна прызнаць, што дагавор аб супрацьракетнай абароне 1972 году страціў актуальнасьць, і што патрэбныя новыя міжнародныя пагадненьні.
XS
SM
MD
LG